Top.Mail.Ru
378

Што сёння абмяркоўваюць у маладзёжным асяроддзі

Адной з самых важных падзей мінулага года стала правядзенне Усебеларускага народнага сходу. Краіна прыняла Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў. У падмурак гэтай праграмы былі закладзеныя бяспека, стабільнасць, эканамічны рост і сацыяльныя гарантыі. Асобнае і асаблівае месца было адведзена адукацыі. Пра агульнасць у падыходах УНС, навучання і выхавання моладзі, ініцыятывах галоўнай ВНУ краіны для стратэгіі развіцця Беларусі расказаў дэлегат УНС, рэктар БДУ прафесар Андрэй КАРОЛЬ.


Неабходнасць, прадыктаваная часам

— УНС мае сваю гісторыю, і яго высокая канстытуцыйная роля — гэта неабходнасць, прадыктаваная часам, абаронай і бяспекай краіны, — сказаў кіраўнік ВНУ. — Было шмат сур’ёзных гістарычных, палітычных, сацыяльных перадумоў, якія прывялі яго да патрэбнай трансфармацыі, і, як ні дзіўна, адначасова вызначылі эфектыўную форму работы з рознымі катэгорыямі людзей. УНС паказаў, што жывыя зносіны, зразумелыя для чалавека каналы камунікацыі сёння ў дэфіцыце, але яны валодаюць велізарным патэнцыялам.

Андрэй Дзмітрыевіч выказаў упэўненасць, што ад таго, наколькі наладжаны дыялог з людзьмі, залежыць бяспека краіны ў цэлым.

— Такім своеасаблівым інструментам для дыялогу народа і прадстаўнікоў улады выступае УНС, — падкрэсліў ён. — У свеце ідзе актыўная барацьба не толькі за прыродныя рэсурсы, нафту і газ, але і за інтэлект, асабліва, калі свядомасць і паводзіны грамадства з дапамогай інфармацыйных, маніпулятыўных методык становяцца кіраванымі. Рэальнасць нам замяняюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і штучны інтэлект. Чым больш будзе ўмоў для калегіяльнасці, агульнасці, магчымасці грамадству цывілізавана ўдзельнічаць у абмеркаванні стратэгічных рашэнняў дзяржавы, тым мацней будзе сувязь з краінай і больш рэсурсаў у вырашэнні глабальных крызісаў.

Дапамагчы і не нашкодзіць

Дыялог народа і ўлады, найвышэйшым праяўленнем якога сёння з’яўляецца УНС, важна арганізаваць і ў лакальнай плоскасці, напрыклад, у студэнцкім асяроддзі, лічыць Андрэй Кароль.

— Пры ўсёй сваёй класічнасці і фундаментальнасці БДУ вельмі тонка адчувае дыханне часу. Наданне УНС канстытуцыйнага статусу шмат у чым падштурхнула ўніверсітэт да трансфармацыі наяўных форм узаемадзеяння са студэнтамі, — расказвае рэктар ВНУ. — Адзін з прыкладаў — гэта ўдасканаленне работы інстытута куратарства. Яшчэ два гады таму наша куратарства было больш фармальным. Сёння яго колькасць пастаянна расце, і ў гэтым годзе звыш 800 чалавек выконваюць функцыі куратараў груп — людзей, якія вяртаюць студэнтаў у рэальнасць.

Куратар, на погляд Андрэя Дзмітрыевіча, адначасова і памочнік, і надзейны інфарматар. Знайсці адказы ў інтэрнэце або атрымаць іх пры жывых зносінах — гэта прынцыпова розныя рэчы. Ніхто яшчэ не змог замяніць жывую размову.

— Гаворка не пра тонкасці ўзаемадзеяння, часам добрае слова і падтрымка могуць адыграць вельмі вялікую ролю, — разважае ён. — Нам важны давер моладзі. Толькі пры такіх умовах можна абмеркаваць любыя тэмы і быць пераканаўчым па шэрагу пытанняў.

Пра важнасць УНС і яго вынікі студэнтам БДУ даводзяць у тым ліку і праз куратараў. Праз жывыя гутаркі яны паказваюць, што і сход, і іншыя важныя палітычныя падзеі датычацца кожнага, незалежна ад курса навучання і вучонай ступені.

— І вобраз краіны, універсітэта праз 10-20 гадоў шмат у чым залежыць ад датычнасці і грамадзянскай пазіцыі ўсіх першакурснікаў, у тым ліку і да жыцця дзяржавы і яго працэсаў. Гэта пытанне пераемнасці, бесперапыннасці традыцый, каштоўнасцяў. На гэтыя тэмы трэба гаварыць са студэнтамі, тлумачыць, стварыць такое асяроддзе, дзе яны могуць спытаць, праявіць сваю суб’ектную пазіцыю. Ананімнасць у інтэрнэце, чатах, месенджарах, сацыяльных сетках, бясспрэчна, разнявольвае. Але ў такім фармаце студэнт ніколі не раскажа аб сваіх праблемах, чым пры асабістай гутарцы, — упэўнены Андрэй Кароль. — Прынцыпы куратарскай работы першапачаткова вядомыя і зразумелыя. Іх галоўная сутнасць заключаецца ў тым, каб дапамагчы, а не нашкодзіць. Куратар — гэта не арыфмометр, а аналітык, псіхолаг, які ацэньвае і вырашае пытанні з улікам розных абставін, да любой сітуацыі падыходзіць індывідуальна.

У гушчы падзей і рашэнняў

Тое, што галоўная ВНУ краіны не застаецца ў баку ад палітычных і грамадскіх працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, стала вядома яшчэ летам, калі БДУ падрыхтаваў 20 прапаноў для ўключэння іх у Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады.

— Асноўны акцэнт вылучаных ініцыятыў датычыцца якасці адукацыі, навукі, інтэлектуальнай бяспекі і суверэнітэту краіны, а таксама выхавання актыўнай грамадзянскай моладзі, — гаворыць рэктар. — Сёння свет хоча бачыць стратэгічна і нестандартна думаючую асобу. Ёсць для гэтага спецыяльныя інструменты, якія, як я лічу, неабходна актыўна ўкараняць у адукацыйныя практыкі, захоўваючы традыцыйныя падыходы. Таму нашы прапановы арыентаваны на гнуткае рэагаванне адукацыі на выклікі часу, фарміраванне ў студэнтаў кампетэнцый будучыні, развіццё кампанентаў персаналізацыі і міждысцыплінарнасці навучальнага працэсу. Уключылі прапановы па павышэнні стандартаў якасці жыцця, умацаванні традыцыйных каштоўнасцяў дзяржавы, міру і бяспекі, павышэнні эфектыўнасці эканомікі, партнёрства на міжнародным вектары. На многія свае пазіцыі мы атрымалі ўжо зваротную сувязь ад шэрагу міністэрстваў. Гэта ў чарговы раз паказвае, што УНС — магчымасць для ўсіх арганізацый быць датычным да лёсу краіны, гэта права ўдзельнічаць у стратэгіі яе развіцця і вызначэнні будучыні.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фото дадзена БДУ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю