Сезон традыцыйных сельскагаспадарчых кірмашоў стартаваў у Мінску ў гэтыя выхадныя. Вытворцы з усёй Беларусі — ад фермерскіх гаспадарак да дзяржаўных прадпрыемстваў — прадстаўляюць шырокі асартымент якаснай, смачнай, свежай прадукцыі. Хатнія нарыхтоўкі, гародніна, садавіна, мяса, рыба, малако... Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што з прадстаўленага купляюць беларусы і пачым.
Асноўны асартымент прадстаўляе плодаагароднінная прадукцыя. На кірмашы каля Палаца спорту (ды і на іншых падобных, напрыклад на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны») цэны ніжэйшыя, чым на звычайных рынках.
Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама Алена НАГОРНАЯ, на рынку любы суб’ект для ўдзелу аплачвае гандлёвае месца, што можа ўплываць на кошт прадукцыі. На працягу кірмашу цана больш-менш выраўноўваецца. Падчас першых гадзін можна ўбачыць бульбу па 90 капеек за кілаграм. «Мы ўжо прааналізавалі цэны на іншых кірмашах — сярэдняя склала ад 1 да 2 рублёў. Тут жа ўсё таннейшае. Яблыкі па цане прыкладна ад 3 да 7 рублёў за кіло. Цана розная, кожная фізічная асоба вызначае кошт у залежнасці ад сорту», — дадала яна.
У параўнанні з крамамі выбар на карысць кірмашу відавочны. У найбліжэйшым супермаркеце яркая фіялетавая капуста каштуе 9 рублёў 30 капеек за кіло, а на кірмашы можна ўхапіць за 6. Баклажаны ў залежнасці ад сорту ў краме будуць каштаваць ад 5 да 9 рублёў за кілаграм, а на рынку можна адшукаць фермерскі грунтавы за 4,9. Фарш з ялавічыны ў супермаркеце — 22 рублі за кілаграм, а на кірмашы — 15 рублёў. Памідоры ў краме каштуюць ад 7 рублёў, на кірмашы — ад 3. Перац салодкі тут жа каштуе ад 5 рублёў, кабачкі — ад 2,9. Жывую рыбу можна набыць па 8 рублёў за кіло. Часнок пасадачны азімы — па 25 рублёў за кілаграм, цыбуля — ад 9 да 15 у залежнасці ад сорту.
- «Размаўляючы з нашымі фермерамі, з фізічнымі асобамі, якія прыязджаюць з усёй краіны, разумеем, што кожны знайшоў свайго пакупніка, — адзначыла Алена Нагорная. — У частцы цэнаўтварэння сёння для юрыдычных асоб дзейнічае пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 года № 713, якая абмяжоўвае іх у гандлёвай надбаўцы. 30 % — максімум, які можна прымяняць. Што датычыцца фізічных асоб, у рамках правядзення кірмашоў цэны не нашмат адрозніваюцца. Кошт на аднолькавы від прадукцыі ў розных гандлёвых пунктах будзе падобны».
У самым цэнтры беларускай сталіцы (на праспекце Пераможцаў, 4) 20 і 21 верасня былі задзейнічаны 11 арганізацый спажывецкай кааперацыі з усіх рэгіёнаў. Агульная працягласць гандлёвых радоў кааператараў перавышала 80 метраў. Менавіта тут кірмаш будзе адкрыты для наведвальнікаў не кожныя выхадныя: яшчэ адзін раз у кастрычніку і ў лістападзе.
На гэтых выхадных людзей было даволі шмат з самай раніцы. 82-гадовы Павел Іванавіч кожны год чакае кірмаш з нецярпеннем. «Не было выпадку, каб я прапусціў кірмаш. Сядзець дома сумна, а тут шмат людзей, з якімі можна пагутарыць. У мяне ёсць свая дача, я многае вырошчваю: памідоры, перац і ўсё для баршчу. На кірмашы купляю тое, на што вока кіну. Зараз прайшоўся — журавіны вельмі спадабаліся. 9,5 рубля за кілаграм — прымальны кошт. Яшчэ хачу купіць свежую рыбу. Сёлета не садзіў капусту — планую пашукаць і яе», — адзначыў наведвальнік.
Наведвальніца Марыя вярталася дадому з кірмашу з даволі ўдалымі пакупкамі. Жанчына купіла ялавічыну па 12 рублёў за кілаграм, а таксама бульбу і яблыкі. «З набытага мяса планую зрабіць тушонку, а другі кавалачак пасушыць», — падзялілася яна планамі.
«Звязда» ўжо пісала, што для ветэранаў працы, людзей старэйшых за 80 гадоў і інвалідаў І і ІІ групы на кірмашы прапаноўваюць паслугу па бясплатнай дастаўцы агародніннай прадукцыі дадому. Гэта штогадовая акцыя БРСМ «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям». Аб тым, што яна карыстаецца попытам, сведчаць лічбы: толькі ў 2024 годзе прадукты даставілі больш за тысячу чалавек па ўсёй краіне. Куратар валанцёраў Ала МІХЕЕВА расказала, што для гэтага трэба запісаць прозвішча, імя чалавека і месца дастаўкі. Дапамогу гатовыя аказаць члены БРСМ — студэнты сталічных ВНУ.
Адна з іх — першакурсніца факультэта маркетынгу і лагістыкі БДЭУ Варвара ЯКІМАВА. Дзяўчына родам з Барысава, у сельскагаспадарчых кірмашах удзельнічае ўпершыню. З самай раніцы ўжо паспела зрабіць добрую справу: даставіла дзядулі гародніну да пад’езда. «Пакуль што вельмі задаволеная, што ўдзельнічаю ў такім мерапрыемстве. Калі ў наступным годзе прапануюць ізноў — пагаджуся».
Трэцякурсніца БДЭУ Валянціна ЦІТАВЕЦ валанцёрыць на кірмашах ужо не першы год. Дзяўчына адзначыла, што для пажылых людзей купіць тую ж бульбу тут зручней, чым у крамах: «Па-першае, бо ёсць мы, валанцёры, якія заўсёды гатовыя ажыццявіць дастаўку туды, дзе ёсць запыт. Па-другое, часта людзі прыходзяць у крму за нечым адным, а ў выніку набіраюць цэлы пакет. І калі для маладога чалавека данесці цяжкія сумкі па сілах, то для дзядулі ва ўзросце гэта праблематычна. А тут ён можа, напрыклад, купіць яшчэ моркву, цыбулю і іншую гародніну. Зручна, нядорага і цяжкую ношу цягаць самому не трэба!»
Яна ВАЛАСАЧ
фота аўтара