Шэсць з дзевяці мэтавых паказчыкаў матрыцы задач урада выкананы па выніках 2025 года ў Магілёўскай вобласці. Пра гэта гаварылася на пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама, прысвечанаму вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, перадае БелТА.
Удзел у пасяджэнні прыняў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой.
Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, пазітыўным задзелам на будучае стала выкананне інвестыцыйнай праграмы. Рэгіён ужо некалькі гадоў расце тэмпамі звыш 110 працэнтаў. Інвестыцыі ажыццяўляюцца за кошт усіх крыніц, а тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў напрамую вызначае іх перспектывы.
Галоўнымі «вінаватымі» недавыканання ВРП сталі прамысловыя прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці, якія паказалі дынаміку вытворчасці на ўзроўні 91%. Пры гэтым прыватныя і камунальныя прадпрыемствы выканалі свае заданні.
«Па шэрагу рэспубліканскіх прадпрыемстваў існуюць цяжкасці. Яны ў першую чаргу звязаны з бягучым станам экспартных рынкаў, рынку Расійскай Федэрацыі, рынкаў шэрага іншых краін, дзе яны традыцыйна прысутнічалі. Таму сёння разглядаліся варыянты антыкрызісных праграм і дзеянняў кіраўніцтва гэтых арганізацый, маркетынгавых службаў, таму што, як адзначыў наш Прэзідэнт, у ваенны час — поўная мабілізацыя.

На пасяджэнні абмяркоўваліся антыкрызісныя праграмы і меры падтрымкі экспарцёраў. Фінансавыя інструменты і прэферэнцыі могуць быць прадастаўлены Банкам развіцця і Нацыянальным банкам пры дзвюх умовах: наяўнасці доўгатэрміновых экспартных кантрактаў са стабільным вяртаннем валютнай выручкі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з прапрацаванымі бізнес-планамі.
«Такіх магчымасцей для экспарцёраў, якія ёсць цяпер, у нас не было ніколі», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Таксама ён зазначыў, што экспарт застаецца прыярытэтам — з улікам адкрытасці эканомікі работа на знешніх рынках будзе ключавым элементам агульнага поспеху.
Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, валавы рэгіянальны прадукт не дацягнуў да ўзроўню папярэдняга года. Адмоўны ўплыў на выкананне паказчыка аказаў сектар прамысловасці. «Не выкананы паказчык па ўводзе жылля з дзяржпадтрымкай», — дадаў ён. Таксама рэгіён не дацягнуў да прагнозу па вытворчасці сельгаспрадукцыі ў арганізацыях.
Станоўчая дынаміка зафіксавана ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, аднак гэтага аказалася недастаткова для дасягнення агульнага паказчыка па АПК. Уласныя даходы бюджэту вобласці выраслі на 4 % у рэальным выражэнні і склалі 2,9 млрд бел. руб. пры агульным аб’ёме паступленняў 5,3 млрд бел. руб.
Ацэньваючы бягучую сітуацыю, кіраўнік рэгіёна паведаміў, што прамысловасць у студзені 2026 года дэманструе тэмп 93,2 %. «Нам неабходна пераламаць гэту сітуацыю. Патрабуюцца рашучыя, магчыма, кардынальныя і неардынарныя меры. Але вынік павінен быць», — падкрэсліў ён.
Анатоль Ісачанка звярнуў увагу на адказнасць кіраўнікоў: «Вынік залежыць ад кіраўніка і калектыву. Калі пачынаем апраўдвацца адгаворкамі замест працы - выніку не будзе. Шэраг раёнаў, уключаючы Крычаўскі, Краснапольскі і Магілёўскі, выканалі менш за палову сярэдніх паказчыкаў па вобласці».
У сувязі з гэтым падчас пасяджэння былі заслуханы даклады намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама іншых зацікаўленых асоб для дэталёвага аналізу эканамічных вынікаў 2025 года і выпрацоўкі мер па паляпшэнні паказчыкаў у гэтым годзе.