Top.Mail.Ru

Што прыводзіць да раку грудзей і як яго раней распазнаць?

Рак малочнай залозы — самае распаўсюджанае анкалагічнае захворванне ў жанчын. Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у свеце рэгіструецца 2,2 мільёна новых выпадкаў. У некаторых развітых краінах гэта анкапаталогія ўжо апярэдзіла па смяротнасці сардэчна-сасудзістыя захворванні. Яе каварства ў тым, што на ранніх стадыях захворванне звычайна працякае бессімптомна. Жанчына нават не падазрае, што носіць у грудзях «бомбу запаволенага дзеяння». Часцей за ўсё пухліну знаходзяць выпадкова. І, на жаль, не рэдкасць, калі да гэтага моманту працэс ужо зайшоў занадта далёка. Аднак у выпадку анкалогіі менавіта ранняя дыягностыка і своечасова пачатае лячэнне — залог захавання жыцця 
і здароўя жанчыны. Як засцерагчы сябе і якія абследаванні праходзіць, расказала ўрач акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Яўгенія МАСКАЛЬЧУК.


— Якія жанчыны ў групе рызыкі?

— Трэба сказаць, што рак малочнай залозы — гэта злаякасная пухліна, якая развіваецца з клетак тканкі малочнай залозы. Гэта самы распаўсюджаны від раку сярод жанчын як у свеце, так і ў Беларусі. Самы часты тып пухліны (у 70–80 % выпадкаў) — інвазіўная пратокавая карцінома.

У групе рызыкі жанчыны, старэйшыя за 40 гадоў, асабліва пры наяўнасці сямейнага анамнезу (мутацый BRCA1/BRCA2). Сярод фактараў рызыкі таксама познія роды або адсутнасць родаў, працяглы прыём гарманальных кантрацэптываў або замяшчальнай гарманальнай тэрапіі, гарманальныя парушэнні, атлусценне або маларухомы лад жыцця, курэнне, ужыванне алкаголю. Мужчыны таксама могуць хварэць на дадзены тып раку, але гэта менш за 1 % ад усіх выпадкаў.

Адным з фактараў рызыкі, як я адзначыла, з’яўляецца ўзрост. Чым старэйшая жанчына, тым больш у яе шанцаў захварэць. Верагоднасць раку малочнай залозы рэзка павялічваецца пасля 50 гадоў, дасягаючы максімуму ў 55–60 гадоў.

— Ці шмат выпадкаў выяўляецца на ранніх стадыях, калі лячэнне значна больш паспяховае?

— Паводле апошніх звестак СААЗ, ІARC, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, у Беларусі захваральнасць складае прыкладна 56 выпадкаў на 100 тысяч жанчын у год. Такім чынам, штогод выяўляецца каля 5 тысяч новых выпадкаў раку малочнай залозы. Смяротнасць складае каля 13 выпадкаў на 100 тысяч жанчын, а 5-гадовая выжывальнасць у Беларусі ацэньваецца прыкладна ў 80 %, што блізка да паказчыкаў краін Усходняй Еўропы. У тым ліку і дзякуючы таму, што да 75 % выпадкаў выяўляюцца на І-ІІ стадыях падчас скрынінгу — мамаграфіі і УГД.

— Ці можа сама жанчына западозрыць праблему і ў якіх выпадках трэба тэрмінова звяртацца да ўрача?

— Клінічныя праявы раку малочнай залозы залежаць ад стадыі захворвання, тыпу пухліны і лакалізацыі, але ёсць шэраг тыповых сімптомаў, на якія важна звяртаць увагу. Найперш гэта змены ў малочнай залозе. Ушчыльненне або вузельчык у грудзях — найбольш часты сімптом. Звычайна ён бязбольны, шчыльны, з няроўнымі бакамі, не знікае пасля менструацыі. Насцярожыць павінна і дэфармацыя формы грудзей: уцягванне ўчастка скуры, памяншэнне аб’ёму, асіметрыя.

Сярод небяспечных сімптомаў і змяненне скуры. Гэта як уцягванне або маршчыністасць (так званы «сімптом цытрынавай коркі»), так і пачырваненне, ацёк, лакальнае патаўшчэнне. Варта не пакідаць без увагі змены саска і арэолы, выдзяленні, асабліва крывяністыя або серозныя, павелічэнне падпахавых лімфавузлоў. Слабасць, стамляльнасць, пахудзенне, страта апетыту, боль у касцях, задышка, кашаль. Але такія сімптомы з’яўляюцца ўжо пры запушчаным працэсе.

— Якія абследаванні варта праходзіць і ў якім узросце?

— Просты, бясплатны і эфектыўны спосаб ранняга выяўлення магчымых змен у грудзях, даступны кожнай жанчыне, — самаабследаванне. Менавіта яно, калі праводзіць яго рэгулярна, раз на месяц, дапамагае выявіць пухліну на ранняй стадыі, калі лячэнне найбольш эфектыўнае. Усе пералічаныя сімптомы можна выявіць якраз падчас самаабследавання. Яго варта рабіць у першы тыдзень пасля менструацыі. Для гэтага размясціцеся перад люстэркам, падніміце рукі наверх і ўважліва ацаніце вонкавы выгляд малочных залоз. Далей па чарзе прамацайце кожную залозу на наяўнасць ушчыльненняў.

У дыягностыцы дабраякасных і злаякасных захворванняў малочных залоз дапамагаюць УГД малочных залоз, мамаграфія, МРТ малочных залоз. Маладым жанчынам да 40 гадоў з-за перавагі жалезістай тканкі ў структуры малочнай залозы рэкамендуецца праходзіць УГД, пасля 40 гадоў — мамаграфію. Але дадзеныя метады дапаўняюць адзін аднаго, пры падазрэнні на ўтварэнні выкарыстоўваецца камбінацыя даследаванняў.

Парады гінеколага
1. Праводзьце самаабследаванне раз у месяц.

2. Адзначайце ўсе змены — іх можна запісваць або фатаграфаваць для параўнання.

3. Нават пры адсутнасці скаргаў праходзьце:

► УГД малочных залоз раз у год з 18 гадоў, а пры наяўнасці скаргаў — раней. 

► Мамаграфію з 49 да 70 гадоў раз на 2 гады. 

► УГД малочных залоз раз у 6 месяцаў і МРТ малочных залоз з кантраставаннем штогод пры носьбіцтве мутацыі генаў BRCA1/BRCA2. 

4. Звяртайце ўвагу на наяўнасць у сямейным анамнезе ў сваякоў раку малочнай залозы, яечнікаў, кішэчніка, прастаты. Пры абцяжараным анамнезе па дадзеных відах раку рэкамендавана абследаванне на мутацыі генаў BRCA1/BRCA2. Яго можна прайсці ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава.

Алена КРАВЕЦ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю