Top.Mail.Ru

Што пісалі беларускія класікі пра добраўпарадкаванне?

«Над гародам і садам — сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеню, „беларускага апельсіна“. А ўначы, калі ляжыш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім», — так узнёсла апісваў Уладзімір Караткевіч у эсэ «Зямля пад белымі крыламі» беларускую гасподу... Недарэмна гэты год абвешчаны Годам добраўпарадкавання — беларусы нават у часы нястачы імкнуліся да чысціні і прыгажосці. Цудоўную выцінанку на шыбу прыладзіць, кашулю вышыўкай аздобіць... Парадкавалі свой побыт і героі беларускай літаратурнай класікі.


«Гумно паўнела з кожным годам»

«Лад у хаце» — гэтыя словы часта сустракаюцца ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Героі, чые прататыпы — сам паэт у дзяцінстве і яго сям’я, у кожным куточку, куды закідвае лёс, парадкуюць гаспадарку. Аўтар ва ўсіх падрабязнасцях апісвае побыт вясковых беларусаў — працалюбных, старанных, гаспадарлівых:

«Гумно паўнела з кожным годам,
І багацеў хлявец прыплодам,
І грош стаў лішні завадзіцца,
Было што есці, чым акрыцца,
І быў парадак, лад у хаце...
А цэлы рад збаноў на плоце
Казаў аб тым, што гаспадыня
Была ўжо ў моцнай каляіне
І што яе таксама справа
Вялася добра і рухава».

«Дачка прымусы папраўляе, а сын панчохі цыруе»

Выдатны прыклад працоўнага выхавання — аповесць Янкі Маўра «ТВТ». Пяцікласнікі вучацца пераадольваць звычайныя побытавыя здарэнні: зламалася крэсла, працякае дах, адарваўся гузік... Няўжо абавязкова чакаць, пакуль хтосьці направіць? Не дадзім рэчам уладарыць над сабою! І вось Стась прышывае вешалку да свайго паліто, Клава Макейчык ўзяла ды змазала дзверы, каб не рыпалі — «І адразу ў іх доме зрабілася так ціха, лагодна, нібы яны перасяліліся на другую кватэру». «Вельмі ўсцешыў і здзівіў бацькоў Толя Бяспалаў. У шуфлядах камоды даўно ўжо былі адарваны ручкі, і, каб адчыніць іх, патрабаваліся складанейшыя аперацыі... Можна цяпер уявіць сабе радасць сям’і, калі раптам у камоды з’явіліся ручкі, ды яшчэ якія: Паўлік узяў ды прымацаваў звычайныя электратэхнічныя ролікі». Больш за тое — дзяўчынкі браліся за паяльнік і малаток, а хлопцы — за іголкі і ніткі. «Бацькі зусім збіліся з панталыку. Што ж гэта робіцца ў іх доме? Дачка прымусы папраўляе, а сын панчохі цыруе! Увесь свет прайдзі, такога не ўбачыш.

Загаманіў і свет, у які ўваходзілі тры суседнія двары, і падзяліўся на дзве часткі.

— Вось гэта я разумею! — казалі ў адной частцы свету. — Цяперашняя моладзь не будзе такой бездапаможнай, як мы. Усё сама зробіць.

А ў другой частцы свету чуліся інакшыя галасы:

— Ну, калі мужчыны пачнуць панчохі цыраваць ды кашулі латаць, а жанчыны прымусы ды боты папраўляць, — тады парадку не будзе. Спрадвеку кожны займаўся сваёю справай.

Трэба толькі адзначыць, што ў гэтай другой частцы свету налічвалася вельмі мала народу».

Янка Маўр, знаўца дзіцячай псіхалогіі, здолеў незвычайнае: нецікавыя побытавыя справы ахутаў рамантыкай, ператварыў ледзь не ў подзвіг, які можа ўчыняць штодня. Пакаленнямі дзеці вучыліся добраўпарадкаванню па яго кнізе.

«Арлы на свет вылятаюць з такіх менавіта гнёзд»

Адзін з ранніх вершаў Уладзіміра Караткевіча, напісаны ў 1957 годзе, апісвае ўмоўны беларускі дом, які сімвалізуе ўсю Беларусь. І ў гэтым доме павінны быць мір і лад:

«Мір гэтаму дому,
Дзе шчасце мы бачылі ўсе...
...Прытульны, добры і цёплы
Наш беларускі свет.
Садок да рачулкі збягае,
Хатка глядзіцца ў плёс.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Арлы на свет вылятаюць
З такіх менавіта гнёзд».

«Вокны ягоныя небам зашклёны»

Аркадзю Куляшову давялося пакідаць Мінск пад нямецкімі бамбёжкамі. Працаваў у франтавых газетах, што мог, аддаваў дзеля Перамогі... Бачыў зруйнаваны акупантамі горад... А потым назіраў, як ён аднаўляецца, як беларускі народ здзяйсняе свой працоўны подзвіг. У 1946 годзе Куляшоў напісаў пра гэта верш «Дом»:

«Плотам драўляным яго на світанні
Абнеслі,
На рыштаванні
Пачуліся першыя песні.
Хай яшчэ вокны ягоныя
Небам зашклёны,
А ўжо здаецца,
Што выгляд змяніўся ягоны.
Гэткім зрабіўся ён, што нават хмарка
І тая
Стала над домам
І далей плысці не жадае.
Стала над ім нерухома,
А людзям здаецца,
Што гэта з коміна, з дома
Дым першы віецца».

«Павесіце на месца скінутыя лейцы»

У творах паэта Янкі Сіпакова, які з пакалення дзяцей вайны, жыве гістарычная памяць. Верш «Лягчэй вы паміралі, нашы прашчуры...» — пра повязь пакаленняў і пераемнасць традыцый. Паэт уяўляе, як увесну і ўвосень прашчуры наведваюць дамы, дзе жывуць іх нашчадкі:

«Перш чым зайсці у сцішаную хату,
Усё агледзіце руплівым вокам,
За кожны знадабень зачэпіцеся вы:
Вясной — у баране паправіце кляцы,
Падмажаце рыпучыя калёсы,
Павесіце на месца скінутыя лейцы
І ў думках свайго сына паўшчуваеце,
Што гаспадарыць ён не так, як вы.
А восенню ў вас іншы клопат —
Прыкінуць намалочанае збожжа,
Зірнуць, ці добра выкапана бульба,
Аўса насыпаць коням поўны жолаб
І ўзважыць добра ўлежанае сена —
Ці хопіць на зіму? А потым
Вы прыйдзеце ў цяплынь начную хаты
І сядзеце у покуце на лаву...
А потым, зноў збіраючыся з хаты,
Вы пакалышаце ліповую калыску,
Дзе ваш унук, прачнуўшыся, заплача».

«Шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё»

Іван Мележ у «Людзях на балоце» апісваў родную вёску, і апісваў праўдзіва: ёсць і рупныя гаспадары, ёсць і лянівыя ды нядбайныя... Але працавітых усё-ткі больш — уменне трымаць у парадку сваю хату і сваю зямлю шануецца ў народзе спрадвеку. Вядома, вёска ў палескай глыбінцы бедная — чырвонаармеец Міканор, вярнуўшыся дадому, лепей за ўсіх бачыць недахопы: і хаты б святлейшымі ды чысцейшымі зрабіць, лазню б збудаваць... Але вось яго сям’я рыхтуецца да каляднай вячэры: «Увесь дзень перад „святым вечарам“ маці шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё. Ад ранку ледзь не да самага вечара не тух у печы агонь, варыла, варыла, пякла. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць ні мала ні многа: дванаццаць страў!.. З пашанай і нейкай урачыстасцю сачыў бацька, як матка слала на вымытым стале сена, як накрывала яго чыстым настольнікам, як клала бохан хлеба, нож, лыжкі, ставіла конаўку з соллю. Памыўшы ў кутку над цэбрам рукі, ён, белы, у лапцях, у зрэбных штанах, у доўгай, да кален, сарочцы, падпяразанай святочным паяском, пачакаў, калі падыдзе маці, і, не глянуўшы на Міканора, першы момант няёмка, стаў голасна маліцца».

Мележу не ўдалося дапісаць сваю «Палескую хроніку» — але чытачы ўсяго свету дасюль з задавальненнем сочаць, як яе героі змагаюцца за дабрабыт, адбіраюць у балатоў будучыя палеткі, як іх працавітасць дае плён.

Усё пачынаецца з дробных спраў, з уласнай кватэры, уласнага падворка. Гэтаму вучаць і класікі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю