Top.Mail.Ru

Што мяняецца з 1 красавіка?

Камандзіровачныя вырастуць, пералік бясплатных лекаў пашырыцца

Рост камандзіровачных, спрашчэнні ў ільготным забеспячэнні лекамі, абавязковае дактыласкапіраванне для замежнікаў — расказваем пра асноўныя змяненні, якія чакаюць нас у красавіку. 

Павялічацца камандзіровачныя


У Беларусі паднімуць выплаты за службовыя камандзіроўкі ўнутры краіны. Адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў. Гаворка ідзе аб сутачных — грашах, якія супрацоўнікам выплачваюць за кожны камандзіровачны дзень. Цяпер за адзін камандзіровачны дзень будуць плаціць 13 рублёў, а не 12. Да гэтага памер сутачных у апошні раз мянялі ў красавіку 2024 года.

Ільготны рэцэпт атаварыць стане прасцей


З 10 красавіка пачынае дзейнічаць новае Палажэнне аб парадку льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі. Новыя нормы накіраваны на ўдасканаленне парадку льготнага лекавага забеспячэння насельніцтва, павышэнне сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян, якія пакутуюць ад цяжкіх хранічных захворванняў. У прыватнасці, устаноўлены пералік захворванняў, якія даюць права на бясплатнае атрыманне рэцэптурных лекаў пры амбулаторным лячэнні, а гэта плюс 12 пазіцый, уключаючы рэдкія і хранічныя. Акрамя таго, з’явіцца магчымасць атрымання лекаў у любой аптэцы раёна/вобласці, дакладная перыядычнасць водпуску (да 6 месяцаў) і спрашчэнне доступу для жыхароў вёскі.

Рамантаваць дарогі будуць па-новаму


З 1 красавіка ў нашай краіне пачнуць дзейнічаць новыя правілы ўладкавання ахоўных пластоў дарожнага пакрыцця. Дзяржпрадпрыемства «БелдарНДІ» распрацавала новую рэдакцыю Тэхнічнага кодэкса «Аўтамабільныя дарогі. Правілы ўладкавання ахоўных пластоў з халодных літых асфальтабетонных сумесяў». У новым дакуменце агавораны фактары, якія падаўжаюць час фарміравання ахоўных слаёў, абазначаны асаблівасці правядзення работ у гарадах, уведзены тэрміны «эстэтычных дэфектаў» і разгледжана пытанне аб мэтазгоднасці нанясення ахоўных слаёў за астраўкамі бяспекі і на палосах рэгулярнай паркоўкі транспарту і іншыя прыватныя выпадкі.

Узмоцняць кантроль за замежнікамі, якія ўязджаюць у краіну

З 1 красавіка ў Беларусі ўступяць у дзеянне палажэнні, якія прадугледжваюць абавязковае дактыласкапіраванне для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія праходзяць пагранічны кантроль пры перасячэнні дзяржграніцы, а таксама падлягаюць дэпартацыі, высылцы з краіны або перадачы іншай дзяржаве ў адпаведнасці з міжнароднай дамовай аб рэадмісіі. Праходзіць дактыласкапію будуць тыя, хто ўключаны ў спіс асоб, чый уезд у Беларусь забаронены або непажаданы, а таксама асобы, у адносінах да якіх органамі пагранічнай службы прынята рашэнне аб правядзенні дактыласкапічнай рэгістрацыі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.

Спрошчана наведванне пагранзоны

Цяпер для наведвання пагранзоны падыдуць не толькі пашпарт або пропуск, але і пенсіённае пасведчанне, студэнцкі білет або білет навучэнца, а таксама пасведчанне інваліда. Раней многім было неабходна афармляць дадатковыя дазволы. Прыкметна спрасцілі і транзітны рух: грамадзянам дазволена рухацца праз пагранпаласу да месца жыхарства без пропускаў. Таксама больш не трэба атрымліваць дазвол для вядзення гаспадарчай дзейнасці на ўнутраных водах у межах пагранзоны. Размова ідзе аб рыбалоўстве, абслугоўванні аб’ектаў і іншых відах работ, якія раней патрабавалі ўзгаднення з пагранічнай службай.

Новыя правілы работы на вышыні


З 26 красавіка ў Беларусі набудуць моц абноўленыя правілы па ахове працы пры выкананні работ на вышыні. У прыватнасці, мінімальная вышыня, пры якой работы лічацца небяспечнымі, павялічыцца з 1,3 да 1,8 метра. У безапорнай прасторы стане абавязковым выкарыстанне сістэм канатнага доступу, таксама ўзмацняюцца патрабаванні да страховачных сістэм.

Акрамя гэтага, будзе ўведзена трохузроўневая сістэма навучання для работнікаў у залежнасці ад складанасці выкананых задач. Персанал, заняты на будаўнічых і асоба небяспечных работах, падзелены на групы, кожная з якіх павінна прайсці спецыялізаваную падрыхтоўку.

Час адключаць ацяпленне

Гэтая вясна парадавала нас цёплым і сонечным надвор’ем ужо ў сакавіку. Ёсць нагода меркаваць, што ацяпленне адключаць у красавіку. Парадак дакладна прапісаны ў заканадаўстве: калі на працягу трох сутак запар сярэднясутачная тэмпература на вуліцы складае +8°C і вышэй, то ацяпленне можна спыняць. Такія рашэнні прымаюцца зыходзячы з прагнозаў сіноптыкаў, а вырашальнае значэнне мае менавіта сярэднясутачны паказчык. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю