Мобінг — гэта булінг у адносінах да дарослых. Звычайна ён узнікае там, дзе людзі праводзяць шмат часу і дзе ёсць іерархія падпарадкавання. Гэта можа адбывацца ў працоўным калектыве, студэнцкіх групах і нават у сям’і. БелТА даведалася ў старшага выкладчыка кафедры андрагогікі факультэта дадаткова прафесійнай адукацыі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра Пахомчыка, як зразумець, што вы сталі ахвярай мобінгу, і што рабіць у падобных сітуацыях.
Тыповыя сітуацыі
Булерам у працоўным калектыве можа аказацца начальнік, які прыніжае падначаленага, радзей адбываецца цкаванне супрацоўнікамі некампетэнтнага кіраўніка, сустракаецца мобінг сярод калег. Нагодамі могуць стаць абсалютна розныя прычыны: ад зайздрасці і жадання пазбавіцца ад канкурэнта да нейкіх асаблівасцяў канкрэтнага чалавека. Формамі цкавання могуць быць пастаянная крытыка, сацыяльная ізаляцыя або байкот, распаўсюджванне плётак, сабатаж працы, неабгрунтаваныя абвінавачванні, крадзеж ідэй.
«Акрамя гэтага, нельга выключаць і лічбавае асяроддзе: сацыяльныя сеткі, прафесійныя пляцоўкі, форумы, дзе можна пакідаць водгукі. Тут цкаванне можа ажыццяўляцца праз каментарыі, асабістыя паведамленні, публікацыі зневажальнага кантэнту, у тым ліку з выкарыстаннем ШІ. Можна адзначыць тут падабенства з кібербулінгам. Асобнай увагі заслугоўваюць інтэрнэт-супольнасці і хобі-групы. Як прыклад можна прывесці геймерскія чаты, форумы па інтарэсах, групы бацькоў у месенджарах. Тут цкаванне ажыццяўляецца звычайна за неадпаведнасць негалосным правілам калектыву», — тлумачыць эксперт.
З цкаваннем можна сутыкнуцца і ў ВНУ — як ад сакурснікаў, так і ад выкладчыкаў. Мобінг таксама сустракаецца з боку сваякоў або суседзяў (выяўляецца праз сістэматычныя скаргі, псаванне маёмасці, абразы, паклёп).
Чым мобінг адрозніваецца ад булінгу ў школе?
Аляксандр Пахомчык адзначыў, што дарослыя ў адрозненне ад дзяцей радзей выкарыстоўваюць фізічны гвалт, часцей ужываюць псіхалагічны ціск, маніпуляцыі і прафесійны сабатаж, дыскрэдытацыю, інфармацыйную блакаду, пасіўную агрэсію, газлайтынг, злоўжыванне ўладай.
«Калі мы гаворым пра булінг сярод непаўналетніх, то такія паняцці, як статус, улада, з’яўляюцца яшчэ не да канца сфарміраванымі. Цкаванне спараджаецца нудой, перайманнем або асабістай непрыязнасцю. Пры гэтым сам працэс часта менш усвядомлены і звязаны больш з эмоцыямі і іерархіяй у групе, з тым, каб „самазацвердзіцца“. Але калі мы гаворым пра мобінг, то гэта ўжо іншая гісторыя. Тут матыватарамі цкавання выступаюць кар’ерная канкурэнцыя, зайздрасць, захаванне ўлады, страх перад вышэйшым кіраўніцтвам, эканамічная выгада. І амаль заўсёды ў дарослых прысутнічае рацыянальны, цынічны разлік», — падкрэслівае спецыяліст.

Як зразумець, што вы — ахвяра?
Калі вас сістэматычна зневажаюць або высмейваюць у прысутнасці іншых, на гэта неабходна звярнуць увагу. Аднак таксама ахвяру могуць наўмысна ізаляваць: не запрашаць на агульныя сустрэчы, не ўлічваць меркаванне, ігнараваць паведамленні ў чатах. Часам інструментам мобінгу становяцца плёткі і чуткі. Асабістыя межы ахвяры пастаянна парушаюцца: яе груба крытыкуюць за лад жыцця, знешнасць, рашэнні, даюць няпрошаныя парады з прыніжальным падтэкстам, робяць вінаватым у няўдачах калектыву.
«Калі вы апынуліся ў падобным становішчы, то ў вас нават могуць праявіцца псіхасаматычныя сімптомы перад сустрэчамі з групай: млоснасць, бяссонніца, пачашчанае сэрцабіцце, панічныя атакі, трывога. А самаацэнка рэзка падае пры сустрэчы з калектывам», — адзначыў спікер.
Што рабіць, калі сутыкнуліся з мобінгам?
Першы крок, па словах эксперта, — зразумець, што з вамі адбываецца мобінг. «Гэта не вы «праблемны супрацоўнік», а праводзіцца мэтанакіраваная кампанія. Яе мэта — прымусіць вас сысці «па ўласным жаданні». Спыніце вінаваціць сябе, гэта палітыка калектыву або кіраўніцтва, а не ваша асабістая няўдача. Памятайце: у дарослым жыцці ў вас ёсць свабода выбару асяроддзя. Няма такога абавязку — цярпець знявагі дзеля захавання калектыву», — звярнуў увагу Пахомчык.
Дзейнічаць у такіх выпадках трэба стратэгічна і стрымана, захоўваючы прафесіяналізм. Задача — збіраць факты і дзейнічаць па правілах. На працы можна звярнуцца да так званых унутраных дзеянняў — прама пагаварыць з агрэсарам, звярнуцца ў HR-аддзел або прафсаюз, да вышэйшага кіраўніцтва. Наступны ўзровень — знешнія дзеянні і абарона (юрыдычная кансультацыя, зварот у Міністэрства працы і сацабароны).
Пры мобінгу не варта трываць, адказваць агрэсіяй на агрэсію, скардзіцца калегам. «Часам перамога — звольніцца і сысці ў іншую кампанію, захаваўшы здароўе. Цкаванне сярод дарослых — гэта амаль заўсёды прыкмета глыбокай няспеласці, зайздрасці або ўнутраных канфліктаў у самой групе. Сыход — усвядомлены выбар на карысць свайго дабрабыту. Часам самая магутная зброя — гэта пазбавіць агрэсара магчымасці да вас дацягнуцца», — падкрэсліў Аляксандр Пахомчык.