Алгарытм дзеянняў нагадалі ва УУС Мінскага аблвыканкама.
Вясной у дачнікаў дадаецца клопатаў. У гэты перыяд не толькі надыходзіць час для першай расады, часам здараюцца і трывожныя моманты. «Пасля сезоннай адсутнасці ў дачным доме некаторыя гаспадары заўважаюць, што на ўчастку пабывалі няпрошаныя госці. Калі такое здарылася, захоўвайце спакой. Ад вашых дзеянняў шмат у чым залежыць шанц на раскрыццё злачынства», — падкрэслілі вартавыя парадку.
ПЕРШАЕ І САМАЕ ВАЖНАЕ: нічога не чапайце і не ўваходзьце ўнутр! Як толькі вы зойдзеце ў дом, каб праверыць, ці на месцы тэлевізар, вы можаце знішчыць сляды зламысніка.
Асноўныя дзеянні
-
Выклічце міліцыю па нумары 102.
-
Затым агледзьцеся вакол: ці не прымята трава каля плота, ці няма чужых недакуркаў або слядоў пратэктараў шын каля варот.
-
Сфатаграфуйце гэта з адлегласці, не набліжаючыся.
-
Апытайце суседзяў: магчыма, нехта жыве на лецішчы круглы год і бачыў падазроны транспарт ці незнаёмых людзей нейкі час таму.
-
У чаканні супрацоўнікаў міліцыі паспрабуйце ўспомніць асаблівыя прыкметы каштоўных рэчаў: драпіны на інструменце, марку электратэхнікі, наяўнасць дакументаў або каробак ад інструментаў.
А каб не стаць ахвярай злачынства, выконвайце наступныя рэкамендацыі па прадухіленні крадзяжу маёмасці:
-
не варта пакідаць на дачы каштоўныя рэчы, дарагія прылады лепш забраць з сабой ці пакінуць на захоўванне добра знаёмым суседзям;
-
калі вы знаходзіцеся на ўчастку, не варта пакідаць каштоўнасці ў свабодным доступе, асабліва на бачных месцах. Крадзеж інструмента — справа хвілінная;
-
не будзе лішнім максімальна абмежаваць доступ старонніх як у жыллё, так і ў гаспадарчыя пабудовы;
-
устанавіце моцныя дзверы з трывалымі замкамі, на вокны рэкамендуецца паставіць рашоткі.