Каб вада не стала бядой.
Лета паступова ўступае ў свае правы. Нягледзячы на афіцыйнае адкрыццё купальнага сезона, надвор’е пакуль не дазваляе камфортна адпачываць на вадаёмах. Тым не менш першыя ахвяры вады ўжо ёсць... У прыватнасці, у садовым таварыстве ў Віцебскім раёне 24 мая патанула дзіця. Хлопчык 2018 года нараджэння разам з кампаніяй дзяцей адправіўся да вадаёма, дзе і адбылася трагедыя.
Наперадзе — гарачыя выхадныя. Таму рэкамендуем прыслухацца да парад ратавальнікаў.
Дзеці — пад пільным кантролем!
- З пачатку года ў вадаёмах краіны патанулі 87 чалавек. Сярод іх — двое дзяцей. Летась вада забрала жыцці 19 непаўналетніх.
«Як вядома, больш за іншых да небяспекі схільныя дзеці, — звяртае ўвагу намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Менавіта таму, адпраўляючыся з дзецьмі на вадаём, растлумачце ім, як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду. Не выпускайце іх з-пад увагі. Заўсёды будзьце напагатове, бо дапамога можа спатрэбіцца малому ў любы момант. Не забывайце і пра тое, што дзіця бярэ прыклад менавіта з вас, таму ў першую чаргу строга выконвайце правілы паводзін на вадзе самі!
Не дапусціць, каб бяда прыйшла ў вашу сям’ю, — задача кожнага дарослага, які павінен загадзя паклапаціцца аб тым, каб дзеці праводзілі канікулы не толькі цікава і карысна, а яшчэ і бяспечна. Самае простае — не адпускайце на вадаёмы дзяцей без дарослых, нават калі непаўналетнія дагэтуль хадзілі туды самі і добра ўмеюць плаваць. Здараюцца трагедыі і ў прысутнасці дарослых. Як правіла, гэта адбываецца тады, калі апошнія замест таго, каб назіраць за дзецьмі, праводзяць час за спажываннем алкаголю.
Не варта расслабляцца і на тэрыторыі ўласнага домаўладання. На жаль, тонуць дзеці і ў штучных вадаёмах, размешчаных каля хаты, і нават у невялікіх надзіманых басейнах, што сталі неад’емнай часткай прысядзібнага ландшафту. У такім выпадку дарослыя павінны абмеркаваць з дзецьмі правілы паводзін на вуліцы, не забываючыся пры гэтым пра асабісты рэгулярны кантроль.
Што рабіць, калі сутарга і вір?
На жаль, элементарнымі правіламі бяспекі на вадаёмах грэбуюць дарослыя, не кажучы ўжо пра дзяцей. Адна з прычын няшчасных выпадкаў — пачуццё меры, якое многія губляюць, забываючы, што доўгае знаходжанне ў вадзе прыводзіць да пераахаладжэння арганізма.
«Калі вы адчулі дрыжыкі, трэба неадкладна выйсці на бераг і зрабіць кароткую, але энергічную прабежку, — рэкамендуе Анастасія Швайбовіч. — Працягласць купання залежыць ад тэмпературы паветра і вады, сілы ветру. Не нырайце з разбегу, заходзьце ў ваду паступова, каб даць целу прызвычаіцца да перападу тэмператур і пазбегнуць спазмаў крывяносных сасудаў. Калі вы шмат часу правялі на сонцы, не спяшаецеся заходзіць у ваду: адыдзіце ў цень, астыньце і толькі потым ідзіце плаваць. Не варта купацца на галодны страўнік ці адразу пасля прыёму ежы»
- Ні ў якім разе нельга заходзіць у ваду падчас навальніцы! Не варта адплываць далёка ад берага на надзіманых матрацах і кругах. Калі плаваеце дрэнна, трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дакрануцца да дна нагамі.
Даволі часта падчас плавання канечнасці зводзіць сутарга. Яна можа ўзнікнуць калі заўгодна і дзе заўгодна, таму гатовым трэба быць заўсёды. Калі вы адчулі, што звяло нагу (часцей за ўсё ікраножную мышцу) — не панікуйце і не губляйцеся. Ратавальнікі раяць зрабіць глыбокі ўдых, акунуцца пад ваду з галавой, моцна ўхапіць рукой вялікі палец і пацягнуць ступню на сябе, пакуль нага не выпрастаецца цалкам. Затым адразу ж плывіце да берага.
Яшчэ адна небяспека, якая здараецца на вадзе, — вір. У такім разе варта набраць пабольш паветра ў лёгкія, паглыбіцца ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок плыні, усплыць на паверхню. Калі ж вы патрапілі ў моцную плынь, не плывіце супраць яе: выкарыстоўвайце плынь, каб наблізіцца да берага.
Перашкодзіць купанню могуць таксама зараснікі багавіння. Заблытацца ў іх — справа, вядома, не зусім прыемная, аднак справіцца з раслінамі нескладана. Трымаючыся на плаву, спакойна падцягніце ногі і асцярожна вызваліцеся.
Нярэдка да гібелі на вадзе прыводзіць алкаголь. У нецвярозым стане людзей цягне на подзвігі. Не разлічыўшы ўласныя сілы, яны заплываюць на далёкія адлегласці і не ў стане ўжо вярнуцца да берага. Яшчэ адна памылка плыўцоў — купанне ў месцах, дзе гэта забаронена. У першую чаргу рызыка звязана з неабследаваным дном, якое ўяўляе небяспеку, і адсутнасцю ратавальнікаў або супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах. Адпачываючы на вадаёмах, дзе дзяжураць гэтыя спецыялісты, людзі ў любы момант могуць разлічваць на дапамогу.
Не праходзьце міма!
Калі, не дай бог, вы пачалі тануць, галоўнае ў такой сітуацыі — не панікаваць. Вядома, трымаць сябе ў руках вельмі складана, аднак неабходна. Варта супакоіцца, перавярнуцца на жывот або на спіну, раскінуць як мага шырэй рукі і ногі — так вы ўсплывяце на паверхню. Рукамі злёгку заграбайце ваду пад сябе, гэта таксама дапаможа заставацца на плаву. Трохі адпачыўшы, плывіце да берага.
«Сцвярджэнне, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў, дзейнічае не заўсёды, — адзначае намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС. — У пэўны момант ратаванне тапельцаў можа стаць справай вашых рук, і вы да такога павароту падзей павінны быць гатовы. Спачатку паклічце на дапамогу іншых людзей або ратавальнікаў, калі такія ёсць побач. Кіньце таму, хто тоне, ратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы. Калі ёсць лодка, то падплывіце да чалавека на ёй і паспрабуйце дапамагчы. Калі ж вы плаваеце добра і ўпэўнены ў сваіх сілах, паспрабуйце дабрацца да гора-плыўца самастойна. Наблізіўшыся, абхапіце яго ззаду за плечы і паспрабуйце пазбегнуць сутаргавых спроб ухапіцца за вас, плывіце з пацярпелым назад. Калі ж тапелец без прытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукой пад падбародак такім чынам, каб яго твар увесь час знаходзіўся над паверхняй вады. Папрасіце людзей, якія знаходзяцца побач, выклікаць хуткую. Па магчымасці прыступіце да аказання першай дапамогі»
- Днямі ў Смаргоні відавочца выратаваў з вады жанчыну. Ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў гарадскім парку ў рацэ Оксне тоне жанчына. Падраздзяленні МНС неадкладна накіраваліся да месца здарэння. Да іх прыбыцця на дапамогу жанчыне прыйшоў відавочца. Іван Балыш пасля расказаў, што адпачываў з сям’ёй у парку, калі пачуў, што ў раку ўпаў чалавек. Не разважаючы, мужчына кінуўся на дапамогу. Тым часам яго жонка выклікала брыгаду хуткай дапамогі і паведаміла аб тым, што здарылася, праваахоўнікам. Мужчына выцягнуў пацярпелую на бераг. Жанчыну шпіталізавалі.
ЗАБАРАНЯЕЦЦА:
- пакідаць дзяцей без нагляду каля вады;
- заплываць за знакі агароджы і папераджальныя знакі;
- купацца і ныраць у забароненых і невядомых месцах;
- купацца ў стане алкагольнага ап’янення;
- скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, катараў, лодак, плытоў;
- дапускаць свавольствы, звязаныя з ныраннем і захопам канечнасцяў тых, хто купаецца, узбірацца на буі, іншыя тэхнічныя збудаванні;
- падаваць ілжывыя сігналы бедства;
- перамяшчацца ў лодцы з месца на месца пры катанні;
- выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвёны, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын, іншыя дапаможныя сродкі;
- забруджваць і засмечваць вадаёмы.
Вераніка КАНЮТА.
Фота з адкрытых крыніц.