Падвядзенне вынікаў аператыўна-службовай і іншай дзейнасці органаў пагранічнай службы за мінулы год і ўдакладненне прыярытэтных сёлетніх задач сталі цэнтральнай тэмай пашыранага пасяджэння калегіі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які ўзяў удзел у рабоце калегіі, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца складанай, працягваецца павелічэнне ваеннай прысутнасці краін НАТА каля нашых граніц. «У гэтых умовах адной з асноўных задач з’яўляецца адсочванне ваенна-палітычных працэсаў у прыгранічных раёнах сумежных краін, прагназаванне магчымых выклікаў і пагроз для нашай дзяржавы і адэкватнае рэагаванне на тэндэнцыі развіцця абстаноўкі ў пагранічнай прасторы. Задачы мінулага года органамі пагранічнай службы ў цэлым выкананы, шмат зроблена ў пытаннях павышэння эфектыўнасці аховы граніцы, стварэння матэрыяльнай базы, інжынернага абсталявання. Сёлета неабходна асноўную ўвагу аддаць нарошчванню інжынернай інфраструктуры і вайсковага кампанента, перш за ўсё на ўкраінскім напрамку, узмацненню існых і стварэнню новых пагранічных падраздзяленняў, актыўнаму аснашчэнню манеўраных груп сучаснай тэхнікай, а падраздзяленняў граніцы — беспілотнымі лятальнымі апаратамі рознага прызначэння і сродкамі барацьбы з імі», — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.
На фоне мілітарызацыі прыгранічча Літвы, Латвіі і Польшчы, бясконцага нарошчвання пагранічных загарод украінскім бокам, а таксама штучна стваральных перашкод у міжнародных зносінах у пунктах пропуску беларуская пагранслужба працягвала забяспечваць перасячэнне граніцы іншаземцамі ў бязвізавым парадку, правядзенне мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці аховы граніцы, аснашчэнне падраздзяленняў узбраеннем і тэхнікай, удасканаленне баявой падрыхтоўкі.
Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў падкрэсліў, што аднымі з галоўных задач ведамству пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы кіраўнік дзяржавы вызначыў: своечасова выявіць пагрозы, якія зыходзяць звонку Рэспублікі Беларусь, пастаянна ўдасканальвацца, забяспечыць гатоўнасць сіл і сродкаў выканаць задачы ў любых умовах абстаноўкі. У гэтых мэтах пры ахове дзяржаўнай граніцы органамі пагранслужбы падтрымліваецца цеснае ўзаемадзеянне з усімі сілавымі ведамствамі краіны.
Надзейнай абароне рубяжоў будзе садзейнічаць іх далейшае абсталяванне інтэлектуальнымі сістэмамі аховы і аўтаматызаванымі пастамі тэхнічнага назірання, разумнымі датчыкамі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Пагранічная бяспека на 2021–2025 гады». Эфектыўнасць абароны заклікана павысіць актыўнае прымяненне пілатаванай і беспілотнай авіяцыі. Сёлета ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы працягнецца актыўнае будаўніцтва новых комплексаў пагранічных застаў на беларуска-ўкраінскай граніцы. Падраздзяленні пагранічнага кантролю дааснасцяць сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, атрымае далейшае развіццё пагранічная інфраструктура ў пунктах пропуску.
Прыярытэтнымі задачамі для пагранічнага ведамства ў 2025 годзе будуць лічыцца таксама забеспячэнне гатоўнасці да спынення ўзброеных і іншых правакацый на дзяржаўнай граніцы, прадаўжэнне нарошчвання сістэмы сіл і сродкаў органаў пагранічнай службы, іх аснашчэнне сучасным узбраеннем і тэхнікай, удасканаленне баявой падрыхтоўкі.
У тэму
У рамках пасяджэння калегіі адзначаны пераможцы конкурсу «Найлепшае падраздзяленне (спецыяліст) органаў пагранічнай службы» па выніках 2024 года. Сярод воінскіх часцей найлепшай прызнана Гродзенская пагранічная група, якую ўзначальвае палкоўнік Аляксандр Давідзюк. У намінацыі «Найлепшая пагранічная камендатура» дыплом заваявала пагранкамендатура «Маларыта» Брэсцкай пагрангрупы, якой камандуе маёр Яўген Заяц. Званне найлепшай — у пагранічнай заставы «Хінічаў» Пінскага пагранатрада, яе начальнік — капітан Сяргей Ячны. Чарговы заслужаны дыплом найлепшай манеўранай групы зноў у гродзенскіх пагранічнікаў, яе ўзначальвае падпалкоўнік Юрый Дудка. Найлепшым у сваёй намінацыі стала аддзяленне пагранічнага кантролю «Варшаўскі мост» Брэсцкай пагрангрупы, якім кіруе маёр Дзмітрый Брыштэль.