З 1 верасня ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс аб адукацыі. У Міністэрстве адукацыі гэты факт пракаментавалі як дашліфоўку дзеючага дакумента, што носіць тэхнічны, практычны і аператыўны характар. Заканадаўцамі і Міністэрствам адукацыі ўлічвалася ў першую чаргу правапрымяняльная практыка. У цэлым змяненні накіраваны на ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, павышэнне яе якасці, далейшае ўмацаванне прэстыжу беларускай сістэмы адукацыі.
Дзелавы стыль
У 2025-м Міністэрства адукацыі заканадаўча замацавала патрабаванні да адзення навучэнцаў школ Беларусі. Адначасова ў адукацыйным ведамстве падкрэслілі, што ў цэлым падыходы да школьнага адзення застануцца ранейшымі. У новай рэдакцыі кодэкса прапісана, што пры наведванні вучэбных заняткаў школьнікі абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення.
Спецыялісты Беллегпрама да новага навучальнага сезона рэгламентавалі пералік асартыментных пазіцый для хлопчыкаў і дзяўчынак (што дазволена набыць) і распрацавалі асартыментныя групы для малодшай, сярэдняй і старэйшай школ. Фасон, колер і дадаткі да школьнай формы вызначала кожная школа — на ўзроўні дырэктара і апякунскага, каардынацыйнага альбо бацькоўскага саветаў.

Мабільныя тэлефоны
З першым днём новага навучальнага года ў школах у Беларусі было ўведзена абмежаванне на выкарыстанне мабільных тэлефонаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўная мэта такога рашэння — стварыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, максімальна ліквідаваўшы адцягвальныя фактары, каб вучні былі сканцэнтраваны на засваенні вучэбнага матэрыялу. І, вядома, больш камунікавалі адзін з адным падчас перамен.
Міністэрства адукацыі прадугледзела выключэнні для дзяцей, якім выкарыстанне мабільных прылад неабходна па медыцынскіх паказаннях, і падрыхтавала спецыяльную памятку.
— Мы абавязаны забяспечыць магчымасць выкарыстання прылад дзецям, якім гэта неабходна па стане здароўя. Напрыклад, для маніторынгу цукру ў крыві. У такіх выпадках, пры наяўнасці медыцынскага заключэння, дзеці атрымаюць права выкарыстоўваць адпаведную тэхніку, — пракаментаваў рашэнне міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Навучанне ваджэнню
Вяртанне ў сельскія школы праграмы па навучанні ваджэнню стала адной з самых абмяркоўвальных навацый у сістэме адукацыі. Хаця гэтая навацыя не такая ўжо і новая — раней у вучэбна-вытворчых камбінатах (ВВК) падлеткі праходзілі ў тым ліку і падобную падрыхтоўку. Добрую справу вярнулі ў праграму навучання, але з улікам цяперашніх рэалій.
Адна з новых нормаў — навучанне ваджэнню дзяцей з ваенізаваных навучальных устаноў (спецыялізаваных ліцэяў, сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў) і старшакласнікаў 10-11-х класаў сельскіх школ — у такіх населеных пунктах уменне кіраваць сельскагаспадарчай тэхнікай і ў цэлым механічнымі транспартнымі сродкамі — добрая магчымасць для маладых людзей.
ЦЭ і выніковая атэстацыя
Важныя змены прыняты для дзяцей з інваліднасцю або сур’ёзнымі захворваннямі, якія навучаюцца дома. З 1 верасня 2025 года яны могуць быць вызвалены ад цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ). Прычым не толькі ў 9 класе, як было раней, але і ў 11-м — па медыцынскіх паказаннях.
Сатысфакцыя прадугледжана і для тых, хто на цэнтралізаваным экзамене атрымаў 0 балаў, — цяпер ім не трэбачакаць год, каб выправіць няўдачу: у жніўні для такіх абітурыентаў прадугледжаны рэзервовы дзень. У рэзервовы дзень таксама могуць пераздаць экзамен і тыя школьнікі, хто не прыйшоў на ЦЭ па ўважлівай прычыне.

Размеркаванне
Выпускнікі ВНУ і каледжаў, якія праходзяць абавязковае размеркаванне, павінны будуць прад’яўляць наймальніку дакументы аб накіраванні на працу. Раней гэта не было замацавана юрыдычна, і некаторыя выпускнікі «не даязджалі» да месца працы.
Важны момант: цяпер у тэрмін абавязковай адпрацоўкі можа залічвацца і час водпуску па доглядзе дзіцяці, і служба ў арміі, калі яны супадаюць з перыядам працы. Калі арганізацыя — заказчык кадраў ліквідавана, выпускнік-мэтавік вызваляецца ад абавязацельстваў і накіроўваецца да іншага работадаўцы. А калі заказчык сам парушае ўмовы мэтавага дагавора, то менавіта ён пакрывае дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на падрыхтоўку спецыяліста.
Навучальны год —да 31 мая
Для 9-класнікаў і 11-класнікаў заняткі ў школах у гэтым навучальным годзе заканчваюцца 23 мая, 24 мая прагучыць апошні званок. Астатнія дзеці будуць вучыцца да канца месяца.
Выпускныя экзамены для 9-х класаў пачнуцца з 2 чэрвеня і працягнуцца да 13 чэрвеня. Дзецям неабходна напісаць два пераказы па рускай і беларускай мовах, кантрольную работу па матэматыцы і вытрымаць вусны экзамен па гісторыі Беларусі. Што датычыцца 11-класнікаў, для іх выніковыя выпрабаванні праводзяцца ў выглядзе ЦЭ. 26 мая выпускнікі напішуць тэст па прадмеце на выбар, а 29 мая — па мове (рускай або беларускай).
Новы рацыён харчавання
З пачаткам другой чвэрці ў школах Мінска стартаваў новы праект па ўкараненні эксперыментальнага двухтыднёвага рацыёну. Выконваючы даручэнне Міністэрства адукацыі, сталічны камбінат школьнага харчавання распрацаваў прыкладны двухтыднёвы рацыён для дзяцей, які ім зразумелы, ці, іншымі словамі, школьнікі ведаюць і разумеюць, што яны будуць есці.
Цяпер у меню школьных сняданкаў і абедаў — любімыя дзецьмі блінцы, сырнікі, запяканкі і іншыя стравы, якія і раней рыхтаваліся для малых першых — чацвёртых класаў у якасці другога сняданку. Гэтыя стравы ўключаны ў рацыён абеду для вучняў пятых — адзінаццатых класаў. Замест кампоту ў школьных сталовых прапануюць фруктовы напой або сок у невялікіх тэтрапаках па 0,2 літра. У склад страў для дзетак цяпер уваходзяць соусы, пасты і іншыя карысныя смачнасці.
Алена ВІНАГРАДАВА.