Top.Mail.Ru
138

Шэсць соцень вакансій для прадпрыемства, дзе працуе 14 тысяч чалавек, — лічба прымальная

Ці пагражае гіганту кадравы голад?

Пакуль адны карыстальнікі ТікТок перыядычна выкідаюць у сеціва скаргі на тое, што не могуць знайсці работу, іх «калегі» па каментарыях з канапы актыўна абмяркоўваюць тэму кадравага голаду. Віртуальныя крытыкі часта дзеляцца сваім бачаннем праблемы. Пішуць, што сёння запатрабаваны толькі добрыя спецыялісты, што праца каля станка павінна высока аплачвацца, што на добрыя вакансіі бяруць толькі па блаце.

Калі я натрапіла на пост пра няхватку кадраў на Мінскім трактарным заводзе, вырашыла «ўладкавацца» туды на работу, каб падказаць шукальнікам працоўнага месца, якія вакансіі можна шукаць не праз сацыяльныя сеткі.

«На сёння МТЗ прапануе каля 600 вакансій», — паведаміў начальнік упраўлення кадраў ААТ «Мінскі трактарнызавод» Ігар Варабей. Пры гэтым заўважыў, што гэта лічба не з’яўляецца сведчаннем якой-небудзь праблемы. Для такога буйнога прадпрыемства, дзе сёння працуе каля 14 тысяч чалавек, такая лічба прымальная. Старэйшыя работнікі сыходзяць на пенсію, моладзь — у армію, дзяўчаты — у дэкрэтны водпуск, хтосьці пераязджае. Акрамя таго, вялікі запыт звязаны з развіццём вытворчасці, выпускам разнастайнай прадукцыі. Так, сёння прадпрыемства нарошчвае вытворчасць энерганасычаных трактароў, і пад новую дзяржаўную задачу патрэбны людзі.

Прапановы вакансій ад МТЗ штомесяц могуць розніцца. Напрыклад, у гэты час запатрабаваныя шліфоўшчыкі, вадзіцелі-выпрабавальнікі, слесары механазварачных работ, токары, фрэзероўшчыкі, аператары-наладчыкі.

Трэба сказаць, што прадпрыемства не чакае, пакуль, як пішуць цік-токеры, «за плотам збярэцца чарга з тых, хто шукае вакансіі». Перспектыўных супрацоўнікаў пачынаюць адсочваць ужо са студэнцтва. За маладымі людзьмі, якія прыходзяць сюды на практыку, замацоўваюцца вопытныя спецыялісты, якія навучаюць, падказваюць і робяць усё магчымае для таго, каб моладзі захацелася прыйсці сюды працаваць. Праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа ў школах, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных установах. «Мы расказваем пра прадпрыемства, прывозім тэхніку, каб маладыя людзі ўбачылі сучасныя трактары, расказваем пра перавагі і пра тое, якія ёсць перспектывы ў нашых работнікаў», — падзяліўся Ігар Варабей. Развіваецца прамысловы турызм. Гэта таксама добрая магчымасць для маладых людзей убачыць завод, даведацца, як збіраецца трактар на галоўным канвееры, адчуць маштабы прадпрыемства.

На МТЗ знойдуць работу як кваліфікаваныя кадры (на такім буйным прадпрыемстве прапануецца шырокі спектр вакансій), так і работнікі, якія не маюць прафесійнай адукацыі. Тут гатовы прыняць нават выпускнікоў школ і за кошт прадпрыемства правесці іх навучанне.

Заробкі спецыялістаў залежаць ад кваліфікацыі і настрою самога работніка. Вядома, у чалавека, чые абавязкі не патрабуюць вялікіх фізічных нагрузак і асаблівых уменняў, як, напрыклад, у кладаўшчыкоў або транспарціроўшчыкаў, якія перавозяць вазочкі з пункта «А» у пункт «Б», заробкі будуць значна меншыя, чым у высокакваліфікаванага спецыяліста, у якога за плячыма салідны стаж.

Перавага буйнога прадпрыемства ў тым, што тут можна выбіраць працоўную «траекторыю», больш за тое, на заводзе гэта стала добрай практыкай. Напрыклад, токар можа звярнуцца з просьбай атрымаць прафесію слесара механазборачных работ, і кіраўніцтва МТЗ гатова ўзяць на сябе навучанне. Універсальнасць — гарантыя фінансавай стабільнасці работніка, яго мабільнасці. Напрыклад, калі прадпрыемства змяняе пэўны кірунак, запускае новую вытворчасць, аб’ёмы работы па адной спецыяльнасці могуць часова скараціцца, а па другой — наадварот, вырасці.

Калі работнікі маюць асаблівыя патрэбы, ім гатовы ісці насустрач. «Наша прадпрыемства — дзяржаўнае, і правы супрацоўнікаў у нас абараняюцца, дзейнічае прафсаюз, можна атрымаць кансультацыю юрыста, — расказвае Ігар Варабей, — няма прадузятага стаўлення да маладых мам. У нас вялікая вытворчасць і шырокі спектр кірункаў. Пры неабходнасці, напрыклад, калі работніку патрэбны час для догляду састарэлых бацькоў альбо для таго, каб забіраць і адводзіць малых у дзіцячы садок або школу, можна прадставіць адпаведныя дакументы і дамовіцца на змяшчэнне рабочага графіку (ці прыязджаць пазней, ці, наадварот, сыходзіць раней) альбо на скарочаны рэжым работы.

Шукальнікі вакансій, якія баяцца сутыкнуцца з «жорсткімі ўмовамі працы каля станка» на Мінскім трактарным заводзе, будуць прыемна ўражаны: на галоўным канвееры працаваць камфортна і зручна, стаяць шклопакеты, зроблены наліўныя падлогі, у цэхах цёпла, нават у гэту зіму, калі маразы апускаліся да мінус 25. Пераканацца ў гэтым можна нават падчас звычайнай прамысловай экскурсіі.

Сучаснаму пакаленню, якое задумваецца пра сваю будучыню, Ігар Варабей раіць не шукаць «лёгкі хлеб», ужо сёння рабочыя прафесіі высока запатрабаваныя, і з цягам часу попыт на «рабочыя рукі» будзе расці: "Беларусь — краіна з вялікай колькасцю прамысловых прадпрыемстваў, і ў топе заўсёды будуць такія прафесіі, як токар, фрэзероўшчык, слесар механазборачных работ, аператар станкоў з праграмным упраўленнем, наладчык станкоў, шліфоўшчык, электрагазасваршчык, каваль-штампоўшчык. Расце попыт на інжынераў: тэхнолагаў, канструктараў, механікаў, энергетыкаў. Любую прадукцыю трэба ўмець лічыць (патрэбныя будуць эканамісты, эканамісты па планаванні, бухгалтары) і прадаваць (заўсёды запатрабаваныя спецыялісты па маркетынгу, па мытным афармленні, юрысты, спецыялісты па кадрах).

Такім чынам, справа знойдзецца ўсім, хто сапраўды хоча працаваць. Але ж для гэтага давядзецца адарвацца ад сацыяльных сетак...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота з архіва прадпрыемства


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю