Top.Mail.Ru

Што абмяркоўвалася падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў

Сярод пытанняў, вынесеных на разгляд Савета, — работа над законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці» і ход рэалізацыі рэкамендацый па выніках парламенцкіх слуханняў на тэму «Развіццё лічбавага права ў Рэспубліцы Беларусь». Таксама размова ішла аб правядзенні ў найбліжэйшы час шасці выязных пасяджэнняў пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў. Пастаўлена задача будаваць іх работу такім чынам, каб кожнае мерапрыемства мела канкрэтны практычны вынік.



Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, і лістапад, і снежань будуць насычанымі для дэпутацкага корпусу шматлікімі мерапрыемствамі. У прыватнасці, запланавана правядзенне двух пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў.

«На бягучай сесіі, за месяц з невялікім, прыняты 23 законапраекты, яшчэ 28 прапрацоўваюцца ў пастаянных камісіях, каля дзесяці з іх будуць разгледжаны на найбліжэйшым пасяджэнні, — канкрэтызаваў спікер. — Ключавая задача — разгляд бюджэтна-падатковага пакета дакументаў. 

У Палату прадстаўнікоў ужо паступілі законапраекты „Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год“, „Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання“. Чакаем унясення Закона „Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2026 год“. Гэтыя дакументы неабходна разглядаць комплексна».

У канцы месяца запланавана сумеснае пасяджэнне дзвюх палат Нацыянальнага сходу для заслухоўвання адказаў урада на пытанні парламентарыяў на тэму аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці.

Ігар Сергяенка праінфармаваў, што ў найбліжэйшы час пад кіраўніцтвам палат парламента будзе сфарміравана рабочая група, асноўнай задачай якой стане маніторынг і вырашэнне пытанняў садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю Віцебскай вобласці. Па яго словах, над гэтай задачай будзе працаваць уся дэпутацыя Віцебшчыны.

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ нагадала, што законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці» быў унесены Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў сёлета,18 кастрычніка.

«Законапраектам прадугледжваецца комплексная карэкціроўка законаў па выніках рэвізіі беларускага заканадаўства, якая была праведзена па даручэнні кіраўніка дзяржавы, — удакладніла дэпутат. — Большая частка палажэнняў законапраекта датычыцца ўдасканалення норм Закона „Аб нарматыўных прававых актах“, і гэта заканамерна, бо ён з’яўляецца свайго роду канстытуцыяй нарматворчага працэсу, таму датычыцца ўсіх, хто мае адносіны да нарматворчай дзейнасці, у тым ліку дэпутацкага корпуса».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падключыліся да работы над законапраектам загадзя, яшчэ на стадыі яго распрацоўкі. Практычна ўсе ўнесеныя парламентарыямі прапановы рэалізаваны ў законапраекце. Сярод іх, напрыклад, перадача функцый Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі па кантролі за рэалізацыяй заключных палажэнняў законапраектаў Палаце прадстаўнікоў.

«Гэта сур’ёзная дадатковая нагрузка, але ўзмацненне парламенцкага кантролю ў гэтай частцы будзе садзейнічаць больш эфектыўнай рэалізацыі задач, якія стаяць перад парламентам Беларусі ў сферы заканатворчасці, — адзначыла Марына Лянчэўская. — Акрамя таго, чакаецца паляпшэнне зваротнай сувязі паміж заканадаўчымі і выканаўчымі органамі дзяржаўнай улады пры прыняцці законаў. Мы разумеем, наколькі важная гэта работа, і гатовы да яе».

Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю