Top.Mail.Ru

Шэраг законапраектаў прыняты на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў

Прафілактыка правапарушэнняў, лізінгавая дзейнасць, пітное водазабеспячэнне

У першым чытанні былі прыняты праекты законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў, прамысловай бяспекі і перавозкі небяспечных грузаў. У другім чытанні — законапраекты «Аб лізінгавай дзейнасці», «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні», «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін».

«Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў». Праект закона падрыхтаваны ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы, дадзенага 27 лютага 2025 года, з улікам практыкі прымянення норм дзеючага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». У краіне ўдзяляецца сур’ёзная ўвага барацьбе са злачыннасцю, важным складнікам якой з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА. «Гэта дазваляе прадухіляць шкоду да яе ўзнікнення, устараняць прычыны супрацьпраўных паводзін, — дадаў спікер. — Меры па пераадоленні п’янства, папярэджанні цяжкіх гвалтоўных злачынстваў і сямейна-бытавых правапарушэнняў, якія прымаюцца кампетэнтнымі органамі, у цэлым даказваюць сваю эфектыўнасць».

Разам з тым у цяперашні час вядзецца работа па ўдасканаленні заканадаўчых падыходаў да правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у дачыненні да асобных катэгорый правапарушальнікаў. У прыватнасці, адна з галоўных навацый у прапанаваным праекце закона — дадаюцца дзве катэгорыі грамадзян, якія будуць ставіцца на прафілактычны ўлік, — гэта асобы, якія вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў (калі раней яны не былі ахоплены прафілактычным улікам), і асобы, якія асуджаныя да штрафу, але ў дачыненні да іх распачата выканаўчая вытворчасць, значыць, яны не выплачваюць гэтыя штрафы, патлумачыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар ПАШКОЎ.

Міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, прадстаўляючы парламентарыям праект закона, адзначыў, што таксама мяняюцца падыходы да пастаноўкі на ўлік так званых сямейных дэбашыраў. «Пастаноўка на ўлік хатніх скандалістаў будзе ажыццяўляцца за здзяйсненне двух правапарушэнняў на працягу аднаго года, незалежна ад таго, прыцягнута асоба да адміністрацыйнай адказнасці або справа спынена ў судзе ў сувязі з прымірэннем з пацярпелым».

Законапраектам таксама ўстанаўліваюцца крытэрыі для датэрміновага спынення прафілактычнага ўліку. Увогуле, удакладніў Іван Кубракоў, заканадаўчае замацаванне прапанаваных у праекце закона змяненняў дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць прафілактычнай работы, а таксама ўдасканаліць змест і накіраванасць карэкціруючага ўздзеяння на паводзіны і лад жыцця асобных катэгорый грамадзян.

Спікер Палаты прадстаўнікоў у сваю чаргу выказаў упэўненасць, што праект закона неабходны не толькі для ўдасканалення дзейнасці праваахоўных органаў, але і для забеспячэння бяспекі і спакою на вуліцах гарадоў і іншых населеных пунктаў нашай краіны. «Гэта катэгорыя (грамадзян. — „Зв.“) не адзінкавая, патрабуе павышанай увагі з боку органаў унутраных спраў», — канстатаваў Ігар Сергяенка. 

«Аб змяненні законаў па пытаннях прамысловай бяспекі». Законапраектам, прынятым у першым чытанні, як адзначыў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Аляксандр МІХНО, замацоўваюцца асаблівасці рэгулявання пытанняў прамысловай бяспекі на аб’ектах, якія належаць Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь, транспартным войскам, органам пагранічнай службы і органам дзяржаўнай бяспекі. «У сувязі з гэтым пашыраецца кампетэнцыя Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Камітэта дзяржаўнай бяспекі, — дадаў парламентарый. — Акрамя таго, на дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ўскладаецца абавязак па забеспячэнні прамысловай бяспекі ў падпарадкаваных ім арганізацыях, удакладняюцца выпадкі правядзення тэхнічнага дыягнаставання патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў і тэхнічных прылад. Дадзеная мера накіравана на забеспячэнне правядзення такога дыягнаставання толькі на аб’ектах, якія падпадаюць пад дзеянне патрабаванняў прамысловай бяспекі».

«Аб змяненні законаў па пытаннях перавозкі небяспечных грузаў». Праект закона, прыняты ў першым чытанні, устанаўлівае новую тэрміналогію. У прыватнасці, замацоўваецца тэрмін «здарэнне». Член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Сяргей ДАВЫДАЎ удакладніў, што прадугледжана яшчэ адна навацыя ў дакуменце, якая датычыцца бяспекі цыстэрнаў. У прыватнасці, узмацняецца кантроль за іх тэхнічным станам. «Таксама ўдакладняюцца паўнамоцтвы Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны з мэтай размеркавання дакладнай сістэмы адказнасці і каардынацыі паміж ведамствамі», — дадаў парламентарый. 

«Аб лізінгавай дзейнасці». Распрацоўка законапраекта, прынятага ў другім чытанні, абумоўлена неабходнасцю комплекснага рэгулявання адносін у сферы лізінгавай дзейнасці з улікам практыкі. Як адзначыў член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Аляксей РАЙКО, дакумент у цэлым рэгулюе лізінгавую дзейнасць у краіне. Адну з навацый чакае ўся лізінгавая супольнасць — гэта другасны лізінг. «Яшчэ адна навацыя прадугледжвае прадастаўленне ў лізінг жылых памяшканняў, — адзначыў парламентарый. — Дакументам вызначана, што ў склад аб’екта лізінгу можа ўваходзіць зямельны ўчастак, на якім размешчаны аднакватэрны жылы дом, або кватэра ў блакіраваным жылым доме».

«Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні». У другім чытанні быў адобраны праект закона, які закліканы ўзмацніць гарантыі забеспячэння насельніцтва якаснай, бяспечнай пітной вадой і падняць на ўзровень закона рэгуляванне адносін у сферы водаадвядзення, расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Сяргей КАЗАЧОК. Яшчэ адна навацыя — мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца правам прымаць рашэнні па вызначэнні арганізацый, якія ажыццяўляюць водазабеспячэнне і (або) водаадвядзенне на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. 

«Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады ў мэтах аператыўнага забеспячэння вадой канкрэтнай тэрыторыі ў выпадках спынення або абмежавання падачы вады могуць ажыццяўляць бурэнне часовых свідравін», — дапоўніў Сяргей Казачок.

«Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін». Прапанаваныя дакументам новаўвядзенні накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Аляксандр АМЕЛЬЯНЮК адзначыў, што праект закона даволі аб’ёмны, прадугледжвае ўнясенне змяненняў у 54 заканадаўчыя акты. Законапраектам прадугледжана ўдасканаленне прававога рэгулявання ў галіне дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў (удакладняюцца ўмовы іх ліквідацыі), палітычных партый (рэгламентуецца дзейнасць арганізацыйнага камітэта па стварэнні палітычнай партыі), адвакатаў (тэрмін, па заканчэнні якога асоба дапускаецца да пераздачы кваліфікацыйнага экзамену на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, скарачаецца з 6 да 3 месяцаў).

«У ходзе падрыхтоўкі да разгляду ў другім чытанні па ініцыятыве дэпутата Марыны Лянчэўскай законапраект быў дапоўнены нормамі, згодна з якімі для дзяржаўных службовых асоб устанаўліваецца магчымасць адкрываць рахункі ў замежных банках, у прыватнасці для атрымання грашовых сродкаў па выканаўчых дакументах, якія знаходзяцца на выкананні ў замежнай дзяржаве, а таксама для прыняцця спадчыны пры адкрыцці яго на тэрыторыі замежнай дзяржавы і распараджэння ім», — расказаў падрабязней аб некаторых навацыях парламентарый. 

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю