Сёлета ў журы рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Дэнс кангрэс», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры нашай краіны і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, пагадзіўся ўвайсці народны артыст Расіі Андрыс Ліепа разам з прадстаўнікамі Беларусі і Казахстана. Арганізатары клапоцяцца аб штогадовай ратацыі журы і скіраваныя на шырокі ўдзел харэографаў і артыстаў з розных рэгіёнаў Беларусі, падкрэсліла рэктар БДУКіМ Наталля Карчэўская. Конкурс пройдзе напрыканцы красавіка, але цяпер адбываецца адбор патэнцыяльных удзельнікаў па розных намінацыях.
— Кафедра харэаграфіі ўніверсітэта культуры і мастацтваў вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па чатырох асноўных кірунках: у сферы народнага танца, эстраднага, сучаснай харэаграфіі і бальнага танца. Класічным танцам займаюцца Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж і Беларуская акадэмія музыкі, а таксама Вялікі тэатр Рэспублікі Беларусь, — патлумачыла Наталля Карчэўская. — Прафесійная грамадскасць краіны скіравана на вырашэнне некаторых праблем, якія ёсць у развіцці харэаграфічнага мастацтва. Пра гэта сведчыць колькасць абітурыентаў, якія прыходзяць да нас вучыцца, выпускнікоў, якія запатрабаваныя і атрымліваюць размеркаванне, а таксама вялікая колькасць конкурсаў і фестываляў, што праходзяць у нашай краіне.
Адзін з такіх конкурсаў — «Дэнс кангрэс» — пройдзе сёлета чацвёрты раз. Адным з яго дасягненняў арганізатары лічаць тое, што пераможцы мінулых гадоў запатрабаваныя ў краіне і актыўна ўдзельнічаюць у канцэртнай дзейнасці. У рамках «Дэнс кангрэс» будзе паказаны праект «Лінія памяці. Код вайны», высока адзначаны на дзяржаўным узроўні. Асноўныя выразныя сродкі ў ім — харэаграфічныя, што з’яўляецца паказчыкам увагі да гэтага віду мастацтва.
— На сёння ў краіне існуюць два сур’ёзныя конкурсы: у рамках Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, што праходзіць у Віцебску. Ён адкрыў нямала імёнаў, якія атрымалі штуршок для далейшай творчасці. «Дэнс кангрэс» таксама дае пэўны штуршок рэалізацыі тут і цяпер для маладых людзей, — кажа Ігар Колб, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі. — Аднак ёсць адна праблема: мы ствараем умовы паказаць сябе, але як такога далейшага суправаджэння я не бачу. Калі чалавек навучыўся прафесіі, атрымаў дыплом, то ён павінен мець далейшую рэалізацыю. Калі ў краіне рыхтуюць спецыялістаў, то мне хацелася б, каб яны знаходзілі магчымасці далейшай рэалізацыі, і адной з іх можа быць Вялікі тэатр Беларусі, які адкрыты для розных прапаноў...
Фота pixabay.com