Top.Mail.Ru

Што насамрэч хвалюе жанчын?

Нядаўна ў Мінску прайшла прэм’ера спектакля «Салон прыгажосці, або Пра што гавораць жанчыны». Камерны драматычны тэатр паказаў пастаноўку па п’есе расійскага драматурга Аляксея Шчаглова ў рамках праекта «Тэатральныя серады ў Доме Масквы». 


Гэта ўжо не першы сумесны праект Шчаглова з мінскім тэатрам. Раней менавіта тут адбылася прэм’ера яго папярэдняй п’есы — «Карпаратыў», што мела вялікі поспех. Але калі ў «Карпаратыве» гаворка ішла пра мужчынскія размовы аб жанчынах, то «Салон прыгажосці» прапануе гледачам паглядзець на жыццё жаночымі вачыма. 

У сцэнічным фармаце

Аляксей Шчаглоў прызнаўся, што ідэя новай п’есы ўзнікла дзякуючы жыццёвым назіранням. Калісьці ён выпадкова стаў сведкам жаночай размовы — спачатку пра мужчын, потым пра касметыку, пасля пра кіно і зноў пра мужчын. Гэтая разарваная, хаатычная плынь думак падштурхнула аўтара да высновы: такая стылістыка выдатна кладзецца ў драматургію.

Месцам дзеяння стаў салон прыгажосці — прастора, дзе жанчыны не толькі змяняюць знешнасць, але і дзеляцца сваімі сакрэтамі, сумненнямі і эмоцыямі. 

Камедыя для мужчын 

Як адзначыў сам драматург, хоць у спектаклі галоўныя героі — жанчыны, адрасаваны ён у першую чаргу мужчынам. Гэта гісторыя пра жаночую псіхалогію, пачуцці, пошук кахання і разумення. 

Спектакль пабудаваны на лёгкім, іранічным дыялогу, але за ім стаяць глыбокія тэмы: як жанчыны ўспрымаюць сябе, якімі страхамі і надзеямі жывуць, што для іх значаць каханне і давер. 

Акцёрскія знаходкі 

Рэжысёр Наталля Башава засяродзілася на натуральнасці сцэнічных дыялогаў і дынаміцы дзеяння. У выніку спектакль выглядае як жывая размова, у якой героі не проста прамаўляюць тэкст, а сапраўды існуюць у сваім свеце.

Гаспадыня салона Анжэла — яркая, харызматычная жанчына, якая ведае кошт сабе і свайму бізнесу. Яна не толькі сочыць за парадкам у салоне, але і становіцца своеасаблівай душэўнай суразмоўніцай для сваіх кліентак і супрацоўніц. Адна з наведвальніц, Віка, рыхтуецца да важнага спаткання. Яна хоча выглядаць бездакорна, але выпадкова становіцца сведкай і ўдзельніцай асабістай драмы супрацоўніцы салона Дашы, якая падазрае свайго хлопца Сяргея ў здрадзе. Да яе далучаецца хатняя гаспадыня Святлана — дасведчаная ў сямейных адносінах жанчына — і спрабуе дапамагчы дзяўчыне разабрацца ў праблеме.

Сітуацыя становіцца яшчэ больш цікавай, калі ў салоне з’яўляюцца два госці: загадкавы мужчына, які нібыта выпадкова трапіў у салон, і таксіст Алтынбек. Апошні — вясёлы, гаманлівы, але пры гэтым вельмі абаяльны ўсходні мужчына, які ўпэўнены, што ведае ўсё пра жанчын і іх жаданні. 

Паступова размовы пераходзяць ад бытавых дробязей да пытанняў кахання, даверу і паразумення паміж мужчынамі і жанчынамі. Ці сапраўды Сяргей здрадзіў Дашы? Што ўтойвае выпадковы наведвальнік салона? І галоўнае — ці атрымаецца ў гераінь знайсці адказы на свае пытанні? Спектакль закручваецца вакол гэтых тэм, а фінал пакідае гледачам магчымасць для роздуму, бо некаторыя сакрэты жаночай душы ўсё ж такі застаюцца неразгаданымі.

Што засталося паміж радкоў? 

«Салон прыгажосці» — не проста лёгкая камедыя. Гэта спроба аўтара зразумець жаночы свет і данесці яго да мужчынскай аўдыторыі. Спектакль нагадвае, што жанчыны разважаюць не толькі пра касметыку і любоўныя гісторыі, але і пра тое, як захаваць пачуцці, знайсці сваё месца ў свеце і быць шчаслівымі. 

Алеся ГУСАРЭВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю