Энтамолагі адзначаюць два перыяды, калі назіраецца асаблівы ўсплёск актыўнасці членістаногіх: з мая па чэрвень і ў пачатку восені. Як ні дзіўна, па статыстыцы, 60 %укусаў адбываецца на дачах, а таксама ў сельскай мясцовасці, і толькі 21 % — у лесе. Што рабіць у такім выпадку і якія ёсць меры прафілактыкі, даведаліся ў спецыялістаў.
Самалячэннем займацца не варта
Урач-інфекцыяніст, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела «Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы» г. Мінска Аліна САВЕНКА заклікала не панікаваць, калі клешч усё ж такі дабраўся да дзіцячага ці дарослага цела. Калі ўпэўненыя ў сваіх сілах, можаце зняць яго самі, калі не — звярніцеся да ўрача.
— Ён назначыць карэктную прафілактычную дозу антыбіётыка, — растлумачыла ўрач-інфекцыяніст. — Для дзяцей гэта асабліва важна, таму што самастойна адмяраючы лекі «на вока», мы можам стварыць або таксічную дозу, або неэфектыўную для прафілактыкі барэліёзу.
Калі на працягу 72 гадзін лекі прынятыя не былі, варта ўважліва назіраць за агульным станам дзіцяці і месцам укусу. Яго нельга мазаць ні ёдам, ні зялёнкай, ні нейкімі іншымі прэпаратамі. Калі з’яўляюцца дрыжыкі, тэмпература, слабасць, або пляма на месцы пачынае распаўзацца —
варта звяртацца да педыятра за прызначэннем лячэбнай дозы. Не трэба спадзявацца на народныя сродкі або рэкамендацыі ў сеціве.
Прыкметы хваробы Лаймаі спосабы лячэння
Урач-інфекцыяніст, загадчык аддзялення «боксавы ізалятар» «Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы» г. Мінска Таццяна КЛЯННІЦКАЯ расказала, што бактэрыя барэлія развіваецца ў арганізме 72 гадзіны, перш чым выклікаць захворванне.
— Для прадухілення барэліёзу даросламу чалавеку варта на працягу гэтага часу пасля ўкусу прыняць аднаразова, запіваючы вялікай колькасцю вады, 200 міліграм, або 2 капсулы даксіцыкліну, — дала рэкамендацыю спецыяліст. — Пры кожным наступным прысмоктванні такую прафілактыку неабходна паўтараць.
Першыя сімптомы барэліёзу могуць узнікнуць па заканчэнні 72 гадзін. Адзін з іх — мігруючая эрытэма. Яна ўяўляе сабой пляму рознай афарбоўкі — ад бледна-ружовай да ярка-чырвонай або сінюшнай. Пляма паступова павялічваецца ў памерах і можа дасягаць 15-20 сантыметраў, а ў асобных выпадках і 30. У яе цэнтры магчыма прасвятленне. Пры гэтым, як звярнулі ўвагу ўрачы падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, чалавек часта не адчувае болю ці свербу.
— Аднак небяспека заключаецца ў тым, што пры адсутнасці мер хвароба здольная перайсці ў наступную стадыю, калі бактэрыя распаўзаецца па ўсім арганізме і можа паражаць суставы, нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, скурнае покрыва, — расказала Таццяна Клянніцкая.
На другой стадыі захворвання, паводле яе слоў, на скуры могуць з’явіцца шматлікія плямы.
— Пры гэтым яны ўзнікаюць ужо не ў месцы ўкусу, а на любым участку цела, — расказала ўрач-інфекцыяніст. — Акрамя скурных праяў, для гэтага этапу характэрныя болі ў суставах і інтэнсіўныя галаўныя болі, якія не атрымліваецца купіраваць звычайнымі абязбольвальнымі сродкамі.
Першая стадыя хваробы звычайна захоўваецца на працягу месяца з моманту прысмоктвання кляшча, другая можа развівацца пазней — праз 1-6 месяцаў пасля ўкусу.
Як не падхапіць сабе спадарожніка?
Па-першае, правільна падбіраць адзенне. Эфектыўнай мерай абароны лічыцца прынцып «чарапіцы»: штаны трэба запраўляць у шкарпэткі, кофту — у штаны ці калготкі, выбіраць адзенне са шчыльнымі манжэтамі, а галаву абараняць хусткай або шапачкай, паслядоўна напластоўваючы элементы гардэробу.
Па-другое, выкарыстоўваць рэпеленты менавіта ад кляшчоў. Найлепш выбіраць аптэчныя сродкі з дакладнай інструкцыяй па ўжыванні і строга прытрымлівацца ўказаных рэкамендацый пры апрацоўцы скуры або адзення.
Па-трэцяе, пасля кожнай прагулкі неабходна старанна аглядаць скуру. Кляшчы аддаюць перавагу ўчасткам з далікатнай скурай, дзе цёпла, суха і няма ветру. Гэта вобласці за вушамі, шыйныя, падпахавыя, пахвінныя, падкаленныя і локцевыя, а таксама прамежкі паміж пальцаў. Уважлівы агляд гэтых зон істотна зніжае рызыку таго, што клешч застанецца незаўважаным.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ