Top.Mail.Ru

Што робіцца дзеля змяншэння колькасці пажараў і калі варта чакаць паляпшэння сітуацыі?

Ёсць людзі, для якіх знаходзіцца побач у складаную хвіліну, — не проста прафесія, а справа гонару. Калі здараецца бяда, яны першымі прыходзяць на дапамогу. Без страху ўваходзяць у ахопленае полымем памяшканне, максімальна асцярожна выцягваюць з пашкоджаных аўтамабіляў пацярпелых у ДТЗ, працягваюць руку дапамогі тым, хто праваліўся пад лёд або заблукаў у лесе... Рызыкуюць сабой, каб захаваць жыццё іншаму. Невыпадкова першы званок у крытычнай сітуацыі менавіта ім — ратавальнікам.


На працягу ста гадоў побач з гэтымі адважнымі людзьмі знаходзяцца іх не менш мужныя калегі — члены Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. У шэрагах аднаго з найстарэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны — каля 14 тысяч грамадзян, якія актыўна ўзаемадзейнічаюць з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у рамках правядзення пажарна-прафілактычнай работы, дапамагаюць найбольш уразлівым катэгорыям насельніцтва ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, рамонце электраправодкі і пячнога ацяплення. Што яшчэ звязвае добраахвотнікаў з ратавальнікамі, у чым прычына большасці пажараў і што варта зрабіць кожнаму, каб папярэдзіць трагедыю, расказаў старшыня Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства Аляксандр КУДРАШОЎ.

— Аляксандр Мікалаевіч, відавочна, што створанае сто гадоў таму таварыства было рэакцыяй на выклікі часу...

— Пажары заўсёды прыносілі вялікую бяду. Людзі збягаліся і талакой спраўляліся з агнём. У гарадах былі створаны прафесійныя пажарныя каманды. Яны былі малаколькасныя, таму не маглі справіцца са стыхійнымі пажарамі. Невыпадкова ў грамадзян з’явілася жаданне стварыць добраахвотныя таварыствы. Першае на тэрыторыі Беларусі з’явілася ў 1872 годзе ў Віцебску. У 1876 годзе падобнае аб’яднанне ўзнікла ў Мінску. Пачалі пераймаць гэты вопыт іншыя гарады. Дзеля кансалідацыі сіл 12 снежня 1924 года створана Усебеларускае пажарнае таварыства, куды таксама ўваходзілі добраахвотныя пажарныя дружыны, якія працавалі на прадпрыемствах. Новая гісторыя аб’яднання пачалася пасля Вялікай Айчыннай вайны. 

У 1956 годзе было прынята рашэнне аб уз’яднанні добраахвотнага пажарнага таварыства. З таго часу мы планамерна развіваемся.

— Якія задачы ўскладзены на цяперашніх пажарных-добраахвотнікаў?

— У 2006 годзе таварыства атрымала статус дзяржаўнага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання, а ў 2019 годзе ўказам Прэзідэнта быў прыняты новы статут, якім вызначаны дзяржаўна значныя задачы. Сярод іх — аказанне дапамогі прафесіяналам у ліквідацыі і прафілактыцы пажараў, садзейнічанне ў пытаннях барацьбы з пажарамі, навучанне насельніцтва правілам пажарнай бяспекі. Акрамя таго, займаемся вытворчай дзейнасцю. У краіне сканцэнтравана 10 нашых прадпрыемстваў, на якіх, у прыватнасці, вырабляем вогнетушыцелі (каля 50 тысяч за год). Таксама аказваем паслугі насельніцтву ў правядзенні праверак газа-вентыляцыйных каналаў, абслугоўваем сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, аўтаматычнага пажаратушэння і інш. Падчас правядзення капітальнага рамонту дамоў вырашаем пытанні па вогнеахове, маланкаахове, электрабяспецы і г. д.

— Што датычыцца тушэння пажараў, няўжо нашы ратавальнікі не спраўляюцца?

— Ліквідацыяй узгаранняў поўнасцю займаюцца ратавальнікі. Мы не перашкаджаем нашым прафесіяналам. Свой унёсак найперш робім у прафілактычную работу. Прымаем удзел ва ўсіх акцыях ведамства: як у дзіцячых садках, школах, так і ў працоўных калектывах. Праводзім каля трох тысяч акцый у год, за гэты час правілам пажарнай бяспекі навучаем каля 9 тысяч чалавек. Акрамя таго, створаны добраахвотныя пажарныя прафілактычныя фарміраванні — каля 100 па ўсёй краіне. Прафілактычнай работай займаецца каля тысячы чалавек: распаўсюджваюць наглядна-выяўленчую прадукцыю, ажыццяўляюць рэйды па жылым сектары, даюць рэкамендацыі, указваюць на недахопы, аб якіх пры неабходнасці інфармуюць МНС. Што датычыцца тушэння пажараў, мы выступілі з ініцыятывай стварэння добраахвотных пажарных фарміраванняў са шматлікімі відамі тэхнікі. Такіх у нас пакуль па адной у кожнай вобласці. У асноўным яны прыцягваюцца для тушэння прыродных пажараў або для аказання дапамогі ў ліквідацыі пэўнай надзвычайнай сітуацыі.

— Хто ўваходзіць у добраахвотныя пажарныя фарміраванні?

— У нашых шэрагах шмат дзеючых супрацоўнікаў МНС, педагогі, сацыяльныя работнікі, члены выканкамаў — тыя, хто працуе з людзьмі. Створана 590 першасных арганізацый. Членам нашага аб’яднання пры жаданні можа быць любы грамадзянін. Аднак ёсць узроставы цэнз: да 16 гадоў — толькі з дазволу бацькоў. У Дзятлаве Гродзенскай вобласці, напрыклад, стварылі маладзёжную каманду. Гэта школьнікі. Мы іх навучылі, абмундзіравалі, яны добра спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі.
— Нягледзячы на тое, што на календары — зіма, у ратавальнікаў гарачая ў прамым сэнсе пара. Практычна штодзень, а то і па некалькі разоў за суткі яны выязджаюць на ліквідацыю пажараў. Не абыходзіцца без ахвяр. Як такое магчыма ў XXІ стагоддзі, калі праводзіцца шырокая прафілактычная работа, працуюць сістэмы апавяшчэння?

— Я ў гэтай прафесіі з 1972 года. У свой час служыў ва ўпраўленні пажарнай аховы МУС Рэспублікі Беларусь, і тады гібель людзей на пажарах была ў некалькі разоў большая. На працягу апошніх гадоў сумная статыстыка зніжаецца. Аднак ёсць людзі, якія не паддаюцца прафілактычнай рабоце. Перш за ўсё тыя, хто злоўжывае алкаголем. Тэхнічных прычын гібелі людзей на пажарах абсалютна няшмат. У асноўным пажары здараюцца ў сельскай мясцовасці, дзе размяшчаюцца будынкі пятай ступені вогнеўстойлівасці (гэта драўляныя хаты) з пячным ацяпленнем. Здараюцца пажары і з-за яго няправільнай эксплуатацыі. Электраабсталяванне — таксама невялікі працэнт. У асноўным узгаранні адбываюцца з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, у тым ліку ў нецвярозым стане.

— Што рабіць, каб сітуацыя палепшылася?

— Вельмі вялікую работу мы праводзім з дзецьмі. Такое ўзаемадзеянне пачалося гадоў 20 таму. Ёсць надзея, што, калі гэтае пакаленне вырасце, усе будуць навучаны правілам пажарнай бяспекі.

— Ці ахвотна людзі ўстанаўліваюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі?

— Мы праводзім вельмі сур’ёзную агітацыйную работу. Усе новабудоўлі сёння забяспечваюцца аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Акрамя таго, толькі мы ўстанаўліваем насельніцтву каля 10 тысяч аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў за год. Людзі разумеюць важнасць гэтага прыстасавання. Мы ўстанаўліваем і сістэмы з гукавым апавяшчэннем, у тым ліку разлічаныя на людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усё — дзеля захавання жыццяў.

Фота дадзена БДПТ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю