У Мінску 10-гадовая дзяўчына аддала махлярам больш за $10 тыс. бацькоўскіх грошай. Аб гэтым БелТА паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
10-гадовай школьніцы на мабільны тэлефон пазванілі невядомыя. Яны назваліся работнікамі сотавай службы і паведамілі аб неабходнасці працягнення дагавору на аказанне паслуг. Паверыўшы суразмоўцам, школьніца сказала ім дату нараджэння, імя і код з СМС.
Праз колькі часу дзіцяці патэлефанавалі лжэправаахоўнікі. Яе напужалі тым, што ад яе імя праводзяцца незаконныя аперацыі. Аферысты пагражалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дзяўчыну і яе бацькоў і патрабавалі знайсці ў кватэры сямейныя накапленні і перадаць іх кур’еру «для дэкларавання». Школьніца зноў паверыла і перадала кур’еру больш за $10 тыс.
Па дадзеным факце супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС праводзяць праверку.
«Каб пазбегнуць падобных сітуацый, дзеці не павінны ведаць, дзе бацькі хаваюць сабраныя грошы. Рэгулярна расказвайце ім пра хітрыкі ашуканцаў. Калі хтосьці па тэлефоне пагражае ці патрабуе «задэклараваць» бацькоўскія зберажэнні, трэба тэрмінова пакласці трубку і паведаміць аб тым, што адбылося ў міліцыю», — падкрэслілі праваахоўнікі.