Навіна аб тым, што з 10 лютага 2025 года з прыняццем адпаведнай пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь змяняецца парадак налічэння стаўкі ўтылізацыйнага збору на транспартныя сродкі (не толькі вырастуць належныя да выплаты сумы, але і пашырыцца пералік тэхнікі, на якую будуць распаўсюджвацца гэтыя тарыфы), сярод аўтааматараў стала рэзананснай. «Аўтамабілі падаражэюць!» — панеслася па сацсетках. Як і ў любых падобных агульных сцвярджэнняў тут ёсць нямала нюансаў, на якія крытыкі ўсяго і ўся свядома закрываюць вочы.
Трэба адзначыць, што гэты нарматыўны акт быў чаканым для большасці ўдзельнікаў рынку. Пытанне аб уніфікацыі парадку налічэння і аплаты ўтылізацыйнага збору з транспартных сродкаў у рамках ЕАЭС і асабліва з Расійскай Федэрацыяй ужо даўно стаяла на парадку дня. Праўда, гатоўнасць яго суб’ектаў не зрабіла падзею лёгкай, асабліва гэта датычыцца беларускіх грамадзян, якія збіраліся ў новым годзе абнавіць свой індывідуальны аўтапарк.
Ахарактарызуем коратка прынятыя навацыі
Па-першае. Найбольшы рэзананс выклікала павышэнне ставак утылізацыйнага збору на імпартаваныя легкавыя аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання (РУЗ) не толькі для машын, што імпартуюцца з-за меж ЕАЭС (Кітай, ЗША, Еўропа, Паўднёвая Карэя і гэтак далей), але таксама з краін саюза (Арменія, Казахстан, Расія, Кыргызстан). Аднак ёсць адно прынцыповае ўдакладненне. Беларускія грамадзяне, якія купляюць аўто для сябе, па-ранейшаму будуць плаціць ільготны ўтыльзбор (544,5 BYN). Праўда, калі беларускі аўтаўладальнік вырашыць перапрадаць яго да сканчэння 12 месяцаў, то будзе змушаны даплаціць утыльзбор да памеру камерцыйнага.
Па-другое. Для юрыдычных асоб (гаворка ідзе аб афіцыйных імпарцёрах) усё нашмат сур’ёзней. Калі раней для дылераў дзейнічала стаўка, як і для фізічных асоб (544,5 BYN), то цяпер, напрыклад, для новых аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка ад аднаго да двух літраў давядзецца заплаціць 23 575,91 BYN. Рост больш чым значны.
Па-трэцяе. Новыя стаўкі для ўсіх тыпаў гібрыдных легкавых аўтамабіляў уніфікаваныя са стаўкамі для аўтамабіляў з РУЗ. Такім чынам, стаўку як для аўтамабіляў з РУЗ, так і для гібрыдаў цяпер вызначае аб’ём рухавіка. Але «чыстыя» электракары захаваюць сваю прывабнасць.
Па-чацвёртае. Пастановай зменена ўзроставая дыферэнцыяцыя транспартных сродкаў. Калі раней ранжыраваліся стаўкі ўтыльзбору для аўто трох узроставых груп (да трох гадоў; ад трох да сямі гадоў; старэйшыя за сем гадоў), то з уступленнем у сілу змяненняў узроставых груп будзе толькі дзве (да трох гадоў уключна і старэй за тры гады).
Па-пятае. Змяненні закранулі не толькі легкавы транспарт, але і іншыя самаходныя машыны: сельскагаспадарчую, грузавую і камерцыйную тэхніку. У прыватнасці, гэта адносіцца да пікапаў масай звыш 2,5 тоны, але менш за 3,5 тоны. Калі раней утыльзбор на іх складаў 18 653 BYN і 27 137 BYN, то новыя стаўкі будуць 29 514,04 BYN (да трох гадоў) і 46 258,09 BYN (старэй за тры гады) адпаведна. У гэты пералік трапілі квадрацыклы і снегаходы, якія раней хоць і растаможваліся на агульных падставах, аднак выплачваць утылізацыйны збор на іх не патрабавалася. Цяпер іх уладальнікі будуць абавязаны ажыццяўляць гэты плацеж.
- Ільгота ў выглядзе Вызвалення ад выплаты ўтыльзбору ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам прадастаўлена ў адносінах да транспартных сродкаў, вырабленых на тэрыторыі Беларусі арганізацыямі, якія прынялі на сябе абавязацельства забяспечыць наступнае бяспечнае абыходжанне з адходамі, якія ўтвараюцца ў выніку страты транспартнымі сродкамі сваіх спажывецкіх уласцівасцяў. У сувязі з чым павышэнне ставак утыльзбору не паўплывае на аўтамабілі, што вырабляюцца такімі беларускімі арганізацыямі, як ААТ «МАЗ», СЗАТ «Белджы», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», ААТ «Лідскія аўтобусы «Нёман» і інш.). Гэта забяспечыць адсутнасць росту цэн на прадукцыю такіх заводаў, што створыць ім канкурэнтныя перавагі ў асобных сегментах рынку транспартных сродкаў.
Прысядзібныя машыны таксама будуць абкладацца ўтылізацыйным зборам — у выпадку менш за тры гады стаўка складзе 2 437,43 BYN, для больш узроставых ужо 10 968,41 BYN.
- Утылізацыйны збор быў уведзены ў Беларусі ў сакавіку 2014 года ў адпаведнасці з Указам № 64 ад 4.02.2014 г. Утылізацыйны збор у Беларусі выплачваецца юрыдычнымі і фізічнымі асобамі пры ўвозе транспартнага сродку на тэрыторыю краіны. Збор уведзены з мэтай забеспячэння фінансавання мерапрыемстваў па ўтылізацыі транспартных сродкаў пасля іх канчатковага зносу або вываду з эксплуатацыі.
Праўда, калі максімальная магутнасць менш за 30 л. с., ці 22 кВт, то аплачваць утыльзбор не прыйдзецца.
Да гэтай жа катэгорыі адносяцца і самаходныя касілкі для саду і лецішча.
- Чым абгрунтавана такая ўвага да дадзенага сегмента? Магчыма, урад тым самым пасылае сігнал айчыннаму бізнесу: гэтая прадукцыя з’яўляецца прывабным сегментам для імпартазамяшчэння.
Чаканыя наступствы
Адназначна скароцяцца так званыя шэрыя продажы, у першую чаргу легкавых аўтамабіляў, што прывядзе да росту бюджэтных паступленняў і дэкрыміналізацыі рынку.
Рост ставак утылізацыйнага збору, верагодна, у кароткатэрміновай перспектыве прывядзе да цэнавага і колькаснага «замарожвання» айчыннага рынку новых легкавых аўтамабіляў. Пры гэтым відавочна, што падрасце доля легкавых аўтамабіляў, якія вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, і асобных марак і мадэляў, што ствараюцца ў Саюзнай дзяржаве, на якія ўтылізацыйны збор плаціць увогуле не трэба.
У кароткатэрміновай перспектыве шэраг беларускіх імпарцёраў, якія аплацілі пастаўкі аўтамабіляў, але не паспелі завезці іх на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да 10.02.2025 г., могуць сутыкнуцца з фінансавымі праблемамі. Асабліва для тых катэгорый пакупнікоў, якія ўжо ўнеслі авансавыя плацяжы за чаканыя машыны.
Але, паўтаруся, у цэлым верагоднасць таго, што цэны на новыя машыны з Еўропы і ЗША на ўнутраным рынку Беларусі ўмомант вырастуць, захоўваецца нязначнай. Хоць бы таму, што рынак прапаноў практычна на ўсю гаму транспартных сродкаў цяпер перанасычаны.
Тым больш у 2025 годзе беларусы змогуць набыць аўтамабілі Belgee, якія ў 2024 годзе занялі больш за палову ад усяго аб’ёму продажаў айчыннага рынку новых аўтамабіляў, з дапамогай ільготнага крэдыту. Гэтую праграму прадоўжыў кіраўнік дзяржавы, падпісаўшы 28 студзеня адпаведны Указ.
Такім чынам, якія наступствы прыняцця новай пастановы ў цэлым для рынку, даведаемся вельмі хутка.
Адно зразумела: радавы спажывец, які набывае аўто для асабістага карыстання, практычна не пацерпіць. Увоз машыны дазволены, утыльзбор у гэтым выпадку будзе льготным, а калі праз год з моманту набыцця аўтамабіля ён захоча яго прадаць, у тым ліку за межы Беларусі, то зрабіць гэта зможа бесперашкодна з тым жа малым утыльзборам.
Але ў любым выпадку, калі вы плануеце куплю новага сямейнага аўтамабіля, усё ж азнаёмцеся з новымі правіламі і пералічыце выдаткі.
Георгій Грыц, кандыдат эканамічных навук.