У Музеі гісторыі беларускага кіно, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, праходзіць выстаўка да 55-годдзя беларускай анімацыі «Святло намаляванага дзяцінства». Увазе гледачоў прадстаўлена сапраўдная палітра беларускай анімацыі, дзе можна прасачыць яе багатую гісторыю, развіццё і дасягненні.
Многія з беларускіх анімацыйных фільмаў, сярод якіх — «Светлячок і расінка», «Зоркі сёмага неба», «Як Сінячок да сонца лётаў», «Лыжка для салдата», «Паданне пра гуслі», «Цімка і Дзімка», «Прыгоды Несцеркі», «Квака-Задавака» і шмат іншых — прыклады таго, як спалучаюцца і знаходзяць адлюстраванне на экране важныя пасылы, сапраўдныя каштоўнасці і майстэрства мультыплікатараў адлюстроўваць іх у цэласным аповедзе.

— Наша часовая экспазіцыя «Святло намаляванага дзяцінства» прысвечана знакавай даце ў кантэксце беларускай культуры, у прыватнасці нашай анімацыі, якая сёлета адзначае 55-годдзе з даты свайго заснавання. Калі ў 1971 годзе пад эгідай творчага аб’яднання «Экран» выйшаў першы мультфільм Уладзіміра Голікава, ён быў лялечным і распавядаў пра «Нязнайку-паэта», таму і атрымаў аднайменную назву, — дзеліцца загадчык Музея гісторыі беларускага кіно Вераніка Себруковіч. — У падрыхтоўцы гэтай выстаўкі ўдзельнічала некалькі ўстаноў. У аснове экспазіцыі — прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Нам дапамагала таксама Студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», прадаставіўшы вялікую колькасць матэрыялаў. У першую чаргу гэта тое, што датычыцца сённяшніх дасягненняў і вынікаў творчасці нашых сучасных аніматараў. І гэта вельмі важна для таго, каб у музеі, які дакументуе не толькі мінулае, але і сучаснае, паказаць нашым наведвальнікам, як захоўваюцца традыцыі, як яны перадаюцца і што, як і раней, так і ў нашы дні беларускія аніматары вельмі актыўна працуюць, атрымліваюць узнагароды на розных міжнародных фестывалях сямейнага, дзіцячага кіно, і заваёўваюць шматлікую аўдыторыю гледачоў. У нас і па сёння выпускаюцца вельмі цікавыя, яркія і запамінальныя мультфільмы для кожнага, хто іх паглядзіць. Таму варта прыйсці на выставу, каб убачыць усё гэта.
Калі зрабіць экскурс у гісторыю, то афіцыйнай датай заснавання беларускай анімацыі лічыцца 1971 год. Але арганізатары выстаўкі пры дапамозе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь даведаліся, напрыклад, што першыя спробы стварэння анімацыйных фільмаў (яны былі накіраваны, напрыклад, на прапаганду здаровага ладу жыцця) рабіліся яшчэ ў 1920-я гады. І гэтаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні, якія можна знайсці сярод экспанатаў.
А ўжо ўсе тыя мультыплікацыйныя кінастужкі, якія з’явіліся за пяць з паловай дзясяткаў гадоў пасля «Нязнайкі-паэта» — гэта работы не проста для самых юных гледачоў, а безліч душэўных гісторый, на якіх выхоўваюцца пакаленні. Сярод экспанатаў якраз і можна адшукаць і вобразы любімых герояў, і афішы мультфільмаў, іх узнагароды. Акрамя гэтага выстаўка дазваляе паглыбіцца ў сам працэс узнікнення кінагісторый, даведацца пра разнастайнасць тэхнік, якія можна выкарыстоўваць для стварэння анімацыйных фільмаў, пачуць мелодыі, якія іх суправаджаюць, а таксама зазірнуць у закуліссе чароўнага свету і згадаць імёны тых, дзякуючы каму ўсё гэта ажывае на экране.
— Усе нашы беларускія мультфільмы, нягледзячы на тое, на аснове чаго яны створаны (гэта казка, міф, легенда альбо аповед пра вядомага чалавека і г. д.), носяць павучальны, адукацыйны, асветніцкі характар. Пра гэтыя традыцыі, іх зараджэнне і развіццё ў часе мы распавядаем на выстаўцы, — дадае Вераніка Себруковіч. — Таксама мы распавядаем і пра нашых аніматараў, пра тых, хто рабіў першыя, складаныя ў некаторых аспектах крокі — гэта, напрыклад, Марта Лубянікава, Уладзімір Голікаў, які прыехаў сюды, у Мінск, (яму выдзелілі спецыяльны павільён, ён там яго абставіў і так і застаўся працаваць у Беларусі). А пазней стварыў некалькі мультфільмаў, якія і па сённяшні дзень вядомыя.
Падчас экскурсіі наведвальнікі не проста спрычыняюцца да гісторыі беларускай анімацыі, але і глядзяць урыўкі з мультфільмаў, слухаюць песні, адкрываюць для сябе новыя цікавыя факты. Вось, напрыклад, ці ўсе ведаюць, што да мультфільма «Цімка і Дзімка» была напісана вядомая песня «Дружба моцная не зламаецца». Альбо тут вы можаце ўбачыць, як выглядалі фон і фаза (сучасныя эскізы) да шэрагу мультыплікацыйных фільмаў.
— Кожны мультфільм ствараўся на нязменным фоне, змяняліся толькі галоўныя героі, якіх малявалі на такой празрыстай плёнцы. А ўжо іх месцазнаходжанне і перамяшчэнне — усё адмалёўвалася пасекундна ў руху. За хвіліну — каля паўтары тысячы кадраў. Такія ўнікальныя рэчы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, — тлумачыць Вераніка Себруковіч. — А ўжо ў перыяд суверэннай Беларусі з’яўляюцца вядомыя мультфільмы «Чаго на свеце не здараецца», «Непаседа», «Музыкант-чарадзей» і іншыя. І цэнтральнае месца ў іх, безумоўна, займае лялька. Вось Зайчык гэты быў зроблены да анімацыйнага фільма «Церам-церамок», які створаны ў 1998 годзе Аляксандрам Ленкіным. І наша мастачка музея папрацавала з экспанатам, стварыўшы інтэр’ер, які ёсць у самім мультфільме. Акрамя гэтага, зноў жа дзякуючы QR-коду мы можам паглядзець яго, не выходзячы з залы.

Такое спалучэнне дакументаў, малюнкаў, фотаздымкаў, гукаў і дазваляе кожнаму гледачу адчуць магію анімацыйнага мастацтва ва ўсёй яе разнастайнасці. Напрыклад, па-сапраўднаму здзіўляешся, калі даведваешся, што нават 13-хвілінны мультфільм ад моманту задумы і да сваёй рэалізацыі на экране займае парадку 9 месяцаў. Тое ж адчуваеш і калі бачыш перад сабой усе элементы (нават назву) з мультфільма «Як Сінячок да сонца лётаў» (рэж. Наталля Касцючэнка), які зроблены ў пластылінавай тэхніцы. Там жа можна адкрыць для сябе некаторыя таямніцы першага беларускага 3D-мультфільма — «Песня Сірын» рэжысёра Алены Туравай. Ці ўбачыць фон і фазу да мультфільма «Марк Шагал. Пачатак» (рэж. Алена Пяткевіч). І тады становіцца зразумела, як захоўваецца дакладнасць і як пераўтвараецца эскіз у дзеючага персанажа.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны таксама займае важнае месца на выстаўцы, а вялікая колькасць мультфільмаў, якія з’яўляюцца на «Беларусьфільме», дазваляе наглядна паказаць яркія прыклады ўвасаблення яе на экране. Так, на выстаўцы можна ўбачыць эскізны этап (дзе кожны элемент і фрагмент намаляваны ўручную) стварэння мультфільма «Хатынь. Няскораная вёска» з цыкла «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2». А вітрына са шматлікімі ўзнагародамі пацвярджае прызнанне гэтай работы прафесіяналамі і гледачамі.
Яшчэ варта адзначыць, што ў музеі праводзяцца заняткі па гісторыі беларускай анімацыі, тут праходзяць кіналекторыі і ладзяцца паказы мультфільмаў. Дзякуючы такому аповеду кожны наведвальнік незалежна ад узросту можа ўбачыць цэласную карціну багатай гісторыі беларускай анімацыі. Завітайце на выстаўку, каб адчуць і ўбачыць яе непаўторную атмасферу.
Алена ДРАПКО
Фота аўтара