Top.Mail.Ru

Што рабіць, калі вы сустрэнецеся з лясным зверам?

Нядаўна паблізу Гродна былі заўважаны мядзведзі, што стала вялікім здзіўленнем для жыхароў рэгіёна. Даўно не фіксаваліся такія выпадкі. Як правіла, жывёлы трымаюцца на адлегласці ад чалавека. Пагаварылі са спецыялістам аб тым, што рабіць, калі сустрэнеш драпежніка, а таксама даведаліся, чаму нельга чапаць вожыкаў.


Захоўваць спакой

Лясы Беларусі поўныя розных жывёл, як расказаў інжынер па паляўнічай гаспадарцы Гродзенскага лясгаса Павел Шакіраў. Ёсць ваўкі, мядзведзі, рысі, ласі, казулі і многія іншыя. Драпежнікі да чалавека выходзяць вельмі рэдка. Гэта можа адбывацца з прычыны павелічэння папуляцыі. У пошуках новых тэрыторый жывёлы натрапляюць на людзей.

Самае галоўнае, што трэба здзейсніць пры сустрэчы з драпежнікам, — не рабіць рэзкіх рухаў, не бегчы. Згодзен, на словах гэта вельмі проста, але трэба паспрабаваць. Жывёла толькі ў рэдкіх выпадках будзе ісці ў ваш бок. Адыходзіць трэба павольна, не паварочваючыся да звера спінай. Як правіла, жывёла ўбачыць вас і сама паспяшаецца пайсці далей.

Паляўніцтвазнавец нагадаў, што нельга, будучы ў лесе, лазіць у якія-небудзь норы і ямы. Там можа жыць хто заўгодна. Напрыклад, не так даўно мне трапіўся жахлівы ролік у сацсетках. Мужчына залез у нару, здымаў, нешта весела расказваў, а потым каля ўваходу ў «хатку» з’явіўся мядзведзь, які відавочна быў здзіўлены. На шчасце, усё абышлося добра і мужчына не пацярпеў.

3be3622s-960.jpg

acd3622s-960.jpg

Не дакранацца!

Любая дзікая жывёла, нават маленькі вожык, можа несці смяротную небяспеку — быць пераносчыкам шаленства. Нягледзячы на прафілактыку, якая праводзіцца, верагоднасць сустрэчы з хворай жывёлай ніколі не роўная нулю. Так што ні ў якім разе нельга чапаць дзікіх жывёл!

— Штогод пры дапамозе прынад дзікія жывёлы вакцынуюцца ад шаленства. Але рызыка сустрэць хворую жывёлу застаецца. Калі лясны звер ідзе да чалавека і не баіцца — гэта нагода насцярожыцца. Звярніце ўвагу на хаду: калі яна хісткая — гэта дрэнная прыкмета. Яркі маркер шаленства — багаты слінацёк. На жаль, усё роўна людзі чапаюць і вожыкаў, і ліс, кормяць іх. Але трэба памятаць, што вірус шаленства смяротны, і, калі не атрымаць своечасова лячэнне, чалавек памірае страшнай смерцю.

Адразу прыгадваюцца выпадкі, якія здарыліся летась у Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Там людзі кантактавалі з хворымі жывёламі. На шчасце, усё абышлося, а тыя, хто кантактаваў, атрымалі лячэнне. А гэта былі нават не дзікія звяры. У адным выпадку на шаленства быў хворы сабака, якога падкормліваў увесь пасёлак.

Куды тэлефанаваць?

Мядзведзяў і дзікоў у населеных пунктах сустрэць складана. А лісы становяцца частымі гасцямі. Павел Шакіраў тлумачыць, што яны проста перастаюць баяцца чалавека. У горадзе і ў радыусе трох кіламетраў ад населенага пункта здабыча жывёл забаронена, ды і страляць у жылых раёнах нельга.

— Лісы не адносяцца да ўліковага віду, у паляўнічых угоддзях іх можна здабываць, і адказнасць за гэта не пагражае. А ў населеных пунктах звяры не адчуваюць небяспекі, вось і ходзяць спакойна, ды не таму, што шалёныя. Аднак лепш іх не чапаць.

Los-1.jpg

osen-sezon-ezhei_1.jpg

Што рабіць, калі з’яўленне дзікіх жывёл выклікае неспакой, куды тэлефанаваць? Да каго звяртацца? Пэўнай арганізацыі для гэтага няма ці нейкай асаблівай групы, але гэта не значыць, што дапамогу нельга знайсці. Член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Віталь Ракавец патлумачыў:

— Калі з’яўленні жывёл адзінкавыя, напрыклад, проста міма праходзілі, панікаваць не варта. А вось калі звер занадта часта з’яўляецца ў населеных пунктах і выклікае неспакой, пытанне можна вырашыць. Пры кожным райвыканкаме дзейнічае камісія, якая выязджае на месца. Рашэнне па кожным выпадку прымаецца індывідуальна. У склад камісіі ўваходзіць ветурач, прадстаўнікі лясных гаспадарак і экалагічных структур. Камісія збіраецца пасля паступлення паведамлення ў РАУС, МНС. Таксама можна звярнуцца ў дзяржінспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету або да карыстальніка паляўнічых угоддзяў. Услед за змяненнем папуляцыі таго ці іншага віду мяняецца заканадаўства. Напрыклад, змяніліся з гэтага года правілы палявання на мядзведзя і рысь. Гэтыя жывёлы занесены ў Чырвоную кнігу, але пры пэўных умовах іх здабыча дазволена.

Кантроль папуляцыі

Як растлумачыў паляўніцтвазнавец, папуляцыя жывёл кантралюецца. Сочаць за тым, каб віды не былі на мяжы знікнення, але пры гэтым іх колькасць не дасягала крытычных лічбаў. Якраз таму і дазволена паляванне.

red-fox-5766037_1280.jpg

— Раней жывёлы адбіраліся натуральным шляхам падчас жыццядзейнасці чалавека. Парнакапытныя здабываліся для ежы, драпежнікі — для футра. Адбываўся натуральны кантроль. Калі гэтага не рабіць, могуць здарыцца непрыемнасці. Так, у Польшчы ў апошнія гады можна сустрэць дзікоў на вуліцах горада. Калі паглядзець фота і відэа, яны як каты ці сабакі гуляюць. У Беларусі ж усё пад кантролем, таму не варта хвалявацца, што ў вас пад вокнамі паселіцца мядзведзь ці будзе жыць статак дзікоў.

Эксперты звяртаюць увагу: калі выконваць меры засцярогі, небяспекі для жыцця людзей не будзе. У крытычным выпадку абавязкова паведамляйце ў адпаведныя структуры.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю