Унутрычэраўныя аперацыі, высокакваліфікаваная дапамога падчас цяжарнасці і родаў, новыя тэхналогіі ў выходжванні неданошаных дзетак і суправаджэнне іх мультыдысцыплінарнымі камандамі для нівеліравання ўскладненняў — усё гэта даўно прымяняецца ўрачамі службы мацярынства і дзяцінства. Беларусь займае лідарскія пазіцыі ў рэйтынгу краін з самымі нізкімі паказчыкамі дзіцячай смяротнасці, уваходзіць у топ найлепшых дзяржаў свету для нараджэння дзіцяці і самых камфортных для мацярынства.
У сусветных топах
Як паведаміла загадчык лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ, ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак развіцця айчыннай медыцыны.
— Дзякуючы падтрымцы дзяржавы мы ўваходзім у топ-10 найлепшых краін свету па паказчыках дзіцячай смяротнасці, гэта рэйтынг 236 краін. Акрамя таго, мы ў ліку 40 дзяржаў свету, якія лічацца самымі спрыяльнымі для нараджэння дзяцей. Усяго ў гэты рэйтынг уваходзіць 180 краін, — адзначыла спецыяліст.
Умовы камфортнага мацярынства ў Беларусі таксама на ўзроўні — тут мы займаем 25-е месца, бо наша рэспубліка ўваходзіць у 50 краін свету, дзе родадапамога забяспечваецца кваліфікаванымі ўрачамі. У сярэднім у свеце родадапамога кваліфікаванымі кадрамі забяспечваецца толькі ў 71 % выпадкаў родаў, у той час як у Беларусі — у 100 %.
- — Высокія тэхналогіі і спецыялізаваная медыцынская дапамога забяспечваюць нам добрыя паказчыкі як па здароўі маці, так і па здароўі маленькіх пацыентаў, — адзначыла Маргарыта Дзевялтоўская, дадаўшы, што ў краіне арганізавана рознаўзроўневая сістэма аказання дапамогі. Гэта гарантуе, што пацыенты з усёй рэспублікі могуць атрымліваць высокакваліфікаваную спецыялізаваную дапамогу на 4-м узроўні ў РНПЦ «Маці і дзіця», куды паступаюць жанчыны з самымі складанымі выпадкамі акушэрскай і гінекалагічнай паталогіі, немаўляты са складанымі захворваннямі лёгкіх, нервовай сістэмы.
Акрамя таго, РНПЦ не спыняецца ва ўдасканаленні тэхналогій. З 2009 года ў краіне развіваецца фетальная хірургія, а з 2023-га ў РНПЦ створана аддзяленне фетальнай хірургіі, якое праводзіць каля 100 унутрычэраўных умяшанняў у год. Усяго іх праведзена ўжо больш за тысячу.
Пры гэтым, як і ў многіх развітых краінах свету, у Беларусі актуальнымі застаюцца пытанні бясплоддзя, а таксама павелічэння ўзросту жанчын, якія нараджаюць дзіця ўпершыню. За апошнія гады колькасць выпадкаў бясплоддзя ў жанчын узрасла практычна ў два разы. Таксама павялічваецца колькасць мужчын з праблемамі зачацця. У нашай краіне дзейнічае сістэма ЭКА і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, якая забяспечвае нараджэнне дзяцей у тых сітуацыях, калі раней гэта лічылася немагчымым. За 20 гадоў існавання ЭКА нарадзіліся 10 тысяч дзяцей. На сёння эфектыўнасць ЭКА дасягае 41 %. Як падкрэсліла Маргарыта Дзевялтоўская, гэты паказчык адпавядае сусветнаму ўзроўню і нават перасягае паказчыкі многіх краін.
У Беларусі рэкордная выжывальнасць дзяцей, якія нарадзіліся з вагой да кілаграма. Усе дзеці, якія нараджаюцца ў тэрміне цяжарнасці да 28 тыдняў, паступаюць у РНПЦ «Маці і дзіця». Гэта дае магчымасць прымяняць высокатэхналагічныя метады рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі выходжвання глыбока неданошаных дзяцей. Інваліднасць сярод дзяцей з вагой менш за 1 кг цяпер не перавышае 17 %, пры гэтым выжывальнасць дасягнула 87,9 %.
— Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў нас працуюць прафесіяналы самага высокага класа і ўкараняюцца перадавыя сусветныя тэхналогіі, — падкрэсліла Маргарыта Дзевялтоўская.
Штучны інтэлект і клетачныя тэхналогіі
Перадавыя тэхналогіі прымяняе РНПЦ пры лячэнні спінальнай мышачнай атрафіі і гемафіліі, выкарыстоўвае штучны інтэлект для прагназавання, дыягностыкі і распрацоўкі схем лячэння для глыбока неданошаных дзяцей. Тут прымяняецца тэхналогія тэрапеўтычнай гіпатэрміі, якая дазваляе палепшыць вынік пры ўскладненні родаў — цяжкай асфіксіі ў дзяцей. Цэнтр лячэння асфіксій на сёння працуе для ўсіх рэгіёнаў краіны, а тэрапеўтычная гіпатэрмія з’яўляецца адзіным даказаным спосабам лячэння цяжкіх асфіксій і энцыфалапатый у немаўлят.
Развіваюцца і клетачныя тэхналогіі. Медыкі цэнтра прымяняюць мезэнхімальныя страмальныя клеткі пупавіны для лячэння парушэнняў псіханеўралагічнага развіцця, прафілактыкі і лячэння дзіцячага цэрабральнага паралічу, ранняга арганічнага пашкоджання нервовай сістэмы, эпілепсіі. Эфектыўнасць лячэння з дапамогай клетачных тэхналогій дасягае 92 %.
РНПЦ каардынуе сістэму работы цэнтраў, што працуюць з дзецьмі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці (сістэма ранняга ўмяшання). Тут дзейнічае рэспубліканскі кабінет катамністычнага назірання, што дазваляе складаць індывідуальныя праграмы медыцынскай рэабілітацыі і лячэння дзяцей, якія нарадзіліся неданошанымі. Акрамя таго, РНПЦ каардынуе работу сістэмы цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў. Гэтыя цэнтры займаюцца матывацыяй падлеткаў да здаровага ладу жыцця і здаровага мацярынства. Такія цэнтры працуюць ва ўсіх рэгіёнах і робяць свой унёсак у тое, каб дзяўчынкі-падлеткі з ранняга ўзросту захоўвалі сваё здароўе, а ў далейшым станавіліся здаровымі мамамі.
Алена КРАВЕЦ