Неяк незаўважна падселi беларусы на крэдыты. Больш за палову ўжо абзавялося крэдытнымi дагаворамi. I пазычылi ўжо каля 40 мiльярдаў рублёў. Сярэднi крэдыт — 7,6 тысячы рублёў. Гэта эквiвалентна 3,3 сярэдняй намiнальнай заработнай платы. У прынцыпе, зусiм дробязь у параўнаннi з некаторымi iншымi краiнамi. Нямала амерыканцаў, ды i еўрапейцаў, ледзь не ўсё жыццё ў доўг жывуць. I нiчога, не памерлi. Бяруць у крамах усё, што захочацца тут i цяпер. I выдатна «ўпакаваныя». Праўда, усё жыццё даўгi аддаюць. Значыць, сiстэма працуе.
Мяркуючы па ўсiм, беларусы вырашылi да яе далучыцца. А можа дарэмна? У любой пазыкi ёсць вельмi непрыемная асаблiвасць: што вiнен — аддаць павiнен. Ды яшчэ i з працэнтамi. Часам са стаўкай, якая «плавае» i можа павялiчыцца ў самы непрыемны момант.
Нядаўна Нацыянальны банк сваiм валявым рашэннем вырашыў прытрымаць грамадзян ад апускання ў пазыковую кабалу i давёў банкам новыя ўстаноўкi: акцэнт зрабiць на iнвестыцыйныя праекты, а партфель спажывецкiх крэдытаў вельмi рэкамендавана не нарошчваць больш, чым 12 %.
Не буду спрачацца: крэдыт — штука прывабная. Толькi яго наяўнасць, ужо прабачце за шчырасць, сведчыць усё ж аб тым, што яго атрымальнiк не ўмее абыходзiцца з грашыма. Я не з’яўляюся прынцыповым ворагам пазык. Але iх трэба браць з розумам, з эканамiчным абгрунтаваннем i фiнансавай выгадай для сябе. Яшчэ можна зразумець крэдыт на аўтамабiлi цi нерухомасць. Вядома, давядзецца плацiць працэнты. Але, з iншага боку, прысутнiчае i эканомiя. Напрыклад, на тую самую арэнду жылля. Уласна кажучы, класiчны рынак нерухомасцi згасае, калi цана арэнды становiцца меншай, чым штомесячная плата па крэдыце за супастаўнае жыллё. Здараюцца нейкiя перыяды спекуляцый, але ў цэлым мэтазгоднасць увязвання ў доўгатэрмiновую пазыку ацэньваецца па гэтых суадносiнах. I яно мае пад сабой цалкам лагiчную аснову эканомнага i, калi заўгодна, скупога чалавека.
Але пазыкi на электронiку, бытавую тэхнiку i iншыя не фантастычна дарагiя рэчы — дзiўная з’ява. Калi людзям патрэбныя крэдыты на такiя тавары, то яны занадта вольна абыходзяцца з грашыма, не ўмеюць iмi карыстацца i зусiм не кантралююць свае фiнансавыя траты, дазваляючы сабе разбэшчанасць. Спасылкi на беднасць — iрацыянальнае апраўданне. Калi рэч не па кiшэнi, то адкуль возьмуцца сродкi аплацiць яе кошт, ды яшчэ з працэнтамi?! Калi падыходзiць з пункту гледжання фiнансавай адукаванасцi, то браць крэдыт увогуле немэтазгодна. А калi нейкi тавар вельмi хочацца, то трэба або больш працаваць, або больш эфектыўна расходаваць свой асабiсты бюджэт.
Вядома, быць ашчадным або марнатраўным, збiраць грошы цi рабiць даўгi — асабiстая справа кожнага. Спажывецкая дэмакратыя.
Але летась на жыллё банкi выдалi 3,9 мiльярда рублёў, а на спажывецкiя патрэбы — 12,9 мiльярда рублёў! Некаторыя так падселi на пазыкi, што ў фаст-фудзе i прадуктовай краме крэдыткамi i карткамi растэрмiноўкi расплачваюцца!
Зноў жа, нiхто не забараняе жыць па-гусарску. Тым больш, што грамадзяне нават вельмi дысцыплiнаваныя пазычальнiкi. Працэнт праблемных крэдытаў беспрэцэдэнтна невялiкi. Але ў марнатраўства ёсць i iншы бок медаля — макраэканамiчны. Каб камусьцi грошы даць, неабходна, каб хтосьцi гэтыя грошы банку даў. Iншымi словамi — паклаў на дэпазiт. Ашчадныя людзi ў краiне таксама не перавялiся. Беларусы захоўваюць каля 20 мiльярдаў рублёў на дэпазiтных рахунках. Быццам бы i нямала. Але больш чым удвая менш, чым бяруць у доўг.
А сёння такi ў эканомiцы момант, калi неабходна тэрмiнова перабудоўвацца на новыя рэйкi. I паспрабаваць не проста трансфармавацца, а зрабiць рывок. Нашым прадпрыемствам патрэбная мадэрнiзацыя, а для гэтага неабходны фiнансавыя рэсурсы. А банкаўскiя крэдыты — адна з традыцыйных iх крынiц. Удумлiвы чытач справядлiва засумняваецца: чаму для грамадзянiна крэдыт — знак безгаспадарчасцi, а для прадпрыемства?
Для бiзнесу пазыковы капiтал — зусiм нармальная з’ява. Вядома, калi грошы трацяцца не на лiмузiны кiраўнiкам, рамонт iх кабiнетаў i iншыя прадстаўнiчыя патрэбы, а на тэхналогii, абсталяванне, канструктарскiя работы i iншыя мерапрыемствы, якiя неабходныя для вытворчасцi i атрымання прыбытку. Крэдыт тады эфектыўны, калi ён выдаткоўваецца не на канчатковае спажыванне, а на вытворчасць. Тады грошы, нават пазыковыя, працуюць i прыносяць прыбытак. Галоўнае, каб выгады перавышалi банкаўскi працэнт. Несумненна, можна беражлiва збiраць з года ў год прыбытак i абыходзiцца ўвогуле без пазык.
У свеце камерцыi таксама можна жыць на ўласныя сродкi. Але вельмi рэдка так атрымлiваецца. Калi ёсць добрая iдэя, цудоўная, запатрабаваная прадукцыя, даводзiцца хутка расцi, каб заняць сваю долю рынку, забяспечыць максiмальны прыбытак. I рабiць гэта хутка: пакуль месца не занята канкурэнтамi. Уласныя сродкi далёка не заўсёды дазваляюць развiвацца iмклiва. Таму i мэтазгодна прыцягваць грошы з боку. Так, даводзiцца плацiць працэнты. Але выгада ад хуткасцi развiцця бiзнесу перавышае кошт фiнансавых рэсурсаў. У гэтым крыецца бiзнес-логiка: грошы павiнны працаваць. I эфектыўна працаваць. У адваротным выпадку крэдыты — зло для эканомiкi. Зрэшты, пад сумнеўны праект нiводны банк грошай не дасць.
Беларуская эканомiка даволi ўстойлiвая. Але не настолькi багатая, каб неэфектыўна выкарыстоўваць фiнансавыя сродкi. Прынамсi, у вялiкiх аб’ёмах трацiць iх на спажывецкiя забавы або амбiцыi. Сёння той момант, калi грошы як нiколi павiнны эфектыўна працаваць. Таму Нацыянальны банк сваiмi рашэннямi i iмкнецца пераразмеркаваць рэсурсы ў бок iнвестыцыйных пазык. Не, спажывецкiя крэдыты не падпадаюць пад забарону цi абмежаваннi. Але iх рост пастараюцца абмежаваць сёлета 12 працэнтамi. Што таксама нямала, улiчваючы, што ў мiнулым годзе яны выраслi на трэць. Да таго ж, за дужкi вынеслi крэдытаванне набыцця айчынных тавараў. Стымуляванне збыту сваёй прадукцыi — добрая гiсторыя для развiцця эканомiкi.
Калi казаць аб фiнансаваннi набыцця нерухомасцi, то Нацыянальны банк плануе арыентаваць рынак на падтрымку набыцця новага жылля. Логiка зразумелая: попыт на новабудоўлi стымулюе будаўнiчы сектар i яшчэ шмат iншых сумежных галiн. Продажы на другасным рынку нерухомасцi не ствараюць дабаўленай вартасцi: проста грошы з кiшэнi пакупнiка перамяшчаюцца ў кашалёк прадаўца. У гэтым выпадку грошы не працуюць.
Зыходзячы з гэтай логiкi, рашэннi Нацыянальнага банка накiраваны на павелiчэнне выдачы iнвестыцыйных крэдытаў на 16 % больш, чым у 2024 годзе.
Пакуль рашэннi толькi прыняты. Як яны будуць працаваць — будзем вывучаць.
Iнтэлект ШТУЧНЫ