Спаўна задаволіць спажыўца
Падчас прэс-тура, які днямі прайшоў на прадпрыемстве, генеральны дырэктар Мінскага маторнага завода Аляксандр БАТВІННІК расказаў журналістам, што ММЗ умела падладжваецца пад рэаліі:
— У асобных мадыфікацыях рухавіка фактычна 99,8 % камплектуючых — вытворчасці прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што рухавік Мінскага маторнага завода — гэта рухавік Саюзнай дзяржавы.
Унікальнасць ММЗ, са слоў гендырэктара, у тым, што прадпрыемства глыбока лакалізавана і інтэгравана ў Саюзную дзяржаву:
— На сённяшні момант фактычна ўсе алюмініевыя і чыгунныя дэталі вырабляюцца ў Беларусі і апрацоўваюцца тут, на нашым прадпрыемстве. Стартары, генератары — таксама айчынныя. Што датычыцца расійскай вытворчасці, гэта ў асноўным паліўная апаратура і часткова турбіны.

Летась завод вырабіў больш як 45 тысяч рухавікоў. Улічваючы, што на рынку назіраюцца некаторыя складанасці, на прадпрыемстве робяць акцэнт у першую чаргу на якасці.
У апошнія гады дастаткова ўвагі на ММЗ удзяляецца галіновай лабараторыі: закуплены 3D-прынтар, тамограф, абсталяванне для апрацоўкі буйнагабарытных і дробнасерыйных дэталяў для рухавікоў. Не менш важная ліцейная вытворчасць.
— У рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» у Стоўбцах ствараецца новы ліцейны завод, які з 2028 года дазволіць нам атрымаць зусім новую якасць ліцця. Каб увогуле ісці ў нагу з часам, мы актыўна працуем над праграмай мадэрнізацыі нашага прадпрыемства, — падзяліўся Аляксандр Батвіннік.
Запатрабаваная прадукцыя
Асноўная лінейка рухавікоў, якую выраблялі на прадпрыемстве, была магутнасцю да 300 конскіх сіл. Цяпер ММЗ ставіць перад сабой амбіцыйную задачу — рэалізаваць сёлета праект, звязаны з вырабам і выпрабаваннем рухавіка ад 450 да 600 конскіх сіл. Да дня нараджэння завода, які адзначыў сваё 63-годдзе 23 ліпеня, прадэманстравалі новую адзінку. Аб’ём рухавіка — 69 літраў, магутнасць — 3 тысячы конскіх сіл.
Па назіраннях гендырэктара, сёння запатрабаваны ўсе тыпы дызельных рухавікоў:
— Проста ў кожнага ёсць свае спецыфічныя ўласцівасці. Нашай асноўнай спецыялізацыяй доўгі час была дарожна-будаўнічая, сельскагаспадарчая, спецыяльная тэхніка. І мы прытрымліваемся гэтага трэнду, бачым, што тут вельмі добры рынак, па якім можна закрываць патрэбы нашых асноўных спажыўцоў. Таму што мы дорым рух кожнай адзінцы тэхнікі, якую вы бачыце ў гарадах Беларусі і не толькі.
Аляксандр Батвіннік акцэнтаваў увагу, што на заводзе ёсць добрая эксперыментальная база, якая дазваляе выпрабоўваць любыя тыпы рухавікоў для пацвярджэння неабходных тэхнічных характарыстык і экалагічных параметраў.
Аснова асноў
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА, якая таксама суправаджала журналістаў, адзначыла, што на ММЗ выбудаваны лагічны ланцужок, які спрыяе вываду на рынак новай якаснай прадукцыі:
— Якасць на любым прадпрыемстве — гэта аснова. Падчас прэс-тура мы азнаёміліся з сэрцам машынабудавання — рухавікамі. У любым арганізме сэрца — гэта асноўнае. Як будзе плаўна, бяспечна працаваць матор, так і будзе працаваць тэхніка. Таму тут якасць найбольш важная.

Алена Маргунова нагадала, што для атрымання Дзяржаўнага знака якасці існуе пяць крытэрыяў: бяспека, экалагічнасць, тэхналагічнасць, інавацыйнасць і эстэтычнасць:
— Кожны з іх уключае ў сябе мноства кірункаў. Тыя лаўрэаты, якія атрымліваюць Дзяржаўны знак якасці, адпавядаюць усім заяўленым крытэрыям.
У гэтым ганаровым спісе знаходзіцца і Мінскі маторны завод. Журналістам паказалі яго ключавыя мадэлі, актуальныя распрацоўкі і перспектыўныя ўзоры. Зразумела, у цэнтры ўвагі апынуўся і галоўны герой — дызельны рухавік MMZ-3LD, удастоены ў 2025 годзе Дзяржаўнага знака якасці. А яшчэ нам прадэманстравалі абсталяванне, якое дазваляе праводзіць выпрабаванні па міжнародных стандартах, — шумавую і маразільныя камеры, прамысловы 3D-прынтар, а таксама тэхналогіі адытыўнай вытворчасці, якія прадпрыемства ўкараняе ў серыйныя працэсы.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ