У маладзёжным асяроддзі распаўсюджваецца сэлфхарм — паводзіны, пры якіх падлеткі наўмысна наносяць сабе фізічныя траўмы без мэты ўчыніць самагубства. Чым кіруюцца пры гэтым падлетак, які наносіць сабе пашкоджанні, і што рабіць бацькам у падобнай сітуацыі?
Што такое селфхарм?
Селфхарм — наўмыснае, усвядомленае прычыненне сабе якой-небудзь шкоды без суіцыдальных намераў. Выяўляцца гэта можа ў любых паводзінах, якія выклікаюць адчуванне болю ці дыскамфорту. Звычайна пры згадванні селфхарму адразу ўяўляюцца парэзы ў вобласці кісцяў ці перадплеччаў, але гэта далёка не адзіны спосаб сабе нашкодзіць. Акрамя парэзаў, якія могуць быць як на руках, так і на нагах, у вобласці шчыкалатак, сцёгнаў і на іншых частках цела, самапашкоджанне можа выяўляцца праз нанясенне сабе апёкаў, удараў, драпін, шчыпкоў, вырыванне валасоў, біццё аб цвёрдыя прадметы, абмежаванне сябе ў ежы, ужыванне алкаголю і наркотыкаў. Часам самапашкоджанне можа набываць такія формы, як займанне небяспечнымі відамі спорту, агрэсіўнае ваджэнне з трапленнем у ДТЗ і іншае. Такім чынам, паводзіны могуць быць любымі. Асноўны крытэрый у тым, што функцыя гэтых дзеянняў — свядомае прычыненне сабе шкоды.
Дарэчы, селфхарм — тэрмін, які прыйшоў да нас з англійскай (self-harm), і аналагічны нашаму «несуіцыдальнае членашкодніцтва». Ён дадаткова ўключае ў сябе і складаны, псіхалагічны тэрмін аўтаагрэсія (актыўнасць, нацэленая на прычыненне сабе шкоды ў фізічнай і псіхічнай сферах).
Селфхарм як пратэст
Адзін з нашых наймацнейшых прыродных інстынктаў — інстынкт самазахавання. Чаму ж дзеці пачынаюць рабіць нешта такое ненатуральнае — калечыць уласнае цела і прычыняць сабе боль?
Прычын мноства, і перш за ўсё, гэта цяжкасці эмацыянальнай рэгуляцыі. Гэтыя праблемы часта ўзнікаюць у перыяд палавога выспявання, калі маладыя людзі толькі вучацца разумець і кантраляваць свае эмоцыі і ў іх не заўсёды гэта атрымліваецца (у тым ліку за кошт змянення гарманальнага фону і выспявання кары галаўнога мозга). Але часам складанасці з кіраваннем эмоцыямі выяўляюцца не толькі ў сувязі з натуральнымі фізіялагічнымі працэсамі, але і з прычыны розных паталогій — напрыклад, пры пагранічным расстройстве асобы (дэпрэсіі, трывожнае расстройствы і інш.). Розныя ўнутраныя канфлікты, знешнія праблемы, псіхічнае напружанне, эмацыянальны зрыў прыводзяць да ўзнікнення пачуцця трывогі і дыскамфорту, з якімі падлетак спрабуе спраўляцца пасродкам нанясення сабе пашкоджанняў.
Чаму падлеткі выбіраюць самапашкоджанне?
Асноўны матыў выбару такога спосабу пераадолення негатыўных эмоцый заключаецца ў тым, што фізічны боль адцягвае ад унутранага напружання і прыносіць кароткачасовую палёгку. Аднак пасля фізічнага ўздзеяння, калі эмоцыі сыходзяць, узнікае пачуццё віны. Падлетак бачыць гэтыя самапарэзы, шрамы, пасля зноў з’яўляецца напружанне, трывога, негатыўныя перажыванні, дэпрэсія. І так па кругу.
Да чаго гэта прыводзіць?
На жаль, часам самапашкоджанні маюць даволі непрыемныя наступствы для здароўя і знешнасці. Парэзы могуць інфіцыравацца, запаляцца і гнаіцца, пакідаць шрамы. Больш за тое, нярэдка пашкоджанні наносяцца ў цяжкадаступных месцах (часта для таго, каб іх лягчэй было скрыць ад іншых людзей), што можа быць смяротна небяспечна, бо падлетак можа лёгка закрануць жыццёва важныя сасуды і нервы.
Акрамя таго, сэлфхарм падвяргаецца даволі моцнай стыгматызацыі ў грамадстве, асабліва ў параўнанні з маніпуляцыямі над уласнай знешнасцю (такімі, як пірсінг або нанясенне татуіровак) або пэўнымі рэлігійнымі і духоўнымі практыкамі (стаянне на цвіках, нашэнне вярыг), хоць і першае, і другое таксама звязана з атрыманнем балючых адчуванняў.
Як распазнаць?
Адна з важных прыкмет, на якую звяртаюць увагу спецыялісты, — пастаяннае закрыванне скуры адзеннем, нежаданне паказваць рукі, ногі ці жывот. Апроч фізічнай скрытасці, прыкметамі могуць стаць змены настрою, дэпрэсія, павышаная раздражняльнасць і агрэсія.
Медыкі раяць уважліва назіраць за дзіцем: з’яўленне драпін, слядоў апёкаў, сінякоў ці парэзаў павінна насцярожваць дарослых. Важна абмеркаваць праблему спакойна і адкрыта, імкнучыся зразумець матывы паводзін падлетка.
Звяртайце ўвагу на тое, у чым дзіця ходзіць дома, ці не паводзіць сябе дзіўна, ці не замыкаецца ў сабе. Можа, бацькі не заўважаюць парэз ці апёкі на сцёгнах, перадплеччах, на плячах, якія яны хаваюць пад штанамі і кофтамі з доўгім рукавом.

Чым дапамагчы?
Небяспека селфхарму ў тым, што ў падлетка зніжаецца якасць жыцця, пагаршаецца паспяховасць у школе, з-за шрамаў з’яўляецца нізкая самаацэнка, нелюбоў да сябе, і гэтыя праявы пераходзяць потым у дарослае жыццё.
Справіцца з такой з’явай самастойна дзіця не можа, таму бескарысна яго лаяць, забараняць штосьці, прасіць так не рабіць ці прапаноўваць нешта купіць. Гэта не дапаможа.
Лепш выбраць падыходны час і паспрабаваць з ім пагутарыць. Безацэначна, з павагай да яго асобы, максімальна карэктна. У размове варта выключыць катэгарычнасць, патрабавальнасць і ціск, бо ён якраз ад гэтага і «бяжыць». Пакажыце яму, што вы гатовы дапамагчы і падтрымаць.
Важна разабрацца ў прычынах такіх паводзін, навучыць дзіця экалагічным спосабам зняцця стрэсу, прапрацаваць праблемы, якія ў яго ёсць.
Самім бацькам неабходна змяніць паводзіны або ўстаноўкі ў адносінах да падлетка, палепшыць унутраны клімат у сям’і.
Пры агрэсіўнасці, імпульсіўнасці, некіравальнасці падлетка неабходна звярнуцца па дапамогу ўрача. Вядома ж, абавязковая і работа з падлеткавым псіхолагам, псіхатэрапеўтам.
Важна ведаць
Селфхарм не прыраўноўваецца да суіцыдальных паводзін і яго не варта расцэньваць як першы званочак на шляху да самагубства. Суіцыдальныя паводзіны накіраваны менавіта на тое, каб пакінуць жыццё; самапашкоджанне не мае такой мэты — наадварот, гэта спосаб (хоць і недасканалы) справіцца са сваім станам, каб працягваць жыць.