Top.Mail.Ru
59

Што чакаць ад надвор'я ў першай дэкадзе?

У першыя дні красавіка ў нас ужо традыцыйна не самае «далікатнае» надвор’е. Як расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у гэтыя дні магчымыя ападкі ў змешанай форме, а ўначы галалёд.



У пятніцу ў паўднёва-ўсходніх раёнах адаб’ецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Вецер паўночны, паўночна-заходні ўмераны. Максімальная тэмпература днём складзе ад плюс 12 да плюс 18 градусаў. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.

Дастаткова сур’ёзныя змены адбудуцца ўжо ў суботу. У гэтыя суткі ноччу наша краіна будзе знаходзіцца ў асноўным у зоне павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравана ў халоднай паветранай масе. Толькі па поўначы краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту. Таму раніцай і днём на тэрыторыю Беларусі чакаецца ссоўванне сістэмы франтоў з Балтыйскага мора. Воблачна з праясненнямі. Ноччу па поўначы краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Месцамі чакаецца слабы галалёд, а днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, ноччу месцамі, днём у многіх раёнах парывісты, днём месцамі моцны парывісты. 

Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 2 да плюс 4 °С, па паўднёвым усходзе краіны да плюс 6 °С. Днём будзе крыху цяплей, максімальная тэмпература ад плюс 7 °С па поўначы да плюс 16 °С па паўднёвым усходзе краіны.

І ў нядзелю ўначы захаваецца ўплыў франтальнай сістэмы, якая ссоўваецца на еўрапейскую частку Расіі. Днём надвор’е будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі па паўночным усходзе рэспублікі адаб’ецца ўплыў няўстойлівых паветраных мас. Воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, днём у асобных раёнах па паўночным усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, а ўначы магчымы мокры снег. Вецер заходняй чвэрці парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 1 да плюс 6 °С. Максімальная днём — ад плюс 8 да плюс 15 °С, а па захадзе краіны паветра прагрэецца да плюс 17 °С.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю