Леташнім летам адзін мужчынка ў вёску паехаў: дровы нарыхтоўваў, дах перакрываў, студню чысціў, сена касіў... Адпачываў, карацей, і па поўнай праграме: калі двойчы, калі тройчы на дзень на рэчку хадзіў. Спачатку ў плаўках купаўся, потым — асмялеў: усё роўна ж нікога няма? На бераг неяк вылез, галаву ўгору задраў, стаіць, абсыхае... Аж чуе — шоргат нейкі... Аж бачыць — прыгажуня ідзе: напрасткі, да яго і такая... Сэрца зайшлося!
Порткі надзець ён ніяк не паспяваў. Але ж побач каструля валялася. Ён за ручку яе і, глядзіш, прыкрыўся... Маладзіца тым часам ужо блізка зусім, усміхаецца на ўсе 32: «А давайце адгадаю, аб чым вы думаеце?» — «Ну, паспрабуйце», — хмыкае герой. — «Вы думаеце, што ў гэтай каструлі ёсць дно».
Аб чым, паглядзеўшы на чарговы конкурсны здымак (можна яшчэ раз зірнуць на верхні), падумалі ўдзельнікі конкурсу на найлепшы подпіс да здымка? Чытаем: з ліста мінчаніна Янкава:
Фотаздымачак давёў
Мне, табе і ўсім жа чыста,
Што ў рубрыку прыйшоў
Назіральны Феакцістаў!
І сапраўды, у газеце не першы год друкуюцца яго здымкі, а зрэдку — яшчэ і загадкі.
«Глянуў на чарговую, — піша Мікалай Старых з Гомеля, — і адразу ўспомніў, як аднойчы па „зебры“, да таго ж перад аўтобусам, які ўжо спыніўся, каб прапусціць людзей, першым пераходзіў вуліцу. І гэта шчасце, што ішоў памалу, бо каб трохі хутчэй... Перад самым носам па суседняй паласе пранеслася машына».
«Часам якраз вось так на роўным месцы адбываюцца розныя ДТЗ, — лічыць спадар Мікалай, — хоць нашы кіроўцы яшчэ малайцы, трымаюцца правілаў. Гэта пра каўказцаў шмат анекдотаў».
Адкуль, трэба разумець, радкі:
Знак нам кажа: пешаход,
Тут бяспечны пераход.
Ды ўсё ж лепей з асцярогай
Нам трымацца на дарогах,
Хоць па «зебры», хоць пад знак
Азірацца па баках:
Мо ў той час паблізу недзе
Ці «джыгіт», ці дурань едзе.
І гэта калісьці, нават напіўшыся, яны маглі ўскараскацца на воз, спакойна заснуць: дабрацца дадому. Конь давозіў (і, дзякаваць богу, давозіць — месцамі). Кіроўцы ж іншых відаў транспарту павінны пастаянна думаць пра пешаходаў, пешаходы — пра кіроўцаў, якія ў любы момант могуць выкінуць на дарозе невядома што. А ўсё чаму? На думку сужэнцаў Астроўскіх:
Новы піск цяпер у модзе
Ў маладзейшых і бабуль —
Неспадзеўкі на дарозе
Аб’явіцца... З ніадкуль.
А кіроўцам што рабіць?
Тут падумаеш наўрад:
Нехта будзе тармазіць,
Хтось, крый бог, заедзе ў зад.
З дыялогаў мужчын: «Кацю я збіў на матацыкле... Потым пазнаёміўся і ажаніўся». — «Шкада, што мы, кіроўцы, не ведаем пра ўсе наступствы аварый... Асцярожней ездзілі б».
Трэба разумець, больш уважліва глядзелі б на знакі і думалі (мо ўслед за аршанцам Мікалаем Камароўскім), што
Не ў лазні ж ён прыліп
Да мужчынкі гэты ліст
На вірлівым пераходзе?..
Каб увагу засяродзіць!
Зноў жа з дыялогаў (чарнаваты, але ж гумар): «Доктар, ад чаго памёр ваш пацыент?» — «Ад старасці». — «Але ж казалі, што ён трапіў пад машыну?» — «Так... А каб быў маладзейшы — адбег бы»... Альбо кіроўца (той, што наехаў) лепей бачыў бы знакі, сярод якіх, на думку Любові Чыгрынавай з Мінска, з’яўляюцца новыя:
Ас-рэкламшчык Мішка
«Зкрэятывіў» фішку:
Ліст... І ўсё іначай:
Бо на знаку — мача!
І гэта, паводле мінчан Эльяша Банеля і сужэнцаў Астроўскіх, добра:
Знак патрэбны тут стаіць:
Бачаць людцы, дзе хадзіць,
А лісток прывесілі,
Каб яшчэ і весела.
Адпаведна
Знак не чыніць перашкоды
Ні аўто, ні пешаходам,
А хутчэй наадварот:
Бо ўсміхаецца народ!
Так-то яно так, але ж у кожнага медаля два бакі: Валерый Гаўрыш з Чавусаў звярнуў увагу якраз на другі:
Ёсць лісток?
Фанабэрыцца знак!
А даішнікі б’юць трывогу:
Бо кіроўцы тармозяць...
Аднак
Ну зусім не глядзяць на дарогу!
З нагоды слушная рэпліка ад спадара Камароўскага:
Апалы ліст — асенняя прыкмета...
На тое ж месца плаўкі трэба летам.
Што, на думку Раісы Ісакавай з Чавускага раёна, цалкам лагічна:
Зімка снегам асыпала,
Увесну сонца апякала...
Знак дарожны гэты
Ліўнем мыла лета.
Ды нарэшце лёсіла
На лісточак восенню.
Каб прыкрыў хоць сорам
Не калеў больш голым.
«У суседстве са знакам расце клён, — выказвае здагадку Валерый Гаўрыш. — Але ж, думаю, адносіны ў іх зусім не найлепшыя». Адкуль высновы? Ды ён, падобна, размову пачуў:
— Ганьба, ганьба вось гэтакім голым
Пры дарозе табе красавацца! —
Клён з малюнка пакпіў...
Сорам лістам прыкрыў
Ды падалей стараўся трымацца.
...Мусіць, грэх было кпіць:
Клён той голы стаіць:
Бумерангу ўласціва вяртацца.
Шкада, што не робіць гэтага час... Вось гэтым трошкі сумным прызнаннем і завяршыць бы чарговы агляд, але ж трэба паведаміць, што найлепшыя радкі пра рыбака, які лавіў рыбу, седзячы ў... крэсле (гл. нумар «Звязды» за 4.12.2024 г. альбо сайт — «Калейдаскоп», «Хто каго?»), атрымаліся ў спадарыні Соф’і Кусянковай, а значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал 2025 года накіроўваецца на Рагачоўшчыну.
Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо своечасова афармляць падпіску, альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанс на выйгрыш мае кожны. Поспехаў!