Top.Mail.Ru

Што падрыхтавалі айчынныя выдавецтвы для вучняў і іх бацькоў?

Кніжкі да школы

Якія новыя падручнікі з’явяцца да пачатку вучэбнага года? Якія кнігі павінны прыцягнуць увагу настаўнікаў? На што варта звярнуць увагу бацькам, каб зацікавіць дзетак чытаннем? Адказы на гэтыя пытанні — ад беларускіх выдаўцоў.

— Нягледзячы на розныя крыніцы інфармацыі, вучэбная кніга з’яўляецца асноўнай крыніцай ведаў, — адзначыла Людміла Раманоўская, начальнік метадычнага цэнтра дзяржаўнай установы «Акадэмія адукацыі». — Да 2025/2026 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтавана 28 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. З іх два новыя, а іншыя — перавыдадзеныя або паўторна выпушчаныя выданні. З 1 верасня 2025 года будуць выкарыстоўвацца два новыя вучэбныя дапаможнікі — па прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для 3 класа і па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 11 класа. Абодва выданні паспяхова прайшлі апрабацыю, перш чым атрымаць дазвол на ўкараненне ў масавую практыку. Пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску ў іх былі ўнесены неабходныя дапаўненні і змяненні. Удасканалена структура навучальных дапаможнікаў: змест асноўнага і дадатковага тэксту, сістэма пытанняў і заданняў. Мы працягваем работу па ўдасканаленні навігацыйнага апарату нашых вучэбных дапаможнікаў і прывядзенні яго да аднастайнасці. Гэта актуальна і для шрыфтавых выдзяленняў, каб вучням, іх бацькам і настаўнікам было зразумела, які матэрыял — асноўны для запамінання, а які — дадатковы.

Акрамя таго, перавыдадзены 6 вучэбных выданняў для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 20 вучэбных выданняў для ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Для пачатковай школы падрыхтаваны «Працоўнае навучанне» (1 клас), «Руская мова» (2 клас — для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання); «Беларуская мова» (2 клас — для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання); «Чалавек і свет» (3 клас), «Матэматыка» (2 клас), «Літаратурнае чытанне» (4 клас). Для вучняў ІІ і ІІІ ступеняў падрыхтаваны наступныя выданні для 5 класа: «Руская мова», «Матэматыка», «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца», «Працоўнае навучанне. Праца па абслугоўванні», «Іспанская мова» (для тых вучняў, якія асвойваюць змест вучэбнай праграмы па гэтым прадмеце на павышаным узроўні). Для 6 класа: "Беларуская мова, "Французская мова«(павышаны ўзровень). Для 7 класа: «Нямецкая мова» (павышаны ўзровень), «Іспанская мова». Для 8 класа: «Нямецкая мова», «Руская літаратура». Для 9 класа: «Беларуская мова», «Геаметрыя», «Руская мова», «Французская мова», «Біялогія», «Хімія», «Геаграфія Беларусі». Для 11 класа — вучэбны дапаможнік па кітайскай мове.

Ва ўсе навучальныя дапаможнікі для ІІ і ІІІ ступені агульнай і сярэдняй адукацыі абавязкова ўносіцца структурны элемент, які тлумачыць, як працаваць з навучальным дапаможнікам. Гэта істотна аблягчае дзецям самастойную работу з выданнем. Дапрацавана сістэма пытанняў і заданняў, каб дзеці мелі магчымасць прымяніць атрыманыя веды і ўменні для вырашэння канкрэтных жыццёвых задач.

Пры падрыхтоўцы да перавыдання і пры распрацоўцы новых дапаможнікаў цяпер аддаецца вялікая ўвага выхаваўчаму патэнцыялу вучэбнага прадмета: праз інфармацыю аб дасягненнях Беларусі і яе культурную спадчыну. Напрыклад, ёсць задачы па матэматыцы, дзе фігуруюць назвы нашых рэк ды нават знакавых прадпрыемстваў, а пры вывучэнні хіміі можна пазнаёміцца з дасягненнямі айчыннай навукі і прадпрыемствам «Гродна Азот» і іншымі. Ёсць інфармацыя пра знаных вучоных і выдатных асоб з розных галін — у залежнасці ад профілю... І нават пра першых уладальнікаў «Знака якасці».

Традыцыйна да новага навучальнага года «Акадэмія адукацыі» сумесна з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» рыхтуюць вучэбны дапаможнік "Беларусь — наша Радзіма". Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі Аляксандра Лукашэнкі першакласніку». Яго атрымаюць дзеці ў межах Дня ведаў.

— Гэта кніга, з якой цікава будзе вучыцца, з якой зручна будзе працаваць настаўніку пачатковых класаў, — падкрэсліла намеснік дырэктара па маркетынгу і камерцыйнай дзейнасці выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Настасся Радзікевіч: — Яна змяшчае шмат інфаграфікі і сучаснай інфармацыі, якую штогод абнаўляюць. Падручнік аздоблены прыгожымі малюнкамі і абазначэннямі. Дадатковая дапоўненая рэальнасць спрашчае працэс разумення матэрыялаў. Ёсць магчымасць нават паслухаць гімн Беларусі. Выданне будзе цікавае і бацькам.

Яшчэ адзін адметны праект выдавецтва — «Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Праз праект «Зроблена ў Беларусі» звяртаюць увагу на Пяцігодку якасці, дзеля найлепшага разумення падрыхтавалі адукацыйную гульню. Сёлета шмат выданняў, прысвечаных Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, яны карыстаюцца попытам, адзначаюць у выдавецтве.

  • — Цяпер гісторыя, напэўна, — адна з самых важных дысцыплін не толькі ў Беларусі, — адзначыла Анжэла Садоўская, намеснік аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь». — На жаль, на сёння гэтую гісторыю спрабуюць перапісаць. А тэма Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў эпіцэнтры інфармацыйнай вайны. Таму важна ўсё, што тычыцца гісторыі краіны. Наша выдавецтва ўжо на працягу многіх гадоў робіць акцэнт на тэме гісторыі для школьнікаў: на сёння выдадзена каля 100 кніг. Яны прысвечаны не толькі Вялікай Айчыннай вайне, але і Першай сусветнай. Таксама гэта кнігі наогул пра гісторыю Беларусі. Каб ведаць яе не павярхоўна, заўсёды трэба звяртацца не толькі да інфармацыі, якая змешчана ў падручніках. Любы педагог спрабуе знайсці дадатковую інфармацыю.

У выдавецтва свае прапановы для дзяцей. Але калі гаворка пра кнігі, якія трэба чытаць, што называецца, па праграме, то тут увага найперш да выдавецтва «Мастацкая літаратура». Намеснік дырэктара Віктар Шніп распавёў:

— Усе кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» — гэта кнігі беларускай літаратуры, — класічнай і сучаснай. У нас ёсць серыя «Бібліятэка пачатковай школы», сёлета ў ёй выйшла пяць кніжак. Гэта зборнікі, у якіх змешчаны вершы, проза сучасных аўтараў і класікаў, якія вывучаюцца ў школе. Ёсць школьная хрэстаматыя, якая складаецца ў адпаведнасці з праграмай па творах беларускіх і замежных пісьменнікаў. Серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» — таксама класіка, якая будзе цікавая і дзецям, і дарослым. Хацеў бы звярнуць увагу на выданне «Як сказаць па-беларуску?» — яно адрасавана тым, хто хоча засвоіць беларускія назвы самых розных прадметаў і з’яў: сутнасць слоў можна зразумець праз творы. Выданне спатрэбіцца многім, не толькі дзецям.

Такіх кніг насамрэч шмат, бо вучыцца ніколі не позна. А кажуць жа, што бацькі школьнікаў атрымліваюць сярэднюю адукацыю другі раз...

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю