Аб ключавых момантах, якія работнік павінен улічваць пры ўладкаванні на работу, расказалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
У Мінпрацы адзначылі, што прыём работніка на работу лічыцца аформленым належным чынам пры выкананні некалькіх важных умоў. Перш за ўсё работнік абавязаны прадставіць усе неабходныя дакументы для заключэння працоўнага дагавора.
Паміж работнікам і наймальнікам павінен быць заключаны працоўны дагавор у двух экзэмплярах, кожная старонка якога падпісана абодвума бакамі. Важна, што адзін экзэмпляр дагавора ўручаецца работніку, другі застаецца ў наймальніка. Таксама работнік павінен напісаць заяву аб прыёме на работу.
Наймальнік выдае загад аб прыёме на работу і даводзіць яго да ведама работніка пад подпіс. Акрамя таго, наймальнік абавязаны азнаёміць работніка пад подпіс з даручанай работай (службовай (рабочай) інструкцыяй), умовамі і аплатай працы, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўным дагаворам, іншымі лакальнымі прававымі актамі, растлумачыць яго правы і абавязкі, правесці інструктаж па ахове працы.
Для работнікаў, якія паступаюць на работу ўпершыню, наймальнік павінен завесці працоўную кніжку і аформіць картку сацыяльнага страхавання, якую затым выдае работніку.
Інфармацыю аб працаўладкаванні ў канкрэтнай арганізацыі, у тым ліку даце прыёму, можна даведацца ў мабільным дадатку Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва «ФСАН».