Top.Mail.Ru
295

Што будзе, калі кітайскага Лабубу накарміць беларускай бульбай? Разбіраліся ў тэме

Незвычайны эксперымент у Беларусі ўжо правялі. У Мінску на заводзе «Амкадор-Белвар» такім чынам нарадзіўся новы монстрык — Лабубульба. Расказала «Мінская праўда»


У аддзеле маркетынгу прадпрыемства аматара бульбы называюць ласкава «Лабубяня» і адзначаюць, што ідэя стварэння новага трэнду — вынік работы калектыўнага розуму.

Чароўная бірулька ў выглядзе Лабубульбы ўжо набірае прагляды і лайкі, каментарыі ў сетках TikTok і Instagram, падарожнічае на заплечніках і сумках беларусаў.

Што ж гэта за цуда-юда такое?


Сакрэты незвычайнага сувеніра нам раскрыла маркетолаг ААТ «Амкадор-Белвар» Вольга Любая. Прозвішча ў нашай суразмоўніцы, як няцяжка заўважыць, сапраўды беларускае. І магчыма ў гэтым і крыецца адзін з фактараў поспеху новай версіі трэндавага монстрыка з нацыянальным каларытам.

— Мы ўзялі актуальную, модную тэму і максімальна адаптавалі яе да нашай лакальнай гісторыі. І пры гэтым хочам падкрэсліць, што беларускага монстрыка нельга назваць копіяй кітайскага Лабубы. У ім больш акцэнту на Беларусь, на нашу аўтэнтычнасць. І таму мы спадзяёмся, што творчая задумка будзе маштабавацца і развівацца, — расказвае спецыяліст.

Больш, чым проста бірулька: філасофія Лабубульбы


Лабубульба — гэта не проста пацешны аксэсуар. Стваральнікі ўклалі ў кожную дэталь сэнсавую нагрузку. Бульба — сімвал беларускай зямлі і шчодрасці. Васілёк — нацыянальная кветка. А лагодная зубастая ўсмешка Лабубульбы дорыць пазітыў.

— У чырвона-зялёнай палітры адзення — і ў шапачцы, і ў касцюме — на ўзроўні падсвядомасці таксама зашыфраваныя беларускія матывы, — падкрэслівае Вольга Любая.

Ці ёсць у беларускага монстрыка сваякі?


Даведаліся, што родных у яго няма, і што Лабубульба выпушчаны ў свет беларускім вытворцам пакуль толькі ў выглядзе бірулькі. Хоць ён мог быць яшчэ і ў выглядзе значка, паколькі прадпрыемства выпускае і такую сувенірную прадукцыю.

— Мы ўлічылі, што бірулька — больш універсальны варыянт. Ён цяпер выкарыстоўваецца не толькі як аксэсуар для ключоў, але і стыльная падвеска для заплечніка, сумкі — для ўсяго, на што хопіць фантазіі, — падкрэсліла маркетолаг.

Задалі мы пытанне і аб мэтавай аўдыторыі, на якую разлічаны зубасты і ўсмешлівы аматар бульбы. Адказ быў такім:

— Ні ўзроставых, ні якіх-небудзь іншых рамак няма. Лабубульба можа спадабацца дзецям, якія носяць заплечнікі ў школу і любяць дзяліцца з сябрамі аксэсуарамі. Выдатна падыдзе і для моладзі, юных моднікаў, якія ўпрыгожваюць сумкі рознымі падвескамі. І нават старэйшаму пакаленню, якое неабыякава ставіцца да мілых персанажаў.

Ад ідэі да рэалізацыі


— Мы пачалі «нараджаць» нашага Лабубульбу, калі яшчэ было цёпла і лісце было зялёнае, — адзначыла Вольга Любая. — Кожную дэталь абдумвалі і вырашалі, як лепш зрабіць. Выраблялі тэставыя ўзоры. У выніку прыйшлі да таго рашэння, якое вы цяпер бачыце. Беларускі монстрык выраблены з латуні і пакрыты эмаллю. На яго з’яўленне на свет пайшло парадку двух месяцаў.

— Дык ён зусім яшчэ малы? — не ўтрымаліся ад пытання.

— Так, наша «Лабубяня» — нованароджаны. З’явілася на свет у пачатку кастрычніка. І таму, як хутка ён набірае папулярнасць, можна толькі пазайздросціць. Шчыра, мы самі ў прыемным шоку.

Куды бегчы па Лабубульбу?


Сёння Лабубульбу можна знайсці на сайце Giftlab.by. У сацыяльных сетках беларускага вытворцы ролік з беларускім трэндавым монстрыком паспеў ужо нарабіць шуму.

Так што калі вы прыхільнік звычайнага Лабубу, які адмаўляецца чамусьці есці бульбу і ператварацца ў Лабубульбу, а мець дачыненне да новага трэнду з беларускім каларытам жаданне ёсць, — яўкі і паролі, дзе яго знайсці, мы вам падказалі. І хто яго ведае, магчыма, менавіта гэтая бульбяная бірулька стане вашым новым талісманам?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю