Падчас бенефіс-сустрэчы «Мы родам з вайны» ўспаміны землякоў зліліся ў агульны рэквіем-плач па адабраным дзяцінстве. Надзея Гурэнчык (Пшанічнік) нарадзілася 3 ліпеня 1941-га, у першы дзень акупацыі пасёлка Беразіно. Яе першымі словамі сталі «немцы», «хлеб» і «вайна». Лілію Аліфер (Бурымскую) разам з бацькамі немаўляткам вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Там яна засвойвала чужую мову, аж пакуль не ўбачыла чарнаскурага дзядзьку — вызваліцеля з арміі саюзнікаў, а ў цягніку пры вяртанні дамоў — двух савецкіх салдат-інвалідаў — бязногага і бязрукага, якія дапамагалі адзін аднаму.
Час не згладзіў з дзіцячай памяці эпізоды вызвалення пасёлка і родных вёсак ад фашысцкіх акупантаў: кветкі на запыленых савецкіх танках, калону вартых жалю палонных немцаў, смак салдацкай кашы і дзівоснай «аладкі з дзірачкамі» — пячэння, якога дагэтуль не каштавалі ні дарослыя, ні дзеці...
Дзякуючы ўспамінам Віктара Несцяровіча і Рыгора Баранава не засталіся па-за ўвагай вучоба ў пасляваенных школах з адным на ўсіх букваром, са старымі газетамі замест сшыткаў, з палатнянымі торбамі замест вучнёўскіх партфеляў, з класамі, у якіх замярзала чарніла (чорнае — з ягад крушыны, чырвонае — з буракоў), не кажучы ўжо пра дзіцячыя рукі.
Святлана Саскавец, Галіна Андрэенка (Няборская), Марыя Трубская, Надзея Жаўняровіч (Кошалева) успомнілі пасляваенныя кіламетровыя чэргі па хлеб, бахілы і галёшы (абутак, які рабілі з аўтамабільных пакрышак), падставу для найбольшага форсу — паліто, пашытае з салдацкай коўдры, ды найлепшыя ў той час ласункі-падарункі: шклянку цукру ад Дзеда Мароза, бачкавы морс, цукеркі-падушачкі, узнагароды бацькоў у якасці... цацак, бо дзецям жа трэба з нечым гуляць.
Кожны ўспамін — як маленькі штрышок да партрэта вайны з яе страшным звярыным тварам, як яшчэ адзін дадатковы патрон для стрэлу па бяспамяцтве.
Успаміны бярэзінскіх дзяцей вайны, падсвечаныя здымкамі тых часоў, былі аб’яднаны ўражальнай прагай да жыцця і гэткай жа надзеяй, каб нічога, нават трохі падобнага, ніколі не зведалі іх дзеці, унукі і праўнукі, каб цанілі мір на зямлі. Бенефіс-сустрэча ў бібліятэцы стала сімвалічным помнікам дзецям вайны, якія загінулі ці засталіся калекамі, якія з-за яе — дай бог, апошняй! — рана пайшлі з жыцця альбо зусім не з’явіліся на свет.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ
г. Беразіно