Top.Mail.Ru

Што такое «рубель» і чаму нельга доўга купацца

Цікавыя вясковыя звычаі ўспрымаюцца цяпер як казка. Але ж гэта частка нашай культурнай спадчыны


Напэўна, яшчэ да канца 60-х гадоў, пакуль «парадак вялі» людзі, што нарадзіліся яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя і раней, у сем’ях трымаліся тых традыцыі, якія складваліся стагоддзямі і перадаваліся наступным пакаленням як спрадвечныя маральныя законы, за парушэнне якіх магло быць пакаранне. Напрыклад, старэйшыя людзі казалі, што нельга лаяцца матам, маўляў, пад такім чалавекам зямля гарыць на 5 метраў углыб (цікава, а ці не дзякуючы такому павер’ю ўзнік выраз «зямля гарыць пад нагамі»?).

Найперш вучылі павазе да бацькоў і старэйшых. Пры сустрэчы з імі трэба было здымаць шапку, вітацца. Тое ж трэба было рабіць і калі заходзіш да некага ў хату. А да ўласнага дому была асаблівая павага. У хаце нельга было гаварыць нічога непрыстойнага. Адсюль і выраз: «Сказаў бы — ды печ у хаце».

На жаль, са звычаямі, традыцыямі адыходзілі і некаторыя словы. Яшчэ да 80-х гадоў у нас казалі не «гром», а «Пярун стукнуў». А хіба 20-гадовыя ведаюць, што такое «рубель»? Гэта прылада для ўціскання сена на возе (жордка з засечкамі з двух канцоў для вяроўкі).

Хочацца згадаць некаторыя забароны, на якіх, па сутнасці, раней выхоўваліся, праз якія нашы продкі перадавалі свой светапогляд, вопыт, наказы. Памятаеце, як малымі чулі, што нельга кідацца хлебам. Лічылася гэта вялікім грахом, за правіну была пагроза застацца без хлеба. Нельга было пакідаць недаедзены акрайчык — казалі: «па старцах пойдзеш». Перад тым як пасадзіць хлеб у печ, на ім, сырым, рабілі выяву крыжа. А перад тым як парэзаць бохан гатовага хлеба, яго трэба было перахрысціць. Пазычаць некаму дзяжу ці хлебную лапату было нельга — гэта як хлеб аддаць. Лічылася, што той, хто просіць, звяртаецца са злым намерам. А вось закваскай падзяліцца было можна. Калі хлеб сядзеў у пячы, нельга было стукаць дзвярамі і нават адчыняць іх — каб не асеў і не быў глёўкім. Напэўна, і сёння многія ведаюць, што нельга бохан класці дагары — за гэтым правілам стаяў цэлы светапогляд: перавернутасць звязвалі з суадносінамі з нячыстай сілай.

Праз забароны прапісваліся правілы паводзін, як сёння кажуць, бяспечнай жыццядзейнасці. Дзяцей пужалі, што нельга доўга купацца, бо з пятай кропкі вярба вырасце (відаць, малых хацелі засцерагчы ад небяспекі, каб з імі нічога дрэннага на вадзе не здарылася). Перасцярога — і наказ не трапляць у вір (маўляў, у ім чорт лётае, напускае галаўны боль і ламату ў касцях).

Раней сачылі, каб дзіця не клалася спаць, калі заходзіць сонца, бо так скарачаецца век чалавека. Забаранялася вопратку зашываць на сабе — «так і розум зашыеш». Хіба што можна было ў такім выпадку ў зубы ўзяць гузік ці яшчэ які прадмет. Калі стрыгчы пазногці ў панядзелак — не будзе грошай ( лепш гэта рабіць на маладзіку ў чацвер). Сядзець на рагу стала — не будзе долі. Наліваць ці падаваць «наотлеў» (ад сябе, налева) — да нястачы. Голай рукой змятаць крошкі са стала — будуць «наставаць» людзі, пляткарыць, а на стале будзе пуста. Выносіць смецце ў Каляды — куры будуць драць чужыя агароды...

Вядома, цяпер ужо ніхто так не робіць, але ж ведаць цікава, праўда?

Соф’я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю