1 чэрвеня 2026 года ў Беларусі ўступаюць у сілу важныя змены, якія закрануць фінансы і не толькі. Расказваем, якія навацыі прынясе першы летні месяц.
Мяняюцца тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі
З 1 чэрвеня бягучага года у нашай краіне пачнецца другі этап павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі. Зменяцца кошты на гарачую ваду і ацяпленне. Плацёж вырасце не вельмі прыкметна. Таксама зменіцца кошт электраэнергіі для патрэб ацяплення.

Такім чынам, тарыфы на цеплаэнергію з першага летняга месяца вырастуць на 7,3% — 29,2224 рубля за 1 Гкал. У сярэднім плацёж стане большы на 3,12 рубля, 2,6 рубля з якіх давядзецца на ацяпленне, а 0,53 рубля — на гарачае водазабеспячэнне. Таксама з чэрвеня павысіцца тарыф на электраэнергію. Кошт вырасце таксама на 7,3 % — да 0,0487 рубля за 1 квт/г. За 1000 квт/г у маі трэба было заплаціць 45,4 рубля, а ў чэрвені за аналагічны аб’ём спажывання аплата павялічыцца да 48,7 рубля.
З’явіцца новая купюра
З 1 чэрвеня 2026 года ў Беларусі ў абарачэнне паступіць абноўленая банкнота наміналам 200 рублёў. Як паведамілі ў Нацыянальным банку, выпуск новай купюры стане часткай планавага абнаўлення грашовых знакаў узору 2009 года. Асноўная мэта — узмацненне абароны банкнот і паступовая замена зношаных грашовых купюр.
Адзначым, што мадэрнізацыя банкнот праводзіцца паэтапна. Раней ужо былі абноўлены купюры наміналам 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў. Цяпер чарга дайшла і да банкноты 200 рублёў. Новая купюра захавае сваё значэнне і застанецца законным плацежным сродкам на тэрыторыі Беларусі. Старыя банкноты таксама прадоўжаць прымаць да аплаты, аднак з часам іх будуць паступова забіраць з абарачэння па меры зносу.
Зніжаецца стаўка рэфінансавання
Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне знізіць стаўку рэфінансавання да 9,25 працэнта гадавых з 1 чэрвеня. Кіраўніцтва фінансавай арганізацыі зацвердзіла памяншэнне стаўкі рэфінансавання і стаўкі па крэдыце овернайт на 50 базісных пунктаў. З пачатку чэрвеня 2026 года гэтыя паказчыкі зафіксуюцца на адзнаках 9,25 працэнта і 10,75 працэнта гадавых адпаведна. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання адкрые шлях да патаннення банкаўскіх крэдытаў для бізнесу і насельніцтва. У той жа час стаўкі па дэпазітах таксама будуць змяншацца.

Экзамены для дзевяцікласнікаў і летнія канікулы
У нашай краіне ў перыяд з 1 па 10 чэрвеня адбудуцца выпускныя экзамены для навучэнцаў дзевятых класаў. Навучальны год для іх завершыцца 25 мая, пасля чаго пачнуцца перадэкзаменацыйныя кансультацыі. Пісьмовыя экзамены адбудуцца ў наступныя даты: 1 чэрвеня, 3 чэрвеня і 8 чэрвеня. У чэрвені ж пераважная большасць школьнікаў адправяцца на летнія канікулы і будуць адпачываць усё лета.
Новыя авіярэйсы
З 15 чэрвеня Мінск і Чабаксары звяжа прамы авіярэйс. Двойчы на тыдзень палёты будзе выконваць «Аэрафлот» — па панядзелках і чацвяргах. Гэты авіярэйс будзе запушчаны пры падтрымцы ўрада Чувашскай Рэспублікі.
Перамены ад Беларусбанка
У Беларусбанку з пачатку лета ўступаюць у сілу змяненні ў правілах абслугоўвання банкаўскіх картак. Яны накіраваны на зніжэнне рызык махлярства і павышэнне бяспекі аперацый.
Кожны кліент з 1 чэрвеня мае права аформіць толькі адну картку кожнага тыпу — уключаючы банкаўскія карты, карты сеткі «Магніт» і карты растэрміноўкі «Магніт», а таксама клубныя карты. У банку ўдакладнілі, што правіла дзейнічае незалежна ад формы выпуску карты (пластыкавай або віртуальнай) і валюты рахунка. Выпусціць такую ж картку паўторна можна будзе не раней, чым за тры месяцы да заканчэння тэрміну яе дзеяння.
Кліенты захоўваюць магчымасць афармляць па адной карце кожнай пазіцыі з лінейкі прадуктаў «Белкарт» (уключаючы карты «Зебра», «Бархат», «#можновсе» і іншыя), а таксама карты плацежных сістэм Mastercard і Visa. Пры гэтым не дапускаецца афармленне дзвюх і больш ідэнтычных карт.
Акрамя таго, з 15 чэрвеня Беларусбанк уводзіць абмежаванні на аперацыі, ажыццёўленыя за адзін месяц. Для дэбетавых картак фізічных асоб агульная сума пераводаў на карткі замежных банкаў і аплат, у тым ліку ў інтэрнэце, за межамі Беларусі складзе да 89 тысяч рублёў; для карпаратыўных картак агульная сума аплат за межамі Беларусі, у тым ліку ў інтэрнэце, — да 899 тысяч рублёў. Адмена ліміту магчымая толькі для карпаратыўных картак.
Алена КРАВЕЦ