Top.Mail.Ru

Што трэба ведаць, каб не стаць ахвярай злачынства

Тэлефонныя махляры і інтэрнэт-ашуканцы не спыняюць спроб залезці ў кашалёк нашых грамадзян. Калі адна схема не працуе, прыдумляюць іншую. Аднак, па сутнасці, спосабы падману застаюцца ўсё тымі ж. Мяняюцца толькі нагоды, з якімі да грамадзян звяртаюцца лжэміліцыянеры, псеўдаследчыя, выдуманыя работнікі банкаў, іншых дзяржаўных структур.


Пад прыцэлам — псіхалагічны стан

Калі ў 2021–2022 гадах сярод відаў махлярства пераважалі званкі пад так званай назвай «Алё, мама, я трапіў у бяду!», то цяпер, як правіла, на сувязь выходзяць псеўдаспецыялісты энергазбыту, мабільных аператараў. Спачатку яны выведваюць асабістыя даныя, затым паступае іншы званок — быццам бы ад праваахоўнікаў, якія прапаноўваюць паўдзельнічаць у спецаперацыі па вышуку махляроў. Апошнімі, па легендзе ашуканцаў, з’яўляюцца тыя ж супрацоўнікі энергазбыту або мабільных аператараў, з якімі грамадзяне падзяліліся сваёй персанальнай інфармацыяй.

— Прапаноўваючы аказаць дапамогу ў так званых спецаперацыях, махляры працуюць на свядомасць чалавека, які, па іх меркаванні, павінен адгукнуцца на дапамогу прыцягнуць вінаватых да адказнасці, — звяртае ўвагу намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Андрэй Арлоўскі. — У выніку дзеля «садзейнічання» праваахоўным органам грамадзяне бяруць крэдыты. Што датычыцца званкоў «Алё, мама!», якія хоць і радзей, але ўсё роўна працягваюць паступаць, — гэта таксама адзін са спосабаў вывесці чалавека з раўнавагі. Калі людзі чуюць, што іх блізкі чалавек трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне, імкнуцца прыйсці на дапамогу. Натуральна, на эмоцыях нямногія ставяць усё гэта пад сумненне. Хоць у выніку, калі ўжо разумеюць, што трапілі на хітрасць махляроў, кажуць, што голас чалавека, які ім тэлефанаваў, не быў падобны на голас сваяка. Эмацыянальны фон у людзей настолькі парушаны, што яны вераць усяму, што ім кажуць, і не думаюць аб наступствах.

Гэтым і карыстаюцца ашуканцы. Выкарыстоўваючы псіхалагічныя прыёмы ўздзеяння, яны выводзяць чалавека на эмоцыі, каб ён не мог аб’ектыўна ацэньваць свае дзеянні, патэлефанаваць сваім родным і ўдакладніць, ці сапраўды яны трапілі ў бяду. Махляры, дарэчы, такой магчымасці не даюць: пастаянна трымаюць патэнцыяльных ахвяр на сувязі, запалохваюць, калі тыя звяжуцца са сваякамі. На жаль, ва многіх выпадках людзі разумеюць, што іх падманулі толькі ўжо пасля таго, як аферысты завалодаюць іх зберажэннямі.

Заніжаны кошт — нагода задумацца

Людзі настолькі прызвычаіліся да віртуальнага шопінгу, што часам нават лянуюцца выйсці ў краму за элементарным наборам прадуктаў. Націснуў кнопачку — і табе не толькі прапануюць патрэбны тавар, а яшчэ даставяць яго па патрэбным адрасе. Гэтым пачалі карыстацца і махляры, у якіх стала больш інструментаў для ажыццяўлення сваіх злачынных схем. Адна з найбольш папулярных — продаж тавараў, якія не існуюць, у інтэрнэце па заніжаных коштах. Зразумела, так закладзена прыродай, што чалавек імкнецца купіць нешта танней. Але трэба памятаць прымаўку пра бясплатны сыр і некалькі разоў пераправяраць інфармацыю. Асабліва павінна насцярожыць просьба аб перадаплаце, а тым больш — аб стопрацэнтнай аплаце.

«Адбываецца ўсё максімальна аператыўна: чалавек павінен хутка выканаць патрабаванні псеўдапраўдаўцоў, бо інакш застанецца без тавару, — заўважае намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама. — Элемент паскоранасці прысутнічае ва ўсіх злачынных схемах. Хутка перавесці грошы „арганізатарам спецаперацыі“, іначай прыйдзе міліцыя з вобыскам. Хутка перадаць зберажэнні кур’еру, інакш непазбежна крымінальная справа ў адносінах да сваякоў, якія быццам бы трапілі ў ДТЗ. Структура — адна, прычына і нагода размовы — розныя. Вынік, якога дасягаюць злачынцы, — даведацца ўсю інфармацыю і на яе аснове атрымаць грашовыя сродкі».

Праваахоўнікі папярэджваюць: пры набыцці тавараў у інтэрнэце варта пераправяраць дамены, старонкі, адрасы. Ні ў якім разе не пераводзьце грашовыя сродкі на незнаёмы сайт у надзеі, што авось пранясе. Не ўпэўнены — пераправерце. Пачытайце, нарэшце, водгукі аб тым ці іншым маркетплэйсе.

Псеўдабіржы і іх кліенты

Адзін з апошніх трэндаў, які навязваецца аферыстамі, — хуткае ўзбагачэнне праз біржу. Прывабліваюць тым, што, уклаўшы пэўную колькасць фінансавых сродкаў, чалавек атрымае добры прыбытак. Першапачаткова размова ідзе аб невялікіх сумах: нават калі чалавек і сумняваецца ў сапраўднасці такога заробку, то рызыкаваць асабліва няма чым. У выніку грамадзяне пераводзяць грошы на падменны сайт — прыбытак расце. Так наўмысна робіцца для таго, каб паказаць, што такім чынам сапраўды можа зарабіць. Пры гэтым на пэўным этапе махляры дазваляюць вывесці пэўную суму. У выніку людзі з даверам ставяцца да такога спосабу заробку і павялічваюць сумы ўкладанняў. На пэўным этапе злачынцы блакіруюць сайт і ўсе грашовыя сродкі сыходзяць ім.

На такія хітрыкі ашуканцаў ужо двойчы трапіла пажылая жыхарка сталіцы. 80-гадовая пенсіянерка адгукнулася ў інтэрнэце на аб’яву аб «выплатах насельніцтву». З ёй неадкладна звязаўся «кансультант» і растлумачыў, што грошы можна атрымаць шляхам таргоў на біржы. Пацярпелая перавяла для пачатку тры тысячы рублёў, пасля чаго ёй паведамілі, што сродкі нібыта заблакіраваныя, але хвалявацца не варта, неабходна крыху пачакаць. Не жадаючы губляць часу, мінчанка знайшла аб’яву аб інвесціраванні ў акцыі «Газпрама» і пры падтрымцы псеўдакансультанта пачала новыя таргі. З кожным наступным унёскам яе пераконвалі, што прыбытак павялічваецца і трэба працягваць укладваць.

У выніку за некалькі дзён пацярпелая адправіла зламыснікам амаль 50 тысяч рублёў. Пра тое, што яе падманулі, жанчына даведалася толькі тады, калі звярнулася да сваячкі з просьбай заняць крыху грошай, каб вывесці заробленае з біржы. Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за махлярства.

Своечасовы зварот у міліцыю — гарант вяртання грошай

Улічваючы такія негатыўныя тэндэнцыі, калі грамадзяне пераводзяць грошы махлярам, канкрэтныя меры прынялі і банкаўскія ўстановы. Па-першае, цяпер заблакіравана магчымасць пераводу грашовых сродкаў за мяжу. Па-другое, папаўненне нават уласнага рахунку з нядаўняга часу ажыццяўляецца толькі па прад’яўленні пашпарта. Па-трэцяе, банкаўскі супрацоўнік некалькі разоў папярэджвае чалавека, які імкнецца аформіць крэдыт, што ён можа рабіць гэта пад уздзеяннем трэціх асоб. На жаль, не ўсе прыслухоўваюцца. І калі прыходзіць усведамленне аб здзейсненым, нярэдка бывае ўжо позна.

Адзін са свежых прыкладаў. Пажылы мужчына зняў усе свае зберажэнні і хацеў перавесці махлярам. Банкаўскія супрацоўнікі папярэдзілі яго аб наступствах, удакладнілі, можа, ён збіраецца гэта зрабіць пад уздзеяннем трэціх асоб. Але мужчына не паддаваўся аргументацыі і паспеў перавесці пэўную суму. Хацеў больш, але не атрымалася дзякуючы прапанаванаму банкам інструменту — ліміту на суму, звыш якой перавод не можа быць ажыццёўлены. Астатнюю суму ў мужчыны забраў кур’ер. Пашанцавала, што сваякі пенсіянера зразумелі, што ён знаходзіцца пад уздзеяннем трэціх асоб і своечасова паведамілі ў міліцыю. Кур’ер быў затрыманы, грошы ўдалося вярнуць.

«Самая асноўная праблема — нашы грамадзяне чамусьці думаюць, што гэта іх ніколі не закране, — звяртае ўвагу Андрэй Арлоўскі. — А другая — несвоечасова звяртаюцца ў органы ўнутраных спраў. Чым хутчэй пацярпелы звернецца ў міліцыю, тым большая верагоднасць таго, што злачынцы будуць затрыманы, а грашовыя сродкі атрымаецца вярнуць. Усе інструменты для гэтага ў нас ёсць».

Пры кожнай нестандартнай сітуацыі праваахоўнікі рэкамендуюць спыніць размову і патэлефанаваць у міліцыю. «На любое паведамленне такога характару будзе арганізавана суправаджэнне: без розніцы днём ці ноччу, — падкрэслівае падпалкоўнік міліцыі. — Чалавечнасць і дапамога — самая галоўная задача, якая стаіць перад намі. Важна, каб людзі сярэдняга ўзросту як мага часцей нагадвалі пажылым людзям аб ашуканцкіх схемах, падкрэсліваючы, што ніхто, акрамя махляроў, удакладняць пашпартныя даныя па тэлефоне не будзе, бо ў нас ёсць Закон «Аб абароне персанальных даных».

Навідавоку, што трансфармацыя схем злачыннасці — гэта ў тым ліку вынік эфектыўнай работы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Аднак расслабляцца не варта. Трэба быць гатовымі да таго, што могуць з’явіцца новыя спосабы махлярства. Таму калі вы сутыкнуліся з нечым незнаёмым, то лепш пераправерыць, чым прадпрымаць канкрэтныя дзеянні, аб якіх потым будзеце шкадаваць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю