Top.Mail.Ru

Шматдзетная мама — пра сямейную дынастыю, тое, чым заняць дзяцей, і лекі ад старасці

Сямейны аркестр Пабедаш

Аксана Пабедаш — маці шасцярых дзяцей, бабуля двух унукаў і медык у чацвёртым пакаленні. Яна паспяхова спалучае выхаванне дачок і сыноў з дзвюма работамі — яна ўрач і вядзе прыём у дзвюх паліклініках. А яшчэ знаходзіць час на актыўную грамадскую дзейнасць — ужо чатыры гады жанчына ўзначальвае Асацыяцыю шматдзетных бацькоў Савецкага раёна сталіцы. Дзень Аксаны распісаны літаральна па хвілінах, аднак па-іншаму яна і не змагла б — менавіта дзеці прыносяць у жыццё насычанасць і шчасце, упэўнена ўладальніца ордэна Маці.

Таблетка ад старасці

Сям’ю з выбраннікам Віктарам (а маладыя людзі ведалі адно аднаго са школьнага ўзросту) яны стварылі 31 год таму — яшчэ падчас вучобы Аксаны ў медуніверсітэце. Праз год на свет з’явілася першая дачка Вікторыя. Сёння ёй 30 гадоў, яна пайшла па маміным шляху і звязала жыццё з медыцынай, атрымаўшы прафесію фармаколага. Сыну Уладзіславу ўжо 24. А вось астатнія чацвёра дзяцей — яшчэ школьнікі. Двайнятам Аняліне і Мікаліне па 12 гадоў, сыну Тамерлану — 11, а самай малодшай Сафіне — 9. Акрамя таго, Аксана — бабуля двух унукаў. У сям’і Вікторыі падрастае сын Марцем’ян, у сям’і Уладзіслава — Арсеній.


Аксана, якая сама вырасла ў шматдзетнай сям’і, кажа, што планавалі з мужам траіх дзяцей, але з нараджэннем двайнят адразу стала чацвёра.

— Старэйшы сын увесь час хацеў, каб у яго быў брат, і так з’явіўся Тамерлан. А самая маленькая, Сафіна, наша таблетачка ад старасці, як яна сябе называе. Па характары яна вельмі актыўная і задорная. Калі ў мужа дрэнны настрой, яна яму заўсёды кажа: «Тата, ну што ты сумуеш, я ж твая таблетачка ад старасці».

Сіла музыкі

Цікава, што ўсе шасцёра дзяцей у сям’і атрымалі ці атрымліваюць музычную адукацыю. Вікторыя скончыла музычную школу па класу домры. Уладзіслаў іграў на саксафоне, нягледзячы на тое, што прафесійна займаўся плаваннем. Двайняты Аняліна і Мікаліна таксама вучацца ў музычнай школе. Мікаліна іграе на скрыпцы, віаланчэлі і фартэпіяна, Аняліна — на флейце і цымбалах. Акрамя таго, Мікаліна займаецца конным спортам, а Аняліна — выступае ў фальклорным ансамблі «Сунічка», які шмат удзельнічае ў конкурсах і дабрачынных канцэртах. Тамерлан абраў кларнет, пры гэтым ён наведвае дзіцячую чыгунку. Сафіна ў музычнай школе іграе на фартэпіяна, а таксама шмат часу аддае танцам, наведвае гурток па маляванні і па прыкладзе старэйшага брата займаецца ў спартыўнай школе плаваннем.

Як змясціць дома такі музычны аркестр? Аксана кажа, што больш за ўсё дастаецца ёй з мужам, калі дзеці рыхтуюцца да акадэмічных здач і экзаменаў.

— Кожнага трэба паслухаць. А з кожным годам музычны твор становіцца ўсё даўжэй і даўжэй. Часам наш тата не вытрымлівае: «Я ўжо дзве гадзіны слухаю класіку, я больш не магу», — усміхаецца Аксана, дадаючы, што бацькі абавязкова наведваюць канцэрты ў музычнай школе ў кожнага з дзяцей.

Жыццё ў шчыльным графіку

Што датычыцца рэжыму дня самой шматдзетнай маці, то яна прызнаецца, што ў яе вельмі дакладны графік, дзе ўсё распісана. Аксана працуе ўрачом-рэабілітолагам у дзіцячай паліклініцы № 2 і ўрачом функцыянальнай дыягностыкі ў 1-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклініцы Цэнтральнага раёна г. Мінска. Пры гэтым звычайных бытавых клопатаў ніхто не адмяняў. Але ў мацярынстве і ёсць вялікая радасць жыцця.


— Часам я задумваюся, чым бы я займалася, калі б малодшых дзяцей не было? З іх з’яўленнем жыццё змянілася — стала больш насычаным і весялейшым. Мы пастаянна ў руху, яны не даюць нам сумаваць і старэць, — гаворыць Аксана. — Цяпер, калі дзеці падраслі і сталі менш хварэць, бяссонныя ночы ў мінулым, усё нашмат прасцей. Часам гартаеш фотаздымкі, дзе яны зусім маленькія, і здзіўляешся, адкуль у нас тады былі сілы.

У шматдзетнай матулі свой рэцэпт, як навучыць дзяцей самастойнасці.

— Надыходзіць верасень, я гляджу, якія ў каго з дзяцей гурткі. Саджу іх у машыну, мы едзем за аўтобусам і я паказваю: на гэтым прыпынку ты садзішся, раз прыпынак, два прыпынак, на трэцім выходзіш. Вось так дэманструю ім маршрут, яны запамінаюць і дабіраюцца потым самастойна, — дзеліцца Аксана.

Пры гэтым бытавыя клопаты, напрыклад, прыгатаваць абед на ўсю вялікую сям’ю, жыццё не абцяжарваюць.

— Магчыма, потым, калі ўсе дзеці разбягуцца, мне давядзецца каструлькі памерам паменш купіць. А цяпер гэта звыклая справа, — кажа Аксана.

Клопат дзяржавы

Падтрымкай для сям’і з’яўляецца і бясплатнае харчаванне дзяцей у школе, а таксама зніжка 50 % на аплату падручнікаў. А самай істотная мерай стала жыллёвая падтрымка. Кватэра, дзе сёння жыве сям’я, з’явілася ў Аксаны і Віктара даўно, яшчэ да таго, як яны сталі шматдзетнымі бацькамі. Аднак у главы сям’і была мара пра свой дом за горадам. Участак у Бараўлянах яны купілі шмат гадоў таму, але спачатку дом будаваўся не так хутка, як хацелася б. Калі нарадзіліся двайняты і сям’я атрымала статус шматдзетнай, з дапамогай крэдытавання ўдалося завяршыць будаўніцтва.


Пакуль малодшыя дзеці вучацца ў школе і ў іх шмат гурткоў, сям’я жыве ў кватэры. Але з часам, калі дзеці стануць самастойнымі, бацькі мяркуюць пераехаць за горад. Цяпер жа праводзяць у доме час на выхадных і летам — тут збіраюцца ўсе, у тым ліку і сем’і старэйшых дзяцей.

— Калі наш тата, напрыклад, захацеў прыгатаваць плоў у казане, то ўсё сямейства збіраецца, таму што дзеці гавораць, што самы смачны плоў у таты, — кажа суразмоўніца.

Адпачываць — актыўна!

Ужо дзесяць гадоў сям’я Пабедаш з’яўляецца членам Асацыяцыі шматдзетных бацькоў Савецкага раёна сталіцы, а з 2022 года Аксана ўзначальвае гэту арганізацыю. Асацыяцыя падтрымлівае шматдзетныя сем’і, акрамя таго, ладзіць шмат разнастайных мерапрыемстваў, цікавых дзецям. Сярод іх — бясплатныя паходы ў тэатры, музеі, спартыўныя мерапрыемствы.

— Летась ужо ў рамках тыдня бацькоўскай любові праходзіў першы фестываль шматдзетных сем’яў. Мы туды таксама патрапілі ад нашага раёна. Два дні спаборнічалі, я моцна перажывала, што мы дрэнна выступілі. Але атрымалася, што нават занялі другое месца па дартсе, яшчэ ў нечым — трэцяе месца. Муж жартаваў, што ў нашы 50 гадоў мы яшчэ можам з 30-гадовымі спаборнічаць, — дзеліцца Аксана.


Сярод захапленняў сям’і і сумесныя падарожжы. На навагоднія святы, напрыклад, ездзілі ў Маскву, бо дзеці марылі пабываць на Краснай плошчы, а глава сям’і збіраўся знайсці звесткі аб тым, дзе пахаваны яго дзядуля. У Беларусі разам з дзецьмі сям’я пабывала ва ўсіх знакавых мясцінах — у Брэсцкай крэпасці, на Лініі Сталіна, у Хатыні, на Кургане славы, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза. А ў Мірскім замку малодшая дачка Сафіна нават іграла на фартэпіяна падчас канцэрта.

Працягнуць дынастыю

У 2016 годзе Аксана Пабедаш была ўзнагароджана ордэнам Маці. Якія ж якасці найперш яна выхоўвае ў сваіх дзецях?

— Ведаеце, мой старэйшы сын аднойчы сказаў: «Мама, ты ж нас так выхавала, што мы ў любых умовах можам выжыць», — з усмешкай згадвае Аксана. — Напрыклад, калі ў музычную школу часам дзеці не жадаюць ісці па нейкіх прычынах, я заўсёды кажу: «Калі ты нейкую справу пачынаеш ці ставіш мэту, то трэба ісці да апошняга. Нам жа на працу таксама часам не хочацца ісці, але мы ідзём, так?» Яшчэ мая задача — каб яны абралі сабе тую прафесію, якая б ім падабалася, таму што праца павінна прыносіць задавальненне, — упэўнена жанчына.

Тут трэба сказаць, што сама Аксана абрала медыцыну невыпадкова. Медыкамі былі яе прабабуля і бабуля, урачом працавала маці, медуніверсітэт скончылі і тры родныя сястры Аксаны. Магчыма, сямейную дынастыю, акрамя старэйшай Вікторыі, працягнуць і малодшыя дзеці.

— Тамерлан, калі з ім заводзіш размову на гэту тэму, кажа, што, можа быць, ён бы стаў доктарам, — дзеліцца жанчына. — А малодшанькая Сафіна пакуль што хоча быць стаматолагам — добра, стаматолагаў у нашай сям’і яшчэ не было.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю