Top.Mail.Ru
339

Што прапануе фінансавы маркетплэйс «Фінмаркет»

Напрыканцы мінулага года Беларуская валютна-фондавая біржа запусціла новую анлайн-платформу па продажы акцый і каштоўных папер, якая даступная і для фізічных асоб. Каб абараніць інвестараў ад нядобрасумленных укладанняў, на пляцоўцы прадаюцца толькі каштоўныя паперы, якія прайшлі працэдуру лістынгу і ўключаныя ў каціравальныя лісты БВФБ.


Крок наперад

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр ЯГОРАЎ адзначыў, што запуск платформы «Фінмаркет» — гэта не проста ўкараненне новага лічбавага сэрвісу: «Гэта крок да фарміравання сучаснай, адкрытай і тэхналагічнай інфраструктуры, якая забяспечыць любому жыхару нашай краіны зручны і бяспечны доступ да фінансавых паслуг».

Фінансавы маркетплэйс наўпрост паляпшае даступнасць інструментаў фондавага рынку, перш за ўсё для насельніцтва. Гэта сегмент, які пакуль недастаткова ахоплены альтэрнатыўнымі фінансавымі прадуктамі. «Наша задача — максімальна ўцягнуць усіх жыхароў нашай краіны ў такі працэс. Гэта адпавядае прыярытэтам: далейшаму развіццю фондавага рынку і павелічэнню аб’ёмаў фінансавання інвестыцыйнай дзейнасці камерцыйных арганізацый за кошт актывізацыі гандлю акцыямі на валютна-фондавай біржы. Мы ўпэўненыя, што з дапамогай „Фінмаркета“ гэтыя мэты здабудуць практычнае ўвасабленне», — перакананы Аляксандр Ягораў.

На маркетплэйсе можна набываць фінансавыя прадукты без неабходнасці наведвання фінансавай установы. «Гэты праект — частка больш шырокай задачы: забяспечыць роўны доступ усіх жыхароў нашай краіны да фінансавых паслуг і інструментаў, павысіць празрыстасць рынку і стымуляваць развіццё доўгатэрміновых інвестыцый. Мы імкнёмся павысіць узровень зберажэнняў насельніцтва», — сказаў Аляксандр Ягораў.

На пляцоўцы — праз 5 хвілін

Тым часам старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) Андрэй АЎХІМЕНЯ лічыць, што на гэтай пляцоўцы кліент рэгіструецца не больш чым за пяць-сем хвілін: «Працэс просты: мы далучаныя да міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, таму ўся інфармацыя пра кліента ўжо маецца. Яна падгружаецца, правяраецца, і рэгістрацыя завяршаецца. Тыя, хто хутчэй працуе са смартфонам або камп’ютарам, зробяць гэта яшчэ больш аператыўна».

Пляцоўка маркетплэйса дазваляе кліентам атрымліваць якасныя фінансавыя прадукты анлайн і адкрываць рахункі дэпо без неабходнасці хадзіць у дэпазітарый, заключаць дагаворы фізічна. У рэгіёнах без дэпазітарыяў такая магчымасць асабліва каштоўная. «Мы факусіруемся на інвестыцыях: каштоўныя паперы можна трымаць да пагашэння або бестэрмінова, што падтрымлівае Нацыянальны банк у прасоўванні доўгатэрміновых укладанняў», — расказаў Андрэй Аўхіменя.

Сёлета на платформе стануць даступныя банкаўскія і страхавыя прадукты: дэпазіты, банкаўскія карты, крэдыты, разліковыя паслугі. Грамадзяне змогуць зручна параўноўваць прапановы розных банкаў з іх рознымі інтэрфэйсамі, праграмамі і тарыфамі. «У нас адзіныя, зразумелыя і празрыстыя тарыфы, плюс магчымасць адразу атрымаць паслугу. Ужо цяпер у рэжыме анлайн заключана некалькі здзелак на гэтай платформе», — удакладніў старшыня біржы.

З 18 гадоў і выключна за рублі

На фінансавым маркетплэйсе сустракаюцца прадаўцы і пакупнікі «грашовых» прадуктаў. Фінансавыя паслугі — гэта той жа тавар, таму стварэнне такой вітрыны страхавых, банкаўскіх і фондавых паслуг дае магчымасць кліенту выбраць патрэбную яму і інвеставаць пакуль што ў такія каштоўныя паперы, як акцыі і аблігацыі. Гэты інструмент дазваляе ўсё рабіць дыстанцыйна і без пасрэднікаў.

Хто можа быць удзельнікам таргоў на гэтым маркетплэйсе? Адказ просты — любы чалавек, старэйшы за 18 гадоў. Як вядома, банкаўскія структуры, прапаноўваючы фінансавыя паслугі, выкарыстоўваюць увесь спектр і разнастайнасць валют. Нацыянальная платформа прытрымліваецца больш патрыятычнага погляду на гэтыя рэчы. Акрамя таго, па словах Аляксандра Ягорава, кірунак на дэдаларызацыю эканомікі яшчэ ніхто не адмяняў. «Прынамсі базавыя крэдыты дакладна будзем спрабаваць запусціць праз маркетплэйс», — упэўнены першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Што фінансавы маркетплэйс можа змяніць на рынку доўгачасовых інвестыцый? «З аднаго боку, для грамадзян з’явілася такая магчымасць бясшвова купіць каштоўныя паперы, адкрыць рахунак. З іншага боку, для нашых прадпрыемстваў з’яўляюцца рэсурсы, каб будаваць новую вытворчасць, ствараць працоўныя месцы, адкрываць новыя фабрыкі», — адзначыў Аляксандр Ягораў.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Аляксей ВАСІЛЬЕЎ лічыць, што «Фінмаркет» становіцца платформай, якая забяспечвае просты і бяспечны доступ да інвестыцыйных прадуктаў без звароту ў фінансавыя ўстановы, спрыяючы пашырэнню магчымасцяў для ўсіх удзельнікаў рынку. Гэта апраўданы і лагічны крок у частцы развіцця лічбавай экасістэмы фінансавага рынку Беларусі. «Гэта актуальна і ў кантэксце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады», — адзначыў Аляксей Васільеў.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю