Якаснае насенне — найважнейшая ўмова будучага ўраджаю і ў прамысловых маштабах, і на асабістых градках. Ад пасяўнога матэрыялу ўвесну будзе залежаць настрой гаспадароў напрыканцы лета, калі прыйдзе час «жніва». Ужо сёння агароднікі-аматары рыхтуюцца да пасяўной. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова наведаць любую краму «Насенне». Пакупнікоў шмат, асартымент вялікі, цэны — розныя. Ну а мы загадзя спыталі ў навукоўцаў, як аматару не памыліцца з выбарам пасяўнога матэрыялу.
— У апошнія гады ў сувязі з пацяпленнем клімату наша насельніцтва ўсё часцей вырошчвае таматы і агуркі ў адкрытым грунце. Сёння без цяпліц у Беларусі можна вырошчваць нават перцы і баклажаны, асабліва ў паўднёвых рэгіёнах. Гэта істотна зніжае выдаткі па атрыманні ўраджаю, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і агародніцтве Андрэй Чайкоўскі. — Калі казаць аб змене саставу культур на дачных участках, агароднікі-аматары ўжо цалкам абгрунтавана могуць звярнуць увагу на цукровыя сарты кукурузы, бахчавыя (кавуны, дыні), а таксама на такую нязвыклую пакуль для нашых градак культуру, як цыбуля-парэй (вырошчваць яго лепш праз расаду).
На што звярнуць увагу?
— Сёння ў крамах насення — айчынная, расійская селекцыя, а таксама заходнееўрапейскія сарты і гібрыды (галандскія, іспанскія і г. д.). Ці варта непрафесіяналу звяртаць увагу на высокаінтэнсіўныя сарты замежнай селекцыі?
— Калі ў агародніка-аматара ёсць фінансавы рэсурс і час, каб дамагчыся аптымальных умоў для росту і развіцця пэўнай культуры, можна выбіраць сарты заходняй селекцыі. Але тут патрэбныя так званыя кантраляваныя ўмовы. Плёнкавыя цяпліцы на паліве, якія, хутчэй за ўсё, ёсць у актыве ў дачніка, — гэта толькі часткова кантраляваныя ўмовы. Гаворку ў гэтым выпадку трэба весці аб зашклёных цяпліцах, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловым агародніцтве. Яны дазваляюць вырошчваць айчынныя і замежныя сарты інтэнсіўнага тыпу пры дакладным кантролі мікраклімату, харчавання, асвятлення і г. д. Калі мы бываем на дачным участку час ад часу, пару дзён на тыдзень, лепш выбіраць і для цяпліц, і для адкрытага грунту больш адаптыўныя сарты, устойлівыя да стрэсу.
Небывалых ураджаяў яны не даюць, але гарантаваны ўзровень ураджайнасці агароднік атрымае. Для ацэнкі і адбору такіх сартоў створана сістэма Дзяржсортавыпрабавання. Сарты і гібрыды беларускай і замежнай селекцыі праходзяць дзве ступені даследаванняў. Першая — вызначае тыя, што падыходзяць для прысядзібнага агародніцтва: ацэньваюцца іх магчымасці па вызначаным узроўні ўраджайнасці і найлепшыя ўносяцца ў рэестр.
Другая ступень — трохгадовыя дасканалыя выпрабаванні: у рэестр для прафесійнага агародніцтва трапляе на парадак менш сартоў. Затое яны вельмі ўстойлівыя, прыдатныя да мясцовых умоў і дазваляюць атрымліваць гарантаваныя высокія ўраджаі. Пры выбары сартоў і гібрыдаў для свайго агарода я раіў бы арыентавацца на Дзяржаўны рэестр і ў большай ступені — на пералік для прамысловага агародніцтва. З Дзяржрэестрам можна азнаёміцца на сайце Дзяржаўнай камісіі па сортавыпрабаванні. Выдадзены і папяровы варыянт.
«Маг», «Зубраня», «Пачастунак»
Сярод беларускіх сартоў і гібрыдаў агародніны, якія з’явіліся ў апошнія гады, дачнікам варта звярнуць увагу, у прыватнасці, на новыя сарты капусты белакачаннай, канкрэтызуе селекцыянер:
— У рэестр з 2023 года ўключаны гібрыд капусты «Марана» з высокай устойлівасцю да слізістага бактэрыёзу (гэта хвароба з’явілася ў Беларусі ў сувязі з пацяпленнем клімату). «Марана» мае выдатныя смакавыя якасці і асабліва добрая для квашання. Яшчэ адна распрацоўка ў гэтым кірунку — новы сорт капусты белакачаннай «Варта». Дэгустацыйная адзнака свежай прадукцыі —
4,9 бала. Устойлівая да ўзбуджальнікаў кілы капуснай (распаўсюджанай на прысядзібных участках).
А квасіць яе, у адрозненне ад іншых сартоў, можна адразу пасля ўборкі, — кажа Андрэй Чайкоўскі.
Сярод новых сартоў таматаў айчыннай селекцыі варта звярнуць увагу на ўжо ўпадабаны дачнікамі буйнаплодны сорт «Лапа» — гэтыя памідоры спеюць на 3–5 дзён раней за іншыя буйнаплодныя ўзоры. Сорт устойлівы да кладаспарыёзу, фузарыёзу і віруса тытунёвай мазаікі.
У 2024 годзе ў Дзяржрэестр быў уключаны куставы тамат «Зубраня» для адкрытага грунту і плёнкавых цяпліц — ранняспелы, з буйнымі пладамі высокіх смакавых якасцяў.
Што датычыцца агуркоў, то ўхіл сёння селекцыянеры робяць у бок партэнакарпічных (што не патрабуюць апылення пчоламі) сартоў і гібрыдаў, распавёў навуковец. Салодкім смакам, устойлівасцю да мучністай расы і перонаспарозу адрозніваецца сорт агуркоў для плёнкавых цяпліц «Пачастунак» (яго ўраджайнасць — 15 кг з кв. м). Не мае патрэбы ў апыленні і ўключаны ў 2022 годзе ў Дзяржрэестр гібрыд для адкрытага грунту «Духмяны», скараспелы і ўстойлівы да ўсіх грыбковых захворванняў.
Высокую ацэнку агароднікаў-аматараў ужо атрымаў перац салодкі «Маг» — таўстасценны, спее на тыдзень раней аналагаў, прыдатны як для салатаў, так і для закатак замарозкі.
У ліку фаварытаў дачнікаў з апошніх распрацовак беларускіх селекцыянераў — буракі сталовыя «Слава», рэпчатая цыбуля «Тутэйшая», кабачок «Бонус». А з не самых звыклых пакуль культур — цыбуля-парэй «Войт» са слабавострым смакам і ўраджайнасцю прыкладна на 10% вышэй за іншыя сарты.
— На сваім агародзе я раіў бы мець некалькі сартоў асноўных культур з розных груп спеласці, — заўважае Андрэй Чайкоўскі. — Дапусцім, па таматах салатнага кірунку выбіраем тры сарты: ранняга, сярэдняга і позняга паспявання. І гэтак жа — зыходзячы з трох тэрмінаў паспявання — выбіраем сарты памідораў для закатак. Тое ж датычыцца агуркоў. Вялікі працэнт іх ураджаю спее адначасова. І тады даводзіцца частку раздаваць, частаваць суседзяў і знаёмых. Лепш раўнамерна размеркаваць ураджай на ўвесь агародны сезон і частаваць сяброў па жаданні, а не па неабходнасці.