Захаваць заробленае
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
— Укараненне лічбавых тэхналогій павінна суправаджацца не менш актыўнай работай па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Як паказала практыка, у большасці выпадкаў людзі самі даюць ашуканцам інфармацыю для доступу да сваіх рахункаў. Таму задача банкаў — працягнуць шырокамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб найбольш распаўсюджаных і новых спосабах здзяйснення кіберзлачынстваў, а таксама аб мерах па іх прафілактыцы.
У ходзе нарады з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў, 9 верасня 2025 года.
Цяперашняя злачыннасць трансфармавалася: больш за 90 % усіх махлярстваў і 80 % — вымагальніцтваў перайшлі ў лічбавае асяроддзе. Як засцерагчыся ад страты грошай, расказалі эксперты ў ток-шоу на «Першым інфармацыйным». Гасцямі эфіру сталі намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун, начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Кавалёў і начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта Андрэй Матолька.

«Алё, мама»
Маргінальнай альбо вулічнай злачыннасці становіцца менш, яна сыходзіць у лічбу, канстатаваў Андрэй Кавалёў. А вось колькасць махлярстваў, звязаных з лічбавай сферай, наадварот, расце:
— Гэта так званы бытавы фрод (злачынныя дзеянні ў лічбавым асяроддзі. — Заўв. аўт.), пачынаючы з маркетплэйсаў, інтэрнэт-крам, нейкіх паслуг... Мы сталі бестурботныя: гэта зручна — аплачваць любую паслугу, тавар, нікуды не выходзячы, седзячы дома на канапе. Але не ўсе разумеюць, што можна рабіць, а што катэгарычна нельга. Небяспеку ўяўляюць сайты знаёмстваў, дастаўка тавараў, крыптавалюта, гульнявыя, адукацыйныя супольнасці і гэтак далей.
У сваю чаргу Андрэй Матолька адзначыў, што на сёння злачынствы ў лічбавым асяроддзі здзяйсняюць не асобныя хакеры, а цэлая злачынная супольнасць транснацыянальнага характару, якая мае дакладнае дзяленне функцыяналу, члены якога могуць быць размешчаны ў розных краінах.
— Калі казаць з пункту гледжання схем, то, як правіла, большая частка — парадку 38 % — вішынг. Гэта званкі ад нібыта супрацоўнікаў сотавых аператараў сувязі, банкаўскіх работнікаў, камунальных службаў, пад выглядам водаканала, альбо замены дамафона, альбо праваахоўных органаў. Гэта ўсім вядомыя схемы «Алё, мама», «Фэйкбос», «Фэйкцім». Альбо нібыта неабходнасць пакласці грошы на бяспечны рахунак, альбо застрахаваць нейкую суму.
Наступная па распаўсюджанасці схема, па словах спікера, на якую прыпадае 37 % злачынстваў, звязаная з выкарыстаннем Інтэрнэту і сацыяльных сетак, датычыцца набыцця тавару, аказання паслуг, арэнды кватэр:
— Асабліва з боку сацыяльных сетак, у прыватнасці Іnstagram, які на сёння ўжо не проста сацыяльная сетка, а маркетплэйс.
Андрэй Картун у сваю чаргу дапоўніў, што гэта самыя складаныя па раскрывальнасці віды махлярства:
— Калі грошы сышлі і чалавек, напрыклад, праз месяц, не атрымаўшы тавар, заяўляе аб выпадку махлярства, вядома, мы яму дапамагчы ўжо не можам.
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка растлумачыў, што, па даных рэгулятара, у мінулым годзе з-за махлярстваў у лічбавай сферы беларусы не далічыліся каля 54 мільёнаў рублёў.

Ён дадаў, што паўтары гады таму пачала працаваць аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ), з дапамогай якой 10 % такіх выпадкаў былі спыненыя, а аперацыі заблакіраваныя. Дарэчы, банкаўскія тэхналогіі процідзеяння махлярству развіваюцца:
— Цяпер ёсць магчымасць зняць у банкамаце грошы, не маючы карткі з сабой. Зручна? Зручна. Але ў трэцім квартале (адбыўся. — Заўв. аўт.) усплёск — павелічэнне ў тры разы кіберзлачынстваў па вывадзе грашовых сродкаў наяўным шляхам. Адпаведна, мы хутка зарыентаваліся і ўвялі так званыя абмежаванні па зняцці грошай, то-бок сутачныя ліміты.
Аплата неіснуючага сертыфіката
Андрэй Матолька расказаў пра схемы, ад якіх таксама пацярпелі юрыдычныя асобы:
— У дачыненні да 54 мільёнаў рублёў, згодна з аўтаматызаванай сістэмай апрацоўкі інцыдэнтаў, 53 мільёны з іх — гэта грошы фізічных асоб, то-бок простых грамадзян. Разам з тым у нас маюцца факты, калі і суб’ектам гаспадарання прычыняецца шкода ў выніку кібермахлярства.
Ён паведаміў, што ў вытворчасці Следчага камітэта ёсць крымінальная справа па факце кол-цэнтра, удзельнікі якога пад выглядам неабходнасці набыцця неіснуючых сертыфікатаў адпаведнасці падманвалі суб’ектаў гаспадарання нашай краіны:
— Каля 300 суб’ектаў гаспадарання (трапілі на гэту вуду. — Заўв. аўт.) пад падставай набыцця такіх сертыфікатаў для ажыццяўлення пэўных здзелак.
Госць праграмы прывёў яшчэ адзін прыклад падману юрыдычных асоб:
— Пэўная група шыфравальшчыкаў, аб’яднаўшыся і ўступіўшы ў змову з ашуканцамі, ажыццяўляла несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, шыфраванне той інфармацыі, якая маецца, і затым патрабавала выкуп за расшыфраванне. Каля 102 суб’екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь сталі ахвярамі такой дзейнасці кібермахляроў.
Па словах Андрэя Кавалёва, застаецца за кадрам і частка злачынстваў, калі пацярпелыя нікуды не звяртаюцца:
— Калі рэалізуецца паспяховы кейс, мы прыходзім да людзей, у дачыненні да якіх было здзейснена злачынства год-два таму, але яны не звярталіся (у праваахоўныя органы. — Заўв. аўт.), яны былі ўпэўненыя, што мы не высветлім злачынцу, а грашовыя сродкі вярнуць не атрымаецца.
Латэнтнасць па гэтай катэгорыі вельмі высокая, адзначае спікер:
— Сёння ў Мінску ўдзельная вага такіх злачынстваў звыш 40 %. Па краіне мы пераадолелі гістарычны максімум — звыш 30 % — і ён будзе расці. З улікам такой латэнтнасці прагназуем да канца года не менш за 35 %.
Як выводзяць грошы?
Начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта, спасылаючыся на практыку расследавання крымінальных спраў, паведаміў, што каля 30 % выпадкаў прыпадае на ланцужок банкаўскіх пераводаў з наступным вывадам грошай за межы дзяржавы, яшчэ каля 30 % — калі ланцужок банкаўскіх пераводаў заканчваецца атрыманнем наяўных грошай, яшчэ парадку 30 % — сітуацыі, калі ў выніку пэўных банкаўскіх ланцужкоў пераводаў грошы трансфармуюцца ў крыптавалюту, лічбавыя актывы.

У гэтай сувязі спікеры звярнулі ўвагу на эфектыўнасць інструментаў, прынятых на ўзроўні дзяржавы: адпаведных указаў па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям, у сферы абароту крыптавалюты, па абароне персанальных даных і іншае.
Андрэй Картун як прыклад агучыў алгарытм работы сістэмы АСАІ:
— Гэта ядро, куды сцякаецца інфармацыя ад усёй банкаўскай сістэмы. Яе (сістэмы АСАІ. — Заўв. аўт.) перавага ў тым, што любая падазроная дзейнасць у нейкім банку тут жа трапляе ў цэнтральную сістэму, і ўсе бачаць тое, што адбылося ў гэтым банку.
Далей — больш:
— З 1 ліпеня ў нас уступае ў дзеянне адзіная антыфрод-сістэма для ўсіх банкаў. Гэта адзіныя патрабаванні, адзіныя стандарты, якія будуць пастаянна ўдасканальвацца. І ў гэтым кірунку, вядома, патрабаванні да банкаўскай сістэмы будуць ўзмацняцца.
Але і самім грамадзянам не варта губляць пільнасць, выконваючы элементарныя правілы лічбавай гігіены. Тады і зберажэнні будуць цэлыя.
У тэму
Правілы лічбавай гульні
Эксперты абмеркавалі шляхі далейшага ўдасканалення нацыянальнай сістэмы збору, захоўвання і перадачы інфармацыі
У сучасным свеце персанальныя даныя — не проста набор звестак пра чалавека. Асабістая інфармацыя становіцца інструментам доступу да мноства зручных сэрвісаў. Але разам з тым з’яўляецца і аб’ектам нападаў зламыснікаў. Як знайсці заканадаўчы баланс паміж практычнасцю і надзейнасцю? Па якіх алгарытмах павінны працаваць рэгулятыўныя механізмы ў сферы высокіх тэхналогій? Для чаго нам патрэбны лічбавы суверэнітэт? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі форуму «Абарона персанальных даных: ад закона да даверу і бяспекі».
Рызыка — справа невысакародных
Інтэлектуальныя сістэмы, створаныя ў дапамогу чалавеку, у руках зламыснікаў ператвараюцца ў каналы ўцечкі даных. Таму пошук збалансаваных рэгулятыўных механізмаў у сферы штучнага інтэлекту з’яўляецца ключавым пытаннем, лічыць галоўны саветнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Віталь Хаменка. З аднаго боку, ШІ-тэхналогіі надзяляюць карыстальнікаў бясспрэчнымі перавагамі, з другога, — нясуць у сабе сур’ёзныя рызыкі. Ёсць сферы, якія складана кантраляваць па аб’ектыўных прычынах. Асабліва ў тых выпадках, калі перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца на полі геапалітычнай барацьбы. На думку эксперта, у выніку штучнай манапалізацыі рынку высокіх тэхналогій узмацняецца тэхналагічная няроўнасць. Такая палітыка прыводзіць да тэхналагічнага адставання тых краін, якія сталі аб’ектамі несумленнай гульні.
Віталь Хаменка прапануе задумацца пра тое, дзе пралягае тонкая мяжа, за якой ШІ з карыснага сэрвісу ператвараецца ў небяспечную з’яву. Праблема даверу інфармацыі, народжанай машынным мозгам, набывае трансгранічны характар. У прыватнасці, паводле некаторых міжнародных даследаванняў, больш за 60 % карыстальнікаў прымаюць выдадзеныя ШІ вынікі на веру, не падвяргаючы іх сумневу. Што ў сваю чаргу прыводзіць да памылак у прафесійнай дзейнасці. З улікам таго, што лічбавыя тэхналогіі сёння актыўна пранікаюць ва ўсе сферы нашага жыцця, уключаючы медыцыну, адукацыю, дзяржкіраванне і г. д., у грамадстве ўжо паспеў запыт на распрацоўку зразумелых правіл у галіне выкарыстання штучнага розуму.

Зблізіць пазіцыі
Лічбавыя прадукты, і нават вельмі прасунутыя, не з’яўляюцца суб’ектамі права. Таму межы іх «паўнамоцтваў» павінен устанаўліваць чалавек у ходзе заканатворчай дзейнасці. Важна дакладна вызначыць зоны адказнасці распрацоўшчыкаў, уладальнікаў і карыстальнікаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На думку намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргея Касаніна, грунтуючыся на аналізе наяўных даных, трэба шукаць баланс паміж правам чалавека на бяспеку і інтарэсамі распрацоўшчыкаў лічбавых прадуктаў. Занадта жорсткі падыход можа запаволіць развіццё тэхналагічнага сектара, а занадта мяккі — выклікаць усплёск супрацьпраўных дзеянняў.
Дарэчы, міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў-удзельніц СНД прыняты мадэльны закон «Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту», які павінен стаць асновай для нацыянальных заканадаўстваў у гэтай сферы. Міжведамасная рабочая група з прадстаўнікоў 30 беларускіх арганізацый ужо прыступіла да распрацоўкі канцэпцыі выкарыстання і развіцця штучнага інтэлекту і праекта комплекснага закона.
Спробам асобных краін манапалізаваць сферу высокіх тэхналогій Беларусь мае намер супрацьпаставіць стратэгію пабудовы лічбавага суверэнітэту. Паколькі пераход ад мадэлі электроннага ўрада да лічбавай дзяржавы павінен адбыцца ў найбліжэйшай будучыні, самы час распачаць будаўніцтва адпаведнай экасістэмы. Яе архітэктура падрабязна апісана ў Дзяржаўнай праграме «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады. Пытанне інфраструктуры кіравання данымі займае ў дакуменце важнае месца. Збор, апрацоўка і перадача інфармацыі павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці з прынцыпамі функцыянальнасці і бяспекі. У ліку першачарговых задач — ліквідацыя рызык дамінавання імпартных праграмных рашэнняў у лічбавай інфраструктуры, якія прыводзяць да стратэгічных і эканамічных страт.

Для выяўлення фактараў, якія тармозяць развіццё сферы высокіх тэхналогій, апісвае працэс аўдыту ІT-прасторы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Антон Аляксееў, спецыялісты міністэрства пастаянна манітораць сітуацыю.
Развіццё нацыянальнай ІT-індустрыі з’яўляецца прыярытэтнай задачай. Але разам з тым, падкрэслівае Антон Аляксееў, Беларусь адкрыта да адказнага партнёрства. Мы не атаясамляем суверэнітэт з «жалезнай заслонай», не адгароджваемся і не імкнёмся да стопрацэнтнага імпартазамяшчэння. Гэта нерэальна. Мэта іншая — забяспечыць стабільнасць лічбавай сферы. Калі замежная ІT-кампанія прадастаўляе гарантыі захавання правіл гульні на беларускім рынку, дзверы для яе адчынены.
Шэраг навацый чакае і закон «Аб абароне персанальных даных». Узмацнення жорсткасці правіл іх апрацоўкі не плануецца, запэўніў удзельнікаў форуму дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў. Але ёсць некаторыя праблемы, звязаныя з ужываннем дакумента. Маюць месца адмовы ў прадастаўленні арганізацыям і грамадзянам неабходных звестак. Складанасці ўзнікаюць з-за няўзгодненасці галіновых нарматыўных прававых актаў з заканадаўствам аб персанальных даных. Для ліквідацыі несупадзенняў прымаюцца канкрэтныя меры па ўніфікацыі прававога поля. Больш за 600 нарматыўных прававых актаў ужо ўвязаны з патрабаваннямі па абароне асабістай інфармацыі. І гэтая праца будзе працягвацца.
Закон, падкрэсліў Андрэй Гаеў, носіць папераджальны характар. І накіраваны перш за ўсё на тое, каб знайсці раўнавагу паміж інтарэсамі суб’ектаў выкарыстання інфармацыі і правам чалавека абараніць сябе ў лічбавым свеце. Нацыянальнае заканадаўства нам гэта права гарантуе. Але калі мы неабдумана прадстаўляем даныя пра сябе замежным інтэрнэт-рэсурсам, уключаецца ўжо наша асабістая адказнасць за праяўленую бестурботнасць.
Таццяна ШЧАДРАНОК