Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася на ўборачнуюў Ашмянскі раён і зазірнула ў КСУП «Гальшаны» — адну з найбуйнейшых гаспадарак рэгіёна, якая спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі.
«Перабежкамі», але без страт
У дзень майго візіту з надвор’ем пашанцавала. Сонца гасцінна разліло цяпло на палях, і камбайны плылі па залатых хвалях. Праца ішла да самага позняга вечара, бо трэба было лавіць момант, пакуль ізноў не пачаў ліць дождж.
Сёлета ўборка ідзе «перабежкамі», але аграрыі прыкладаюць усе намаганні, каб завяршыць жніво без страт. У выпадку з КСУП «Гальшаны» ад ураджайнасці залежыць вытворчасць мяса і малака — прадукцыя з палёў патрэбная ў жывёлагадоўлі. А пагалоўе ў гаспадарцы немаленькае.
— У нас у рэгіёне халадней, і жніво пачынаем крыху пазней, але тым не менш уборачная кампанія заўсёды праходзіць у штатным рэжыме, і мы аператыўна падладжваемся пад умовы надвор’я, — гаворыць дырэктар КСУП «Гальшаны» Міхаіл СКАРЖЫНСКІ. — На ўборцы задзейнічана дзевяць камбайнаў. Калі здараюцца нейкія паломкі, мы іх хутка ліквідуем — для гэтага ёсць усё неабходнае. Нам трэба карміць жывёлу. У нас тры малочнатаварныя комплексы. Дойны статак — 1850 галоў, сярэдні надой на адну карову — 30 літраў. Маем і адзін свінагадоўчы комплекс, у якім утрымоўваем 11 000 свіней. Таксама працуюць два цэхі — камбікормавы і рапсавы.
Вучыць і давяраць
У гаспадарцы пасеяна 600 га азімага рапсу. Гэта вялікая плошча, для разумення — на такой тэрыторыі магло змясціцца амаль 14 Ватыканаў. Яравога рапсу пасеяна
100 га, азімы ячмень займае 440 га. А на палях працуюць як вопытныя экіпажы, так і маладыя. Міхаіл Скаржынскі перакананы, што трэба вучыць моладзь і давяраць ёй нават вельмі адказную работу, бо ўсё прыходзіць з практыкай. І ў гаспадарцы гатовы вучыць.
Сёлета на палях працуе экіпаж, які складаецца з выпускнікоў Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Максім КУЛАК — ураджэнец Ашмянскага раёна. У гэтай гаспадарцы ён праходзіў практыку падчас навучання, і, калі тая падыходзіла да канца, вырашыў, што хоча тут працаваць:

— Я вырас у сельскай мясцовасці, і тэхніка мне заўсёды падабалася. Цягнула да гэтай справы, таму і пайшоў менавіта ў аграрны каледж. Калі прапанавалі сесці за руль камбайна, было вельмі хвалююча — усё ж праца адказная. Але вырашыў: раз кіраўніцтва прапанавала, значыць, бачыць ува мне патэнцыял. Спачатку было складана, аднак я хутка асвоіўся і з задавальненнем выходжу на працу!
Павел АСТРОЎСКІ скончыў той жа каледж, але вучыўся па мэтавым накіраванні, якое ён узяў у КСУП «Гальшаны», каб ужо падчас навучання ведаць, дзе будзе потым працаваць. А менавіта гэту гаспадарку абраў таму, што тут працуе яго брат, тлумачыць Павел:
— І не хацелася з’язджаць далёка ад дому. Мне падабаецца Ашмянскі раён, і я хачу працаваць на сваёй малой радзіме. У сельскую гаспадарку прыйшоў па шляху брата. Ён расказваў пра сваю працу, а мне заўсёды было цікава паслухаць, ды і да тэхнікі заўсёды цікавасць была. Праўда, калі вучыўся, не думаў, што мне адразу ў першы год давераць камбайн.
Хлопцы кажуць, што з задавальненнем далучацца да ўборачнай кампаніі і ў наступным годзе. Яны задаволены сваёй працай і лічаць, што вельмі ганарова выходзіць у поле. І з імі я цалкам згодная, паколькі вырасла ў вёсцы і заўсёды з захапленнем назірала за тэхнікай у палях.
У завяршэнні гутаркі Міхаіл Скаржынскі дадаў:
— Хлопцы вельмі добрыя. Ды і ў цэлым у нас цудоўная моладзь, проста трэба дапамагчы ёй раскрыцца. Было абсалютна не страшна даверыць ім тэхніку, быў упэўнены, што пад кіраўніцтвам старэйшых калег у іх усё атрымаецца!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара