Top.Mail.Ru

Што робіцца для таго, каб мабільная сувязь была якаснай у кожным населеным пункце?

Праблема даступнасці і якасці мабільнай сувязі ў кожным кутку краіны знаходзіцца на кантролі на самым высокім узроўні. У жніўні мінулага года Прэзідэнт Беларусі падпісаў адпаведны ўказ, згодна з якім сотавыя аператары ў абавязковым парадку павінны будуць накіроўваць частку прыбытку на будаўніцтва новых вышак, мадэрнізацыю дзеючых аб’ектаў і іншыя меры па развіцці сетак сотавай сувязі, што дасць магчымасць павялічыць зону пакрыцця і ўстойлівасць сігналу.


Пакуль у некаторых населеных пунктах краіны праблема застаецца актуальнай. Пра гэта сведчаць звароты людзей, якія паступаюць падчас прыёму грамадзян, напрыклад, кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў. Рэдакцыя звязалася з заяўнікамі, каб даведацца падрабязнасці.

«Каб пагаварыць па мабільным тэлефоне, трэба выходзіць на вуліцу»

— Звычайна для таго, каб пагаварыць па мабільнай сувязі, у доме трэба шукаць спецыяльныя «зоны» або выходзіць на вуліцу, — расказвае Іван Ванага, жыхар вёскі Шаўры Браслаўскага раёна. — Аднак нас не задавальняе не толькі дрэнная якасць мабільнай сувязі, але і інтэрнэту. І гэта пры тым, што мы жывём усяго ў пяці кіламетрах ад Браслава...

Са сваёй праблемай вяскоўцы звярталіся да спецыялістаў аднаго з аператараў мабільнай сувязі. Яны абследавалі мясцовасць, прыблізна год таму ўстанавілі новую антэну, але станоўчых вынікаў гэта не прынесла.

— Праз некаторы час з боку службы мабільнага аператара кожнаму з вяскоўцаў было прапанавана на даху дома ўстанавіць невялікую антэну. Аднак яе кошт складае 700 рублёў, гэта вельмі значная сума, і не кожны пенсіянер зможа заплаціць яе, — гаворыць Іван Феліксавіч.

Праблема дрэннай якасці мабільнай і інтэрнэт-сувязі хвалюе таксама жыхароў вёскі Кавалі Расонскага раёна, расказала нам Галіна Бутар.

— Для таго каб пагаварыць па мабільным тэлефоне, вяскоўцы вымушаны выходзіць на вуліцу, а нярэдка — узыходзіць на ўзгорак. Інакш звязацца са сваімі роднымі і блізкімі наогул немагчыма. Уявіце сабе, якія цяжкасці прыходзіцца пераадольваць тады, калі тэрмінова патрэбна выклікаць урача або звярнуцца да спецыялістаў іншых службаў! — абураецца Галіна Пятроўна. — У нашай вёсцы няма аддзялення паштовай сувязі, абслугоўванне мясцовых жыхароў вядзецца пры дапамозе паштовага аўтамабіля. А паколькі мабільная і інтэрнэт-сувязь працуюць дрэнна, спецыялісты паштовай сувязі часта не могуць у сваіх кліентаў прыняць аплату камунальных паслуг, выплаціць пенсію, аформіць падпіску на газеты, часопісы, прыняць іншыя плацяжы.

— Нават паглядзець тэлевізар немагчыма без цяжкасцяў, — наракае Галіна Пятроўна. — Па прычыне дрэннай інтэрнэт-сувязі часта «завісае» «Zala». Пагадзіцеся, што ў наш час, калі імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, гэта праблема павінна вырашацца.

Будзе і 5G. Па ўсёй краіне

— Праблема дрэннай якасці мабільнай сувязі сапраўды існуе ў асобных рэгіёнах нашай краіны, — адзначае Уладзімір Баравенка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў, да якога мы звярнуліся па каментарый. — У час парламенцкіх слуханняў мы разгледзелі пытанні, якія датычацца лічбавага права. Сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі было вывучана і пытанне мабільнай сувязі. Праблема знаходзіцца ў нас на пастаянным кантролі. Складзены спіс пытанняў, узнятых па выніках прыёму грамадзян.

base_station_4g_lte.jpg

Значны імпульс у рабоце па паскораным развіцці сетак сотавай сувязі дало прыняцце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2024 года № 335 «Аб аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі». У развіццё гэтага дакумента прынята таксама пастанова Савета Міністраў, вызначаны адпаведныя параметры мабільнай сувязі, якія будуць устаноўлены ў Рэспубліцы Беларусь. «Гэта значыць, што да канца 2030 года ахоп якаснай мабільнай сувяззю пакалення 4G у Беларусі дасягне 99 %», — адзначыў Уладзімір Баравенка.

Акрамя таго, прадугледжана ўвядзенне сацыяльнага тарыфу за карыстанне паслугамі электрасувязі. Ён уведзены сёлета з 1 красавіка. Так, тарыфам прадугледжаны памер аплаты ўсяго дзевяць рублёў 40 капеек за 200 хвілін званкоў ва ўсе сеткі, 50 смс-паведамленняў і 2 Гб інфармацыі. Такім чынам, пенсіянеры маюць магчымасць устанавіць гэты тарыф і атрымліваць якасную сувязь.

Уладзімір Баравенка згадаў яшчэ адзін Указ Прэзідэнта ад 1 красавіка бягучага года № 139, які даў пачатак развіццю сеткі 5G у Рэспубліцы Беларусь. 5G — гэта новы прагрэсіўны фармат сувязі, хуткасць якога ў 10 разоў большая, чым 4G, што дзейнічае сёння. Такім чынам, інтэрнэт-сувязь ва ўсіх кутках краіны значна палепшыцца. «Сёння нават складана ўявіць, як пры дапамозе гэтага віду сувязі змогуць працаваць аўтаматы-таксі, аўтаматы-аўтобусы, — гаворыць дэпутат. — Фармат 5G распрацаваны такім чынам, што абмен данымі ажыццяўляецца вельмі хутка. Напрыклад, аэратаксі, якое кіруецца пры дапамозе 5G, цяпер актыўна пачынае выкарыстоўвацца ў Кітаі. Гэты від інтэрнэт-сувязі будзе таксама запатрабаваны ў медыцыне пры пастаноўцы дыягназу, правядзенні складаных хірургічных аперацый на адлегласці. З такім фактычным развіццём інтэрнэта, я ўпэўнены, праблемы дрэннай мабільнай сувязі наогул знікнуць».

Дэпутат таксама паведаміў, што, каб вырашыць тую ці іншую праблему ў галіне сувязі, грамадзяне могуць звяртацца не толькі ў органы дзяржаўнага кіравання, да дэпутатаў. Падзяліцца сваім набалелым кожны мае магчымасць на дзяржаўным рэсурсе ХВАЛЯ.БЕЛ. На гэтым сайце можна расказаць пра праблемы мабільнай сувязі, нізкую хуткасць інтэрнэта і г. д. Усе пытанні, якія паступаюць ад грамадзян, аналізуюцца ў анлайн-рэжыме. «Я заклікаю грамадзян карыстацца гэтым рэсурсам, таму што менавіта такім чынам у нас ёсць магчымасць мець больш поўнае ўяўленне аб праблемах і прымаць меры па паляпшэнні паслуг сувязі, якасці інтэрнэта», — адзначыў Уладзімір Баравенка.

Дарэчы, у ліпені ў Палаце прадстаўнікоў запланавана правядзенне спецыялізаванага семінара з удзелам прадстаўнікоў Мінсувязі і іншых адказных службаў, на якім будуць абмеркаваны якасць, праблемныя пытанні (у тым ліку і прыведзеныя ў пачатку гэтага матэрыяла) і далейшае развіццё мабільнай сувязі. Па кожным з пытанняў, якое паступіла ад грамадзян, будзе прынята адпаведнае рашэнне, запэўніў дэпутат.

Плюс 800 новых вышак

Кампетэнтны каментарый па сітуацыі з нізкай якасцю мабільнай сувязі мы атрымалі і ад міністра сувязі і інфарматызацыі Кірыла Залескага.

— Міністэрства сувязі і інфарматызацыі валодае аб’ектыўнай карцінай па пытаннях ахопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паслугамі сотавай сувязі і іх якасці, — паведаміў Кірыл Барысавіч. — Яны заснаваны на даных інструментальных вымярэнняў, што праводзяцца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ».

На сённяшні дзень праведзена тры пасяджэнні калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, дзе пытанні карэннага паляпшэння якасці сотавай сувязі пастаўлены перад усімі аператарамі сотавай сувязі і ўспрыняты імі як кіраўніцтва да дзеяння. Пачынаючы з 2022 года, усе планы аператараў сотавай сувязі па развіцці сетак сотавай сувязі праходзяць узгадненне з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Міністр адзначыў, што Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2024 года № 335 «Аб аказанні паслуг сотавай рухомай электрасувязі» абавязаў аператараў накіроўваць частку чыстага прыбытку на развіццё сетак сотавай сувязі, усклаў на «БелДІЭ» функцыі кантролю (нагляду) за ахопам тэрыторыі краіны паслугамі сотавай сувязі і іх якасцю, а таксама даручыў ураду ўстанавіць патрабаванні да ахопу тэрыторыі краіны паслугамі сотавай сувязі і іх якасці.

11-26 копия.jpg

Цяпер адпаведнымі дакументамі прадугледжана, што аператары сотавай сувязі рэалізуюць мерапрыемствы па ўстараненні выяўленых дзяржаўнай інспекцыяй па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ» недахопаў, якія датычацца ў тым ліку і якасці сувязі, прычым тэрмін выпраўлення сітуацыі не можа перавышаць два гады.

— Трэба канстатаваць, што на сёння ў Рэспубліцы Беларусь створана нарматыўная прававая аснова і прыняты ўсе неабходныя рэгулятарныя рашэнні для паляпшэння ахопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паслугамі сотавай сувязі і іх якасці, — адзначае Кірыл Залескі. — Выкананне ўсіх названых рашэнняў узята на жорсткі кантроль Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі.

Уся гэта работа ўжо дала жаданы эфект, падкрэслівае міністр. Актыўна вядуцца праектаванне і будаўніцтва сетак сотавай сувязі па ўсёй краіне. Для значнага паляпшэння якасці сотавай сувязі ў месцах, дзе аб’ектыўна ёсць недахопы ў аказанні паслуг сотавай сувязі, аператарамі сотавай сувязі ўжо ажыццяўляецца будаўніцтва больш за 500 новых аб’ектаў сотавай сувязі, якія ўключаюць 40-70-метровыя вышкі. Яны дазволяць палепшыць ахоп тэрыторыі краіны паслугамі сотавай сувязі і іх якасць у маланаселенай сельскай мясцовасці.

Трэба ўлічваць, што сярэдні тэрмін будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі да ўвядзення іх у эксплуатацыю складае 1,5-2 гады. Усяго да канца 2030 года чакаецца будаўніцтва каля 800 такіх вышынных аб’ектаў.

— Такім чынам, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі прыняты вычарпальныя меры па забеспячэнні належнай якасці паслуг сотавай сувязі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а аператары сотавай сувязі, якія разумеюць сацыяльную значнасць пытання паляпшэння якасці сотавай сувязі ў маланаселенай і сельскай мясцовасці, актыўна працуюць над павышэннем ахопу тэрыторыі краіны і паляпшэннем якасці паслуг сотавай сувязі, — запэўніў міністр. — Чакаецца, што першыя значныя вынікі будуць дасягнуты да канца 2025 года. Пра гэта Міністэрства сувязі і інфарматызацыі абавязкова паведаміць жыхарам краіны.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю