Top.Mail.Ru
458

Што прапаноўвае галерэя «МЫ.» у цэнтры Мінска?

Альтэрнатыўная гісторыя

Варыянты інтэрпрэтацыі твора мастацтва заўсёды нараджаюць цікавую гутарку ўсіх зацікаўленых — ад публікі да мастацтвазнаўцаў. Для многіх сучасных аўтараў, якія працуюць, напрыклад, у жывапісе, графіцы, фатаграфіі, гэта не толькі адна з крыніц натхнення — а цэлае мастацкае даследаванне. Тлумачэнне і раскрыццё сэнсу, аналіз формы і зместу з часам прымушаюць мастака стаць на зайздросны, аднак рызыкоўны шлях — стварэнне новага мастацкага свету, напісанне пэўнай версіі альтэрнатыўнай гісторыі. Небяспечнасць у тым, што падчас такой сур’ёзнай гульні можна схібіць — і вынік атрымаецца непераканаўчы, а давер гледача будзе страчаны...

У галерэі «МЫ.», якая адносна нядаўна адкрылася ў Мінску — у будынку «Вялікі гасцінны двор» на плошчы Свабоды, працуе выстаўка «Bad story art». Гледачу прапаноўваецца кепскае (ці нядобрае?) апавяданне, прысвечанае розным старонкам гісторыі выяўленчага мастацтва. Такім чынам арганізатары прымушаюць самому вырашаць, якой выглядае і адчуваецца прапанаваная гісторыя, і выбіраць з мноства думак і пачуццяў, што ўзнікаюць падчас знаёмства з выстаўкай, галоўныя. Іх будзе нямала — да такой высновы падштурхоўвае ў тым ліку рэакцыя публікі падчас адкрыцця «Bad story art». А сустрэла яна экспазіцыю вельмі цёпла. 

І анонс, і эксплікацыя, і ўся канцэпцыя выстаўкі прэзентуюцца такім чынам, што наведвальнік галерэі да апошняга не разумее, што ўяўляе сабой экспазіцыя і хто, акрамя, зразумела, куратара, яе ствараў. А кіравала працай Кацярына Янкоўская, якую мастацкая суполка ведае найперш па арганізацыі шматлікіх праектаў у Палацы мастацтва. Гэтым разам яна шчыравала над экспазіцыяй, прысвечанай ключавым стылям эпохі мадэрнізму, авангардызму і постмадэрнізму. Паўсюль — выкарыстанне гучных імён, прачытанне спадчыны славутых мастакоў, а вось мастак, інтэпрэтатар, калі можна так сказаць у дачыненні да яго, знарок хаваецца. Але менавіта Слава Наваслаўскі дае гледачу падставу разважаць аб розных трансфармацыях выяўленчага мастацтва, унікальнасці і плагіяце і, у рэшце рэшт, аб магчымасцях выдуманай рэальнасці, альтэрнатыўнай гісторыі. Наўмысныя, аднак не надта хітрыя хованкі ад гледача — у рамках задумы, згодна з ідэяй... 

«Bad story art» — праект падкрэслена мудрагелісты і ёмісты. Аднак шмат у ім і гумару, без яго складана разважаць пра мінулае, апісваць сучаснасць і ўяўляць будучыню, аб чым нібыта і клапоціцца мастак. З гумарам проста неабходна падыходзіць да знаёмства з выстаўкай і гледачу, тады ён, хутчэй за ўсё, здолее ўбачыць нешта большае. Работы ў галерэі «МЫ.» будуць дэманстравацца да 19 кастрычніка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю