Top.Mail.Ru

Што прапануюць сенатары супраць ужывання вэйпаў

У пятніцу ў Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне экспертнага савета. На ім сенатары і запрошаныя эксперты абмеркавалі праект закона «Аб тытунёвай сыравіне, тытунёвых, нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабах, электронных сістэмах курэння і вадкасцях для іх, сістэмах для спажывання тытуню». Таксама тут прапанавалі ўвесці крымінальную адказнасць за продаж вэйпаў непаўналетнім і многае іншае.


Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў паведаміў, што ў выкананне даручэнняў Прэзідэнта канцэрнам сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі падрыхтаваны праект закона «Аб тытунёвай сыравіне, тытунёвых, нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабах, электронных сістэмах курэння і вадкасцях для іх, сістэмах для спажывання тытуню». Асноўнай мэтай законапраекта з’яўляецца забеспячэнне адзінага комплекснага падыходу да дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых і нетытунёвых вырабаў і ўзмацненне жорсткасці дзяржаўнага кантролю за патэнцыяльна небяспечнай прадукцыяй для здароўя і жыцця спажыўцоў.

«Па розных экспертных ацэнках доля нелегальнага абароту нетытунёвай прадукцыі складае да 75 %. Зыходзячы з патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, у мэтах узмацнення жорсткасці дзяржаўнага кантролю праектам закона прадугледжваецца абмежаванне кола суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць вытворчасць і абарот нетытунёвых вырабаў», — паведаміў Алег Жыдкоў. 

У сваю чагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы адзначыў, што прыняцце законапраекта дазволіць арганізаваць эфектыўны кантроль за абаротам нікаціназмяшчальных вырабаў. Ён заўважыў, што пытанне абароту вэйпаў вельмі значнае і шырока абмяркоўваецца ў грамадстве і дзяржаўных органах. 

Новыя падыходы да рэгулявання абароту вэйпаў дэталёва разгледжаны членамі экспертнага савета, і большасць з іх законапраект падтрымалі, падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі. «Яго прыняцце дазволіць арганізаваць эфектыўны кантроль за абаротам як тытунёвых, так і нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабаў, электронных сістэм курэння. Разам з тым ад членаў экспертнага савета, нашых спецыялістаў, якім мы далі дакумент на разгляд, паступіў цэлы шэраг заўваг і прапаноў», — звярнуў увагу Міхаіл Русы.

Па-першае, прапануецца выключыць з законапраекта палажэнне, якое прадугледжвае магчымасць вытворчасці нетытунёвых нікаціназмяшчальных вырабаў, а таксама электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх на тэрыторыі краіны. «Прапануецца таксама ўвесці крымінальную адказнасць за продаж непаўналетнім як тытунёвай, так і нетытунёвай нікаціназмяшчальнай прадукцыі, электронных сістэм курэння і сістэм для спажывання тытуню», — заўважыў парламентарый. 

Акрамя гэтага, прапанавана ўстанавіць забарону на выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб’ектаў слоў, якія дазваляюць зразумець, што ў гэтым аб’екце прадаюцца такія вырабы, вадкасці або сістэмы, напрыклад, слова «вэйп». «Законапраектам уводзіцца забарона толькі на афіцыйныя тэрміны: нетытунёвыя нікаціназмяшчальныя вырабы, вадкасці для электронных сістэм курэння, электронныя сістэмы курэння, сістэмы для спажывання тытуню, а таксама словы, падобныя па напісанні з гэтымі тэрмінамі», — патлумачыў сенатар.

Таксама на экспертным савеце прапанавалі прадугледзець колькасныя абмежаванні ў дачыненні да тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі арганізатарамі міжнародных выставак, кірмашоў і іншага. «Гэта рэгулюецца, але ёсць прабелы, якія дазваляюць завезці вялікія аб’ёмы», — адзначыў Міхаіл Русы. Акрамя гэтага, прапануецца зрабіць больш жорсткай адміністрацыйную адказнасць за парушэнне парадку вытворчасці і абароту гэтай прадукцыі з улікам шкоды здароўю і жыццю грамадзян.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Марына Ільіна ў размове з журналістамі падкрэсліла, што гаворка ідзе, па-першае, пра здароўе дзяцей і падлеткаў, а па-другое, пра тое, што любая залежнасць — гэта дрэнна. «Мы гаварылі аб неабходнасці ўзмацнення жорсткасці мер, якія прымае дзяржава. Сярод іх — абавязковае ліцэнзаванне вытворчасці нікаціназмяшчальных і безнікацінавых прылад, абавязковая сертыфікацыя, а таксама поўная забарона рэкламы такой прадукцыі».

Асобна на мерапрыемстве абмяркоўвалі прафілактычную работу, накіраваную на растлумачэнне маладому пакаленню шкоды любых залежнасцяў. «Сёння прагучала, што гэтым павінна займацца не толькі школа і ўстановы адукацыі. Усё грамадства павінна згуртавацца і расказваць, што здаровы лад жыцця — менавіта той напрамак, у якім павінны рухацца нашы маладыя людзі, — заўважыла яна. — Вэйпы ўжо ўжываюць 10-гадовыя школьнікі, і педагогі актыўна з гэтым змагаюцца ўсімі магчымымі спосабамі. Верагодна, якраз тыя меры, якія цяпер прапісаны ў законапраекце, знойдуць сваё практычнае прымяненне. Камісіі па справах непаўналетніх цяпер могуць складаць пратаколы ў выпадках, калі дарослыя ўцягваюць дзяцей ва ўжыванне, а таксама пры продажы вэйпаў непаўналетнім. Я перакананая, што калі мы сёння аб’яднаем намаганні, а закон будзе сапраўды жорстка рэгламентаваць вытворчасць, продаж і ўжыванне такіх прылад, мы даможамся патрэбнага выніку».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю