Top.Mail.Ru

Што дапамагае аграрыям вытрымліваць тэмп уборачнай?

Лета — гарачая пара для аграрыяў. З пачаткам жніва на палях кіпіць работа, ад якой залежаць і харчовая бяспека краіны, і фінансавая стабільнасць саміх сельгаспрадпрыемстваў. Аб тым, як праходзіць бадай самы важны этап сялянскай працы, што дапамагае своечасова ўбраць вырашчанае, а потым і зберагчы ўраджай, даведаліся на месцы.


Адказнасць і працавітасць

На палетках агракамбіната «Ждановічы», нягледзячы на капрызы надвор’я, уборачная кампанія разгарнулася на поўную сілу. Як паведаміў начальнік вытворчасці прадукцыі адкрытага грунту Сяргей Ржэўцкі, сёлета работы пачаліся пазней, чым звычайна. «Калі летась уборка стартавала ўжо 4 ліпеня, то ў гэтым годзе — амаль на два тыдні пазней. Падвяло прахалоднае надвор’е і працяглыя ападкі, гэта замарудзіла вегетацыю і паспяванне культур», — адзначыў ён.

На сёння да ўборкі гатовы толькі азімы ячмень, пад які адведзена 550 гектараў. У бліжэйшыя тры дні плануецца прыбраць яго цалкам і без затрымак перайсці да яравога ячменю і азімага рапсу. У поле штодня выходзяць 20 камбайнаў, і столькі ж тэхнікі працуе на адвозе збожжа. Механізатараў таксама 20 чалавек — па адным на кожны камбайн. Усе яны маюць значны вопыт работы, адказныя і працавітыя. 

Для дапрацоўкі і сушкі зерня ў гаспадарцы дзейнічаюць чатыры зернесушыльныя комплексы.

Па словах Сяргея Ржэўцкага, тэхнікі хапае, уся яна адрамантавана перад пачаткам сезона. Вядома, ад дробных паломак ніхто не застрахаваны, на гэты выпадак ёсць дзяжурная машына з неабходным абсталяваннем — зварачным апаратам, прыстасаваннямі для рэзкі металу і іншымі інструментамі. «Як толькі з’яўляюцца праблемы, адказны звязваецца з дзяжурнай службай, і рамонт выконваецца аператыўна, на месцы», — удакладніў спецыяліст.

У поле — з першым сонцам

Працоўны дзень на ўборцы — гэта не проста тэхніка і графік. Гэта вытрымка, дакладны разлік і залежнасць ад непрадказальнага надвор’я. З самага ранку, калі на каласах яшчэ ляжыць раса, механізатары выходзяць у поле. Пакуль яно вільготнае, рыхтуюць тэхніку: правяраюць, устараняюць дробныя няспраўнасці.

Дубень.jpg

Механізатар Сяргей Дубень

«Убіраем азімы ячмень, — расказвае механізатар Сяргей Дубень. — Пакуль раса — абслугоўваем камбайны. Калі нешта зламалася, адразу рамантуем, каб не згубіць ні хвіліны, калі можна будзе выйсці ў поле». Хоць надвор’е і ўносіць свае карэктывы, камбайнеры імкнуцца не губляць тэмп: «Як толькі „прасвет“ — адразу пачынаем жаць, — адзначае другі камбайнер Віктар Стэльмах. — І працуем, што называецца „да ўпора“. Бо па-іншаму нельга, такая пара». Яўгеній Кавалеўскі, таксама камбайнер, падзяліўся сваімі думкамі наконт тэхнікі, якая працуе ў полі. Дарэчы, трэба зазначыць, што тэхнічны парк прадпрыемства ўражвае сваёй сучаснасцю. «Таму сёння асаблівых інавацый не выкарыстоўваем, бо патрэбы ў гэтым няма — маем дастаткова сучасную тэхніку, якая цалкам адпавядае нашым задачам», — дадаў ён.

Стельмах.jpg

Камбайнер Віктар Стэльмах

А іх у механізатараў нямала, таму і навучыліся яны хутка пераключацца з адной на другую ў залежнасці ад сезона і патрэб гаспадаркі. «Калі бачым, што праз тыдзень-два поле будзе гатовае — пачынаем падрыхтоўку тэхнікі, — тлумачыць Віктар Стэльмах. — Нас здымаюць з іншых работ, каб збожжа не прапала, не асыпалася».

Жніво ідзе, у агракамбінаце ўбрана больш за 80 % ад запланаванай плошчы азімага ячменю. Сярэдняя ўраджайнасць — 65,5 цэнтнера 

з гектара. Тэмпы жніва вытрымліваюцца, арганізацыя работ — на належным узроўні, тэхніка не падводзіць, людзі ў полі — прафесіяналы. А значыць — будзем з хлебам!

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю