Для іх прадугледжаны заняткі па пачатковым тэхнічным мадэляванні. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» пабывала там, каб даведацца, як прывіваюць любоў да тэхнічных навук. Заняткі праходзяць на базе гімназіі № 5 імя У. С. Караткевіча г. Гродна.
Светлы кабінет, усё неабходнае для заняткаў на сталах: нажніцы, клей, пэндзлі і нарыхтоўка будучай мадэлі аўтобуса. Як расказала кіраўнік гуртка Наталія Рамашова, дзеці ствараюць ад лёгкіх мадэляў да складаных канструкцый з рухомымі элементамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі працуюць з каляровай паперай, кардонам і дадатковымі матэрыяламі. Навучэнцам вельмі падабаецца арыгамі, а таксама ствараць тэматычныя вырабы да свят.
Кіраўнік гуртка расказала, што пачатковае тэхнічнае мадэляванне — гэта базавая платформа, якая рыхтуе дзяцей да больш складаных відаў тэхнічнай творчасці. Яно развівае дробную маторыку, увагу і ўседлівасць, дае пачатковыя тэхнічныя веды. На думку педагога, важна вучыць дзяцей працаваць з паперай, нажніцамі і лінейкай — гэта спатрэбіцца ім у будучыні, станоўча ўплывае на агульнае развіццё. Акрамя таго, Наталія Рамашова да кожнага занятку робіць прэзентацыю з пазнавальнымі фактамі, якія адпавядаюць тэматыцы. Напрыклад, на гэты раз хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі мадэль гарадскога аўтобуса і паралельна змаглі пазнаёміцца з гісторыяй гэтага віду транспарту.
— Вельмі важна адцягнуць дзіця ад гаджэтаў. Усе дзеці таленавітыя. Я як педагог павінна знайсці талент менавіта да тэхнічнай творчасці. І калі правільна падаць інфармацыю, хлапчукам і дзяўчынкам будзе цікава.
У гімназіі № 5 гурткі пачатковага тэхнічнага мадэлявання карыстаюцца вялікай папулярнасцю. У іх займаюцца 50 вучняў. Я вельмі люблю сваю работу і аддала дадатковай адукацыі больш за 30 гадоў, і ні разу не было думкі пакінуць гэтую сферу. Праца з дзецьмі вельмі цікавая, проста да кожнага трэба знайсці падыход, — расказала Наталія Рамашова.
І сапраўды, дзеці былі засяроджаны на занятку. З вялікай цікавасцю слухалі, адказвалі на пытанні педагога. З не меншым задавальненнем працавалі над мадэллю аўтобуса.
Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Тэрэза Серахан, педагогі імкнуцца захапляць дзяцей так, каб яны і далей займаліся тэхнічнай творчасцю. Усяго цяпер у цэнтры 1010 выхаванцаў, і больш за 500 з іх займаюцца пачатковым тэхнічным мадэляваннем.
— Абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці арганізавана правядзенне заняткаў на базе 17 школ і 4 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Гэта дае магчымасць дзецям з розных школ наведваць заняткі і развівацца ў галіне тэхнічнай творчасці. Цэнтр можа арганізаваць гурток тэхнічнага мадэлявання ў любой школе горада, калі на тое будуць падставы і жаданне вучняў і бацькоў, — расказала Тэрэза Серахан.
Было здорава паназіраць за тым, як дзеці займаюцца і ўважліва слухаюць. У такія моманты разумееш, што захапіць дзіця сапраўды можна. І, дарэчы, ні разу ні ад аднаго педагога я не чула негатыўных ацэнак у бок сучаснага пакалення. Усе кажуць, што яно іншае, так. Можа, недзе складаней знайсці падыход, але калі гэта ўдаецца, атрымліваецца выдатны тандэм педагога і вучня!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара