Маладзёжная палітыка — адзін з ключавых фактараў развіцця Беларусі. І маладыя людзі маюць магчымасць не проста актыўна дзяліцца сваімі меркаваннямі, але і ўдзельнічаюць у найважнейшых падзеях нашай краіны, ствараюць сучасныя праекты рознага кірунку, а таксама працягваюць місію захавання вялікага подзвігу нашага народа. На сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый расказалі пра знакавыя праекты, праграмы міжрэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню, якія спрыяюць выхаванню ў моладзі патрыятызму, дазваляюць узмацняць сувязі паміж равеснікамі і пакаленнямі.
Як адзначыла старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь» Галіна ГУЗОЎСКАЯ, у тэме захавання гістарычнай памяці і выхавання любові да родных мясцін сур’ёзную ролю сёння адыгрываюць канструктыўныя грамадскія аб’яднанні.
— Сёлета напярэдадні Дня Перамогі наша грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» і Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Гэта важны момант у міжнародным узаемадзеянні двух брацкіх народаў. На дадзены момант група дзяцей з Беларусі аздараўліваецца ў «Артэку». Для нас вельмі ганарова, што з’явілася магчымасць прадстаўляць рэспубліку ў такой усесаюзнай кузні творчых дзяцей. Найперш туды паехалі нашы актывісты, якія паспяхова заявілі аб сабе ў грамадскай дзейнасці. Гэта дзеці творчыя, адораныя. Яны прадстаўляюць сваю краіну, удзельнічаюць у розных рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтвах, конкурсах, праектах. І, мне здаецца, асабліва важна тое, што і ў «Артэку» яны расказваюць аднагодкам пра сваю Радзіму. Знаёмяць іх з магчымасцямі, якія ёсць тут для вучобы і развіцця, — дзеліцца Галіна Гузоўская. — Пятая змена там называецца «Гісторыя нашай Перамогі». І ў гэтым я якраз бачу асаблівы сімвалізм, таму што Перамога ў нас агульная. Менавіта яны — нашчадкі герояў. Нашы дзеці адвезлі з сабой у «Артэк» партрэты сваіх прадзедаў. І захоўваючы памяць пра іх, яны паказваюць сваю прыналежнасць да маладзёжнай палітыкі ў краіне.
Далучэнне маладых людзей да такіх праектаў дазваляе ім фарміраваць уласныя погляды на падзеі мінулага і ўсведамляць яго каштоўнасць. І тое, што наша дзяржава адкрытая ў тым ліку для ўзаемадзеяння з іншымі, каб разам выхоўваць моладзь на фундаментальных каштоўнасцях патрыятызму, любові да сваёй сям’і, малой Радзімы, краіны ў цэлым — дае маладым людзям імпульс для развіцця, матывуе іх актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці рэспублікі, дазваляе кожнаму быць пачутым.
— Патрыятычнае выхаванне заўсёды з’яўлялася і застанецца адным з важных кірункаў работы з моладдзю. Таму нам неабходна захаваць і перадаць гістарычную памяць і праўду. Пытанне «быць ці не быць» сёння не рытарычнае, — падтрымала калегу старшыня Заводскай раённай арганізацыі г. Мінска РГА «Белая Русь» Святлана ЛЯОНЕНКА. — Я хацела б прадставіць наш міжнародны патрыятычны праект «Вялікая перамога аб’ядноўвае народы», які існуе пяць гадоў. За гэты час мы правялі ў Беларусі каля сотні мерапрыемстваў, дзе было каля 25 тысяч удзельнікаў. Сярод іх вучнёўская, студэнцкая і працоўная моладзь, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны баявых дзеянняў, героі Беларусі і Расіі, грамадскія і палітычныя дзеячы, духавенства
Таксама выступоўца адзначыла, што ў рамках плённага супрацоўніцтва на міжнародным узроўні праводзяцца навуковыя форумы, навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, у ходзе якіх вялікая ўвага аддаецца захаванню гістарычнай памяці, духоўным каштоўнасцям, абаронцам Айчыны, бо ўсё гэта з’яўляецца асновай згуртаванасці ва ўмовах сучасных выклікаў. Сярод прыкладаў такіх мерапрыемстваў можна вылучыць рэспубліканскую акцыю «Вальс Перамогі», міжнародны культурна-асветніцкі праект «На подступах да Сталінграда», праект «Вялікая Перамога аб’ядноўвае народы» і іншыя.
У сваю чаргу начальнік аддзела па рабоце з працоўнай моладдзю ЦК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна САПОЦКАЯ расказала пра ўдзел нашай краіны ў Міжнародным фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні «Салдацкі канверт 2025». Ён прайшоў у Стаўрапалі (Расія).
— У Беларусі конкурс стартаваў яшчэ ў лютым і праводзіўся ў тры этапы: абласны, рэспубліканскі і непасрэдна міжнародны. У адрас арганізатараў паступіла парадку 400 заявак. Найлепшыя выйшлі ў фінал. На міжнародны этап конкурсу прыйшло каля 800 заявак, дзе для вочнага выступлення журы выбрала 13 выканаўцаў і 13 ансамбляў з Беларусі, Узбекістана, Грузіі, Арменіі і 15 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, — адзначыла Ганна Сапоцкая. — Па выніках конкурсу ў намінацыі «Салісты» краіну прадстаўляла Вольга Булай, якая стала лаўрэатам ІІ ступені, а ў намінацыі «Вакальныя ансамблі» — узорна-вакальная студыя «Эрыдан» заняла першае месца.
Галоўны спецыяліст аддзела па рабоце з працоўнай моладдзю Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Анастасія БАРЫТКО падзялілася з прысутнымі інфармацыяй, якія праекты, прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, БРСМ рэалізоўвае сёння ў інтэрнэт-прасторы. Аднаму з такіх старт далі якраз 9 Мая.
— Гэта рэспубліканскі праект «Да і пасля». Сутнасць яго заключаецца ў пошуку архіўных фота разбуранай мясцовасці, пачынаючы з 1941 года і да цяперашняга часу. І ў стварэнні фота параўнальнага характару ў тым жа месцы, дзе паказана, што сёння там адбываецца. Фотаработы размяшчаюцца ў асабістых профілях удзельнікаў праекта з указаннем хэштэгаў. Найлепшыя работы пасля афармляюцца ў тэматычную выстаўку, якая будзе прэзентавана падчас нашых мерапрыемстваў да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа 22 чэрвеня, — расказвае Анастасія Барытко
Ёсць і іншыя праекты, якія БРСМ рэалізоўвае ў інтэрнэце. Напрыклад, Міжнародны інтэрактыўны гісторыка-патрыятычны праект «Лічбавая зорка». Запусцілі яго ў 2022-м у Год гістарычнай памяці. Быў створаны сайт, на якім тэрытарыяльныя камітэты БРСМ займаюцца алічбоўваннем інфармацыі пра памятныя мясціны. Пасля там з’яўляюцца таблічкі з QR-кодамі, якія дазваляюць перайсці на сайт і даведацца больш падрабязна пра пэўны аб’ект. За час праекта алічбавана інфармацыя пра больш як 2800 памятных мясцін. Сёлета да гэтай ініцыятывы далучылася Данецкая Народная Рэспубліка. Арганізатары спадзяюцца, што праект працягне і далей расці тэрытарыяльна. А значыць, прадоўжыцца важная работа...