Да 100-годдзя знакамітага скульптара, графіка, жывапісца ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка «Мікалай Кандрацьеў. Гісторыя аднаго жыцця», якую можна наведаць да 17 жніўня (3-і і 4-ы выставачныя карпусы музея, вул. К. Маркса, 24).
Ураджэнец Алтайскага краю, выпускнік Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР прыехаў у Беларусь па запрашэнні сябра Уладзіміра Стэльмашонка і ніколі аб гэтым не шкадаваў. Маладосць Мікалая Кандрацьева прыйшлася на ваенныя гады, таму важнымі тэмамі яго творчасці сталі трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і моцны дух народа падчас аднаўлення краіны літаральна з руін.
Юбілейная выстаўка ахоплівае перыяд творчасці майстра з 1949 да 1997 года — ад студэнта мастацкага вучылішча, які падаваў вялікія надзеі, да сталага майстра, чыё імя брыльянтам упісалася ў гісторыю беларускага мастацтва.

Арганізатары праекта паставілі перад сабой мэту — адлюстраваць жыццёвы шлях майстра, акцэнтуючы ўвагу на раскрыцці асобы.
— Выстаўка атрымалася вельмі біяграфічная. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву музея з дачкой майстра Наталляй Мікалаеўнай наведвальнікі змогуць убачыць асабістыя рэчы мастака, акунуцца ў атмасферу творчага натхнення і зазірнуць у таямніцы душы вялікага талента. Калі мы рыхтуем падобныя праекты, прымеркаваныя да юбілеяў, мы імкнёмся адлюстраваць увесь творчы шлях мастака. На гэтай выстаўцы ў нас атрымалася і расказаць пра асноўныя тэмы творчасці Мікалая Кандрацьева, і перанесціся ў насычаную падзеямі эпоху, і, напэўна, у большай ступені паказаць асабістую гісторыю жыцця цудоўнага чалавека і таленавітага майстра, чыя творчасць не абмяжоўвалася традыцыйнымі скульптурай і жывапісам, — адзначыла на адкрыцці выстаўкі першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай міжнароднай асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна.І сапраўды, творчае партфоліа майстра здзіўляе разнастайнасцю форм і жанраў. У дзвюх залах размясціліся скульптурныя кампазіцыі, графічныя работы, пастэльныя і акварэльныя замалёўкі з падарожжаў, эскізы знакамітых манументальных работ, фотаздымкі, нататкі і асабістыя рэчы мастака з сямейна¬га архіва. Як чалавек, чые маладыя гады прайшлі пад гукі кулямётных чэргаў і выбухаў бомб, Мікалай Кандрацьеў імкнуўся да яркага і насычанага жыцця, дзе няма месца смутку: працаваў у скульптуры, займаўся графікай, пісаў вершы і эцюды, уключаўся ў грамадскую дзейнасць. І яго творы адлюстроўваюць шырокае кола інтарэсаў майстра і яго багаты жыццёвы вопыт. Тут і светлыя эмоцыі дзяцінства, і памяць пра перажытае на вайне, і філасофскія разважанні пра сэнс жыцця, і вечнае супраць¬стаянне дабра і зла. Здаецца, няма пытанняў, на якія не паспрабаваў бы адказаць мастак у сваіх творах.
Мікалай Кандрацьеў часта выязджаў за мяжу, і вынікамі такіх вандровак сталі шматлікія графічныя і скульптурныя серыі. Майстар не баяўся эксперыментаваць з формамі, тэхнікамі і матэрыяламі: ён шмат працаваў у камні, метале, дрэве, гліне, гіпсе.
— Дастаткова ўбачыць адну ра¬боту Мікалая Іванавіча — і адразу адчуваеш яго талент. Мне як скульптару вельмі прыемна бачыць разнастайнасць выбраных аўтарам матэрыялаў: тут і шамот, і бронза, і дрэва. Работы майстра з падарожжаў сапраўды зачароўваюць, а творы пецярбургскай школы і школы малюнка нікога не пакінуць абыякавым. І ўсе гэтыя эмоцыі гавораць нам, што чалавек, чыё 100-годдзе мы сёлета адзначаем, знаходзіўся каля вытокаў стварэння беларускай школы скульптуры. Яго імя і работы дагэтуль жывуць у нашых сэрцах і на вуліцах гарадоў, — падзяліўся скульптар Аляксандр Шаппо.Акрамя скульптурных і графічных кампазіцый на выстаўцы прадстаўлены і жывапісныя работы Мікалая Кандрацьева. Пастэль, акварэль, аловак, сангіна, вугаль, алей — любая тэхніка цікавіла творцу. Сярод выбраных мастаком жанраў можна сустрэць партрэт, бытавыя сцэны, батальныя эпізоды і пейзажы. На выстаўцы экспаніруюцца творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, з фондаў Беларускага саюза мастакоў і Музея Мінскага трактарнага завода, з калекцыі сям’і мастака. Дапаўняюць экспазіцыйную прастору прадметы інтэр’ера і дэкору са збору Музея гісторыі горада Мінска і сямейнага архіва.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара