Top.Mail.Ru

Што новага рыхтуецца ў дапамогу абітурыентам падчас уступнай кампаніі гэтага года

У фармаце, блізкім абітурыентам

За чвэрць стагоддзя свайго існавання Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў выдаў 7 500 000 сертыфікатаў, апрацаваў больш за 8 700 000 бланкаў адказаў. Такая ўражальная статыстыка ўстановы адукацыі, якая, па сутнасці, дае пуцёўку ў жыццё амаль 60 тысячам выпускнікам школ штогод, якая выключае суб'ектывізм у ацэнцы ведаў, саму працэдуру здачы цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання робіць празрыстай, яе вынікі — справядлівымі.

Вядома, у арганізацыі і працэсе ЦЭ і ЦТ удзел прымае вялікая колькасць спецыялістаў. Але менавіта ў РІКВ займаюцца арганізацыяй і правядзеннем усіх відаў цэнтралізаванага тэсціравання для выпускнікоў і абітурыентаў, распрацоўваюць тэставыя заданні і зборнікі, аналізуюць вынікі для ацэнкі якасці адукацыі, рыхтуюць матэрыялы для міжнародных даследаванняў і складаюць заданні для прадметных алімпіяд. Тут жа, у інстытуце, рыхтуюць тэставыя матэрыялы і бланкі адказаў, а таксама апрацоўваюць вынікі і выдаюць сертыфікаты. Пры такім велізарным аб’ёме працы пошук і прымяненне новых формаў і метадаў кантролю і ацэнкі ведаў — працэс неабходны, прадыктаваны часам. Калі гаворка ў тым ліку ідзе пра моладзь, то трэба ісці ў нагу з ёй.

Электронны сертыфікат

— З гэтага года для абітурыентаў стане даступнай электронная версія сертыфіката ЦЭ і ЦТ, завераная электронным лічбавым подпісам, — расказвае дырэктар інстытута кантролю ведаў Дзмітрый МІРОНАЎ.

Работа па ўкараненні электронных сертыфікатаў у сістэму адукацыі вядзецца ўжо сёння, а распрацоўкай дакументаў, сапраўднасць якіх будзе пацвярджаць электронны лічбавы подпіс, займаюцца спецыялісты РІКВ.

— Магчымасць праглядзець электронныя сертыфікаты з асабістага кабінета ўдзельніка цэнтралізаваных экзамену або тэсціравання з’явіцца ўжо ў гэтым годзе, — працягнуў дырэктар інстытута. — Электронны сертыфікат знізіць нагрузку на прыёмныя камісіі ВНУ і выключыць чалавечы фактар памылак пры ўнясенні звестак, але пакуль цалкам не заменіць папяровы варыянт. Але гэта толькі пытанне часу, у недалёкай будучыні электронны сертыфікат стане паўнавартаснай часткай лічбавай сістэмы адукацыі. Мы працуем над забеспячэннем агульнарэспубліканскай сістэматызацыі электроннай чаргі з электроннымі сертыфікатамі, а таксама рэалізацыяй адзінай адукацыйнай праграмы рэпетыцыйнага тэсціравання. Калі цяпер праграма дзеліцца на тры этапы, то мы плануем пабудаваць работу так, каб гэта быў адзін агульны этап працягласцю восем месяцаў з сапраўднай адукацыйнай праграмай падрыхтоўкі, у якую ўваходзяць курсы, відэалекцыі, кансультацыі. Як метадычны цэнтр мы будзем працягваць праводзіць навукова-даследчую работу ў сферы арганізацыі тэсціравання і ўдасканалення лічбавізацыі.

Яшчэ адна навіна, апрабаваная ў перыяд леташняй уступнай кампаніі, — даступнасць для абітурыентаў, якія здалі ЦЭ і ЦТ, пасля атрымання адзнак за выпрабаванне версіі бланка адказаў у асабістым кабінеце.

— Гэта ў разы знізіла колькасць зваротаў на перагляд вынікаў экзамену, — канстатаваў Дзмітрый Міронаў. — Былі гады, калі колькасць такіх зваротаў перавышала тысячу. Летась паступіла ўсяго два.

Чат-бот і новы праект

Яшчэ адзін інструмент нядаўна стаў часткай праграмы мадэрнізацыі інфармацыйных сэрвісаў інстытута і падтрымкі абітурыентаў — чат-бот @ІNFO_RІKC_bot, створаны на базе тэхналогій штучнага інтэлекту.

— Сэрвіс даступны ў месенджары Telegram і ўжо з моманту запуску адказвае на самыя частыя пытанні абітурыентаў, якія тычацца рэгістрацыі на рэпетыцыйнае тэставанне (РТ), аплаты ўдзелу і карэкціроўкі заявак, — расказвае дырэктар РІКВ. — Бот аб’ядноўвае некалькі ключавых раздзелаў датычна праблем з рэгістрацыяй на РТ, праблем з аплатай, «не магу ўвайсці / зарэгістравацца» і іншыя.

Кожны змяшчае гатовыя адказы, распрацаваныя спецыялістамі інстытута. Пры ўзнікненні нестандартных сітуацый чат-бот накіроўвае зварот да экспертаў РІКВ, забяспечваючы жывую падтрымку карыстальніка.

Запуск бота супаў з пачаткам новага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання 2025/2026 навучальнага года, у праграму якога ўваходзяць 14 прадметаў агульнай сярэдняй адукацыі.

— Пасля кожнага тура ў боце плануецца публікацыя рашэнняў заданняў, каб удзельнікі маглі прааналізаваць свае памылкі і павысіць вынік да наступнага этапу, — тлумачыць кіраўнік інстытута.

А яшчэ ў інстытута ёсць сумесны праект з БСРМ, свайго роду інфармацыйная кампанія для выпускнікоў школ, якая называецца «Рыхтуемся да іспытаў разам». Яе сутнасць — дапамагчы школьнікам падрыхтавацца да цэнтралізаванага экзамену. Праект не «засушаны», наадварот, ён уключае выпуск кароткіх відэаролікаў у сацсетках (рылсаў) з разборамі пытанняў, развянчаннем міфаў пра ЦЭ і парадамі па правільных паводзінах на экзамене. І ўсё гэта ў зразумелым і даступным моладзі фармаце, над якім працуюць эксперты і актывісты БРСМ.

Алена ВІНАГРАДАВА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю