Па выніках першага паўгоддзя.
Па выніках першага паўгоддзя.
Сёлета ў першым паўгоддзі мегаполіс Шэньчжэнь, што ў правінцыі Гуандун (Паўднёвы Кітай), абагнаў Шанхай і заняў першае месца сярод кітайскіх гарадоў па знешнегандлёвым абароце, перадае «Сіньхуа».
Сярод прычын такога выніку — стымуляванне росту імпарту, аптымізацыя структуры экспарту, асваенне новых рынкаў і развіццё транснацыянальнай электроннай камерцыі. За шэсць месяцаў знешнегандлёвы абарот Шэньчжэня склаў 2,17 трлн юаняў. На яго долю прыпала прыкладна 10 працэнтаў агульнага аб’ёму знешняга гандлю Кітая. Знешнегандлёвы абарот Шанхая за гэты перыяд склаў 2,15 трлн юаняў.
У студзені-чэрвені экспарт высокатэхналагічных вырабаў Шэньчжэня вырас на 8 працэнтаў у гадавым вылічэнні, стаўшы галоўным драйверам забеспячэння стабільнага развіцця знешнегандлёвага сектара горада. Доля прадукцыі машынабудавання і электронікі ў агульным аб’ёме экспарту склала 74,9 працэнта.
Акрамя Шэньчжэня і Шанхая, у першай палове 2025 года ў дзясятку найбуйнейшых кітайскіх гарадоў па знешнегандлёвым абароце ўвайшлі таксама Пекін, Сучжоу, Дунгуань, Нінбо, Гуанчжоу, Цзіньхуа, Сямэнь і Цындаа. На долю гэтых дзесяці гарадоў прыпала палова ад агульнага аб’ёму знешняга гандлю Кітая за першае паўгоддзе.