Top.Mail.Ru

Што мяняецца ў заканадаўстве Беларусі па пытаннях чыгуначнага транспарту, расказалі ў Мінтрансе

Што ў Беларусі мяняецца ў заканадаўстве па пытаннях чыгуначнага транспарту, расказалі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый. Пра гэта паведамляе БелТА.


Асноўныя палажэнні вызначаны законам ад 15 ліпеня 2026 года № 168-З «Аб змяненні законаў па пытаннях чыгуначнага транспарту». Карэкціроўкі ўнесены з улікам практыкі правапрымянення.

Так, удакладняюцца некаторыя віды пасажырскіх зносін. Вылучаецца новы від цягнікоў — цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа паскораныя. «Цягнікі ў рэгіянальных зносінах падзяляюцца на цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа, эканомкласа паскораныя і бізнес-класа, — адзначылі ў Мінтрансе. — Змяненні дадуць магчымасць прывесці існуючыя маршрутныя напрамкі ў адпаведнасць з дзеючым адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаваннем, сфарміраваць збалансаваныя і дыферэнцыраваныя падыходы да тарыфікацыі ў залежнасці ад аб’ёму паслуг, якія аказваюцца, лагічна вытлумачальнай градацыі пасажырскіх цягнікоў».

Вызначана, што міжрэгіянальныя зносіны прадугледжваюць перавозкі пасажыраў, багажу паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі, паміж абласнымі цэнтрамі, паміж Мінскам, абласнымі цэнтрамі і гарадамі іншых абласцей. Рэгіянальныя лініі прадугледжваюць перавозкі ў межах адміністрацыйных граніц вобласці і за яе межы да першай чыгуначнай станцыі, на якой ёсць магчымасць тэхнічнага абслугоўвання маторвагоннага рухомага саставу і яго рамонту. Цягнікі ў рэгіянальных зносінах адрозніваюцца па хуткасці (не больш за 50 км/г для эканомкласа, не менш за 50 км/г — для паскораных, не менш за 70 км/г — для бізнес-класа) і колькасці прыпынкаў.

Важнай навэлай таксама з’яўляецца замацаванне ў законе абавязку ўладальнікаў чыгуначных пуцей неагульнага карыстання ўлічваць, расследаваць і інфармаваць Транспартную інспекцыю Мінтранса аб парушэннях бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту, дапушчаных на інфраструктуры, чыгуначных пуцях.

«Заканадаўствам не ўстаноўлены патрабаванні па парадку расследавання і ўліку парушэнняў бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту, іх класіфікацыі, інфармавання аб названых парушэннях. На сённяшні дзень па гэтым пытанні дзейнічае лакальны прававы акт, які не распаўсюджвае сваё дзеянне на арганізацыі, якія не ўваходзяць у склад Беларускай чыгункі», — адзначылі ў ведамстве.

Таксама замацаваны нормы, накіраваныя на забеспячэнне бяспечных умоў знаходжання інвалідаў у зонах павышанай небяспекі.

Вялікі блок змен абумоўлены перадачай функцый ваенізаванай аховы Дэпартаменту аховы МУС.

Акрамя таго, законам прапануецца ўстараніць прабел у прававым рэгуляванні права кіравання транспартнымі сродкамі чыгуначнага транспарту. Яшчэ адна навацыя — карэкціроўка норм аб чыгуначным электразабеспячэнні.

Устанаўліваецца кампетэнцыя Савета Міністраў на вызначэнне выпадкаў і парадку спынення эксплуатацыі аб’ектаў інфраструктуры, у тым ліку закрыцця малаінтэнсіўных чыгуначных ліній (участкаў) для руху транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту, аднаўлення руху транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту на гэтых лініях.

Падрабязны каментарый размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю